Ніна Багінская ў міліцыі чытала вершы і спявала «Чорная зграя топча Айчыну»
Пенсіянерку Ніну Багінскую трымалі ў міліцыі 9 гадзін, каб яна не трапіла на дазволенае ўладамі святкаванне 100-годдзя незалежнасці БНР, паведамляе "Радыё Свабода".

Спецназаўцы затрымліваюць Ніну Багінскую падчас Дня Волі ў Мінску 25 сакавіка 2017 года. Архіўнае фота "Радыё Свабода".
Актывістку з Мінску, 72-гадовую Ніну Багінскую, затрымалі 25 сакавіка каля 10-й раніцы каля дома, калі яна збіралася ісці ў офіс ТБМ на агульнанацыянальную дыктоўку, якая пачыналася аб 11-й, а потым на «Свята незалежнасці» ля Опернага тэатру. У руках яе была вуда для сцяга. Людзі ў цывільным пасадзілі Ніну Багінскую ў машыну і павезлі яе ў Першамайскае РУУС — быццам бы «на размову».
Трымалі ў «крымінальным вышуку»
У будынку Першамайскага РУУС на чацвёртым паверсе, у кабінеце з шыльдай «Крымінальны вышук», жанчыну пратрымалі 9 гадзін і адпусцілі.
Двое следчых — Андрэй і Яраслаў — ня ведалі, што рабіць з ёю, задавалі банальныя пытанні: куды яна ішла, чаму яна ходзіць на акцыі, проста цягнулі час і чакалі каманды кіраўніцтва, што рабіць далей, расказала Свабодзе сама Ніна Багінская.
Ад «чаю» адмовілася, узяла «гарбату»

Ніна Багінская. Фота 2015 года
Яна кажа, што следчыя ставіліся да яе нармальна, прапанавалі печыва і «чай».
«Я адказала, што «чай» не п’ю. Яны тады паправіліся і прапанавалі «гарбату». Я не маўчала, распавяла ім БНР, пра свята, чытала вершы Ніла Гілевіча, спявала песню «Чорная зграя топча Айчыну». Прасілі паспяваць яшчэ. Але я адказала, што спяваю не для іх, а такім чынам «масажую клеткі галаўнога мозгу, каб не страціць прытомнасць», — кажа Багінская.
Ніна Багінская прымусіла міліцыянтаў адчыніць дзверы і акно, бо ёй душна, так што сядзелі на скразняку, а яна была ў паліто. Расказала, як у яе забіраюць палову пенсіі на штрафы. Прачытала лекцыю пра беларускую мову, пра геалогію, сваю асноўную спецыяльнасць.
На думку Багінскай, міліцыянты проста цягнулі час, чакалі загаду кіраўніцтва, што з ёй рабіць далей. Паведамілі таксама, што яе выратавалі ад сур’ёзнага затрымання, бо на плошчы Якуба Коласа ўсіх забралі.
На свята не паспела
Адпусцілі жанчыну а палове на восьмую вечара. На святкаванне да Опэрнага тэатру спадарыня Багінская не паспела, але ўвечары пайшла да Чырвонага касцёла з бел-чырвона-белым сцягам, там яшчэ памалілася за палітычных зняволеных.
Там таксама АМАП спрабаваў прымусіць яе прыбраць «флаг». Багінская ім таксама патлумачыла, што гэта «сцяг, а не флаг», расказала пра свята — 100-годззе БНР. Пасля перамоваў па рацыі ад яе адчапіліся.

Санкцыянаванае ўладамі «Свята Незалежнасці» прайшло 25 сакавіка каля менскага Опернага тэатру, на Траецкай гары. Паводле розных ацэнак, мітынг-канцэрт наведалі 40–50 тысяч чалавек. На свяце выступілі Ігар Варашкевіч і Кася Камоцкая, дачка Лявона Вольскага Адэля, рок-гурты Akute, Dzieciuki і іншыя. Мітынг-канцэрт быў дазволены мінскімі ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў з яе з бел-чырвона-белымі сцягамі. Да канцэрту была спроба правесці несанкцыянаванае шэсце ад плошчы Якуба Коласа, затрымалі дзясяткі чалавек. Агулам па краіне былі затрыманыя больш за 100 чалавек. Розныя імпрэзы 25 сакавіка прайшлі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а таксама ў іншых краінах па абодва бакі Атлантычнага акіяну.