У Расіі з-за вайны аштрафавалі «Вікіпедыю»
«Вікіпедыю» ў Расіі аштрафавалі на два мільёны рублёў з-за двух артыкулаў аб вайне. Паводле версіі суда, яны ўтрымліваюць «ілжывую інфармацыю». Але такіх судоў і штрафаў можа здарыцца яшчэ вельмі шмат.

Міравы суд
Таганскага раёна Масквы аштрафаваў на два мільёны рублёў праект Фонд Вікімедыя,
які кіруе анлайн-энцыклапедыяй «Вікіпедыя».
Штраф прызначаны па артыкуле аб невыдаленні забароненай інфармацыі. Суд адбыўся з-за двух артыкулаў у «Вікіпедыі», звязаных з вайной.
Адзін з рэдактараў «Вікіпедыі» паведаміў «Медузе», што прэтэнзіі ўзніклі да двух артыкулаў: «Негвалтоўны супраціў цывільнага насельніцтва Украіны ў ходзе ўварвання Расіі», «Ацэнкі ўварвання Расіі на Украіну (2022)».
Паводле версіі суда, у артыкулах змяшчалася «ілжывая інфармацыя аб спецаперацыі».
У сваю чаргу, выканаўчы дырэктар онлайн-энцыклапедыі Wikimedia.ru Станіслаў Казлоўскі заявіў, што на пастанову суда будзе пададзеная апеляцыя.
«У нас усё яшчэ ёсць дастаткова моцная працэсуальная юрыдычная пазіцыя, таму ў нас ёсць падставы меркаваць, што нам удасца адмяніць і гэты штраф, і накладзеныя ў красавіку», — сказаў Казлоўскі, маючы на ўвазе папярэднія штрафы на агульную суму 5 мільёнаў рублёў.

Паводле яго слоў, існуе рызыка павелічэння колькасці спраў супраць Wikimedia Foundation. Ён дадаў, што ў Вікіпедыі шмат артыкулаў пра расійскае ўварванне ва Украіну, а судовых спраў пакуль толькі тры.
Нагадаем, у красавіку суд ужо штрафаваў «Вікіпедыю» за адмову выдаліць усе артыкулы аб вайне, а таксама артыкулы пра порах, у якіх, на думку суда, змяшчалася інфармацыя пра спосаб вырабу выбухоўкі. Агульная сума штрафаў склала тады пяць мільёнаў рублёў.
А з ліпеня Раскамнагляд абавязаў пошукавыя сістэмы маркіраваць праекты Wikimedia Foundation як парушальніка расійскага заканадаўства.

Паводле meduza.io, korrespondent.net