Загадка юбілею БНР
Святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі выклікала інтарэс і за мяжой, дзе шмат хто разглядае юбілей у кантэксце больш глабальнай палітычнай стратэгіі. Прапануем кароткі агляд першых каментараў падзей 25 сакавіка 2018-га ў замежнай прэсе.
Чакана, што найбольшую цікавасць юбілей БНР выклікаў у
расійскіх і ўкраінскіх СМІ. Для Кіева і Масквы пазіцыя Мінска, якая вызначаецца
ўнутранымі працэсамі, вельмі важная — для фармату развязкі цяперашняга
расійска-ўкраінскага супрацьстаяння.
Магчыма таму на 100-ю гадавіну БНР адрэагаваў сам дырэктар украінскага МЗС Павел Клімкін. Яго тэкст, апублікаваны на сайце выдання «Украинская правда», дастаткова незвычайны. Напрыклад, аўтар агучвае такі тэзіс: «Думаю, што менавіта ўкраінскі прыклад натхніў беларускіх патрыётаў на стварэнне ўласнай дзяржавы». Клімкін таксама лічыць, што поспех праектаў БНР і УНР сто гадоў таму мог бы выратаваць свет ад Другой сусветнай вайны. Зрэшты, значна больш важнае для дыпламата тое, што беларусы і ўкраінцы ніводнага разу ў гісторыі не знаходзіліся ў стане канфлікту. Як вынік, сінергія абедзвюх краін, на яго думку, мае вялікі патэнцыял.
Вельмі папулярная ва Украіне думка пра тое, што беларуская кіруючая эліта таксама жадае пайсці шляхам Украіны, аднак робіць гэты манеўр не так дэманстратыўна. «Ключ да разгадкі паводзінаў даў сам Лукашэнка, калі заклікаў «не судзіць строга» дзеячаў БНР. Не трэба, сказаў ён, «гэта педаліраваць», не трэба «падстаўляцца, як Украіна», трэба «рабіць гэта без гвалту». Гэта значыць так, каб ніхто не здагадаўся. Асабліва самі разумееце хто. Партызанская хітрасць такая», — піша выданне «Пётр і Мазепа».
Расійская прэса, каментуючы гадавіну БНР, звяртае асноўную ўвагу на супярэчлівы курс Лукашэнкі, які, як лічаць аўтары падобных публікацый, будзе мець трагічны фінал для яго адміністрацыі. «Часы, аднак, мяняюцца, і вось ужо беларускі крэмень, Бацька Лукашэнка, празваны апошнім дыктатарам Еўропы, ўпадае ў Кучмаўскі маразм «шматвектарнай палітыкі», выехаўшы на шашу з аднабаковым рухам насустрач граблям Януковіча», — мяркуе крымскі «Политнавигатор».
У тым, што ўлада дазволіла канцэрт каля Опернага тэатру ў Мінску, некаторыя бачаць таксама эканамічны фактар. «Лукашэнка, які рэгулярна атрымлівае аплявухі ад расійскіх мытных і іншых службаў за занадта тоўсты паток крэветак і мідый з Беларускага мора, стараецца перанесці гандлёвыя разборкі ў палітычную плоскасць», — адзначае тое ж выданне.
Больш ліберальны «РосБалт» угледзеў у падзеях нейкую тонкую гульню ўлады з мэтай расколу апазіцыі і прыватызацыі брэнда «БНР». «Пасля чаго (25 сакавіка) канчаткова стала зразумела: ва ўсім, што было звязана з ключавым для беларускай апазіцыі юбілеем БНР, улада змагла перахапіць ініцыятыву і выкарыстоўваць гэтую супярэчлівую дату ва ўласных інтарэсах. Праўда, такая стратэгія можа мець непрадказальныя наступствы. Застаецца, праўда, адкрытым пытанне: як фактычнае прызнанне важнай ролі БНР паўплывае на саму ўладу, вымушаную тэрмінова пераглядаць афіцыйную ідэалогію», — піша «РосБалт».
Нарэшце некаторыя расійскія медыя спадзяюцца, што брутальны разгон на плошчы Якуба Коласа пахавае спробы Мінска пасябраваць з Захадам. Сайт «Фонд стратегической культуры» супакойвае аўдыторыю: «Ідылічнай карцінкі, што павінна паказаць Захаду лаяльнасць беларускіх уладаў да прыхільнікаў ідэі незалежнасці на манер БНР, у Дзень Волі не атрымалася. Ніякія крокі насустрач апазіцыянерам «у залік» кіраўніцтву РБ не пойдуць, нават калі на 101-я ўгодкі БНР будуць устаноўлены дзясяткі памятных знакаў і дазволеныя не толькі канцэрты, мітынгі і дранікі, але і шэсці, і што заўгодна».
Трэба прызнаць, што заходняя прэса сапраўды вельмі жорстка адрэагавала на арышты пратэстоўцаў. Так, брытанская «The Guardian», каментуючы нядзельны хапун, намякае, што афіцыйны Мінск, хаця і дазволіў урачыстасці, усё роўна застаўся верным сваім аўтарытарным забабонам. «Улады дазволілі святкаваць 100-я ўгодкі БНР у гэтым годзе, каб пазбегнуць новай вымовы з Брусэлю», — піша каментатар.