«Адвечным шляхам»: смерць і пахаванне Ігната Канчэўскага
Заключная частка матэрыялу пра жыццё і творчасць аднаго з першых беларускіх філосафаў, аўтара праграмнага эсэ «Адвечным шляхам» Ігната Канчэўскага.
Колькі побач з Ігнатам Канчэўскім было людзей, здольных зразумець і прыняць яго развагі і прароцтвы, што змяшчаюць у сабе даследаванне беларускага светапогляду, беларускай ідэнтычнасці, магчымасцей развіцця беларускай нацыі праз культуру і творчасць? Хто з калег-сучаснікаў валодаў такімі ж глыбокімі ведамі ў розных галінах?
Па вёсках Канчэўскі больш не ездзіў, бо працаваў сакратаром Галоўнага ўпраўлення беларускіх кааператываў, затым — загадчыкам інструктарскага аддзела. Часта прыходзіў дадому стомлены, скардзіўся на чалавечы эгаізм. Супрацоўнікі ніяк не маглі зразумець, што дым ад папярос, якія яны бесперапынку палілі ў кабінеце, смяротна небяспечны для яго здароўя. Трэба было пастаянна праветрываць памяшканне, што праз скразнякі і холад таксама было не бяспечна.
Рэцыдыў хваробы і смерць
У лютым 1923 года, пасля чарговай нарады, падчас якой дым стаяў такі, што пыл курэў, Ігнат праветрываў кабінет і прастудзіўся. Лекар пацвердзіў дыягназ: запаленне лёгкіх. Паколькі адно лёгкае ўжо не дзейнічала, прагноз гучаў прысудам. Працэс развіваўся імкліва. Колькі пратрымаецца арганізм: месяц? тыдзень?
У Канчэўскага было велізарнае жаданне жыць і працаваць. Ён верыў, што пасля выздараўлення возьме адпачынак і, як летась, паедзе ў санаторый у Фальбонах, што каля Познані. Паступова ён усвядоміў безнадзейнасць свайго становішча, спрабаваў падрыхтаваць да непазбежнага Любачку.
Міка і Ігнат у сваім стане чакання хуткага канца або цуду не засталіся адны. Хвароба Ігната ўзрушыла сяброў-тэасофаў, трагізм сітуацыі прыцягнуў увагу чальцоў віленскай суполкі. Амаль кожны дзень прыходзіла Воля Данецкая, яна ўмела абыходзіцца з хворымі, часта заставалася на ноч. Ірэна Бжазоўска, Вела Карасюўна, Валя Гжыбоўска акружылі сям'ю клопатам і ўвагай, завязалі адносіны з бацькамі і братам Ігната, якія жылі ў сваім доме на Антокалі. Апекаваліся яны Мікай і ў цяжкія дні развітання з Ігнатам...
Ігнат хварэў чатыры тыдні. Жонка згадвала, што ён прадчуваў, разумеў, што гэта канец. У апошні тыдзень прасіў чытаць яму кнігі пра карму, пра рэінкарнацыю, шукаў пацвярджэння гэтым тэорыям у Евангеллях. Міка і Воля чыталі яму амаль штодня.
Хацелася, каб вакол Гангі была спакойная, роўная атмасфера, пісала Міка. Маці, прыходзячы амаль штодня, плакала. Яна прыводзіла Леначку, Ганга гуляў з дачкой, і ўсе забывалі, што ўжо заўтра можа быць канец.
Увечары напярэдадні смерці ён сказаў: «Заўтра наступіць маё свята».
Міка піша:
«Раніцай прыйшла маці без Леначкі, была Воля. Пачалася агонія. Усе стаялі каля ложка, я ў нагах. Я зразумела, што ён пільным позіркам просіць мяне пра нешта. Інтуітыўна ўзяла ў рукі яго галаву, прыціснулася да яе і пачала чытаць малітву Ойча наш. У 7.30 Ганга памёр. Так скончылася маё жыццё з Гангам, наша сямейная гісторыя і гісторыя майго велізарнага чыстага кахання».
Паведамленне пра смерць Канчэўскага ў газеце «Новае жыцьцё» з'явілася ўжо на наступны дзень:
«21 красавіка памёр пасля працяглай і цяжкай хваробы супрацоўнік газеты “Новае жыцьцё” і кааператар Ігнат Канчэўскі».
У газеце «Слова», якая выходзіла ў Вільні на польскай мове, 22 красавіка на першай старонцы было надрукавана афіцыйнае паведамленне:
ІГНАТ КАНЧЭЎСКІ
Загадчык інструктарскага аддзела Віленскага Саюза кааператываў пасля цяжкай хваробы памёр ва ўзросце 28 гадоў 21 красавіка ў 7 ½ г. раніцы.
Вынас цела з кватэры па вул. Вітольдава №28 кв.7 (вугал Старой) у Знаменскую царкву на Звярынцы 22 красавіка г. г. у 2 г. апоўдні, а з царквы на каталіцкія могілкі на Антокалі 24 красавіка ў 4 г.
Сяброў і знаёмых апавяшчае
Упраўленне Віленскага Саюза кааператываў.
Пасля пахавання, якое прайшло пры вялікім збегу народа, на першай старонцы газеты «Новае жыцьцё» ад 27 красавіка быў надрукаваны некралог, падпісаны «а.л.» — тады ўсім чытачам было ясна, што за гэтымі ініцыяламі хаваецца Антон Луцкевіч. Прывяду тэкст цалкам, адзначыўшы, што ў ім маюцца фактычныя памылкі. Тым не менш, эмоцыі, якія змяшчаюцца ў ім і ацэнка асобы нябожчыка, што, здаецца, ідзе ад сэрца, чапаюць да глыбіні душы.
«Памяцi Iгната Канчэўскага
Быццам дыямэнт цудоўны, дзiўным хараством гарэла Яго душа сярод жыцьцёвага бруду, маны, крывадушнасьцi.
Жыў дзеля вялiкага iдэалу вызваленьня свайго народу ад духовага, палiтычнага i эканамiчнага рабства. Але ў кожным выяўленьнi Яго працы перш за ўсё вiдаць было гарачае ўмiлаваньне чалавека. I чалавека. I чалавека хацеў ён вызвалiць у беларусе.
Маладая, жывая, чыстая душа шукала дарогi да яснаты, да шчасьця людзей. Шукала i змагалася i мучылася труднасьцяй дасяганьня: i сумавала, бо давялося ёй жыць у «час, калi трэба журыцца “душою па сьвежых магiлах”…
Гэтыя радкi Iгнат Канчэўскi зьмясьцiў наперадзi свайго, здаецца, адзiнага публiцыстычнага твору, што выйшаў ў асобнай кнiжцы: “Адвечным шляхам” (Вiльня 1921) пад псэўданiмам “Iгната Абдзiраловiча”… не здарма ўжыў Ён за псэўданiм iмя героя “Дзьвюх Душ”: бо-ж i Ён перажыў унутраную барацьбу ломку духовую, падобна Абдзiраловiчу, але толькi з гэнае барацьбы выйшаў пабедна, як сьвядомы сваей мэты грамадзкi працаўнiк-iдэалiст.
* * *
Iгнат Канчэўскi радзiўся ў маi 1896 году тут, у нашай старой Вiльнi. Тут жа скончыў рэальную школу, а пасьля вучыўся ў тэхналягiчным iнстытуце ў Пецярбурзе i Маскоўскiм унiвэрсытэце (на фiлялягiчным факультэце). Вайна спынiла навуку: у 1916 годзе яго ўзялi ў салдаты. Як чалавека з адукацыяй, аддалi ў школу прапаршчыкаў. Папаўшы на румынскi фронт, як офiцэр, Ён зразу-ж начаў працаваць над асьведамленьнем жаўнераў у 44 украiнскiм полку, стоючы на грунце праграмы сацыялiстаў-рэвалюцыянэраў. Тут i прыждаў i рэвалюцыi. Але чыста партыйныя справы не здаволiвалi Канчэўскага: сам чалавек жывы, кiпучая натура, мiмаволi захапiўся iдэяй вызваленьня тых «мужыцкiх» народаў, што хавалi ў сабе вялiзарныя ўкрытыя скарбы духовае творчасьцi. Ен горача спагадае украiнцам i памагае тварыць iм нацыянальнае войска, ў якiм жаўнеры Яго абiраюць за афiцэра. Адначасна ў душы Яго выкрысталiзовываецца цьвёрдая сьвядомасьць, што iмпэрыялiстычная вайна — гэта сорам для людзкасьцi. Яму агiдна жаданьне “пабеднага канца”, i вось Ён у 1917 годзе кiдае войска i выяжджае на Дон, дзе i жэнiцца.
У восенi тагож году бачым Канчэўскага ў Маскве, як студэнта вышэйшых Коопэратыўных Курсаў пры унiвэрсiтэце Шаняўскага. Арганiзацыя масаў народных на грунце самапомачы вельмi вабiць Яго. Скончыўшы курсы, Ён працуе нейкi час у Смаленску, як iнструктар ад Цэнтар.Саюзу Льнаводаў.
Але тая iскра нацыянальнае сьвядомасьцi, што распалiлася ў Яго душы гледзючы на прыклад братняга нам украiнскага народу, не дала Канчэўскаму стаяць з боку, калi ў цэтрах Беларусi пачалася вялiкая беларуская нацыянальная работа. Яго пацягнула ў родную Вiльню, куды Ён i прабраўся ў 1919 годзе. Абабраўшы сабе за спэцыяльнасьць коопэрацыю, Канчэўскi працай сваей на гэтым груньце далучаецца да агульна-нацыянальнага будаўнiцтва — сьпярша, як коопэратыўны iнструктар Совнархозу, а пасьля — як працаўнiк Вiленскага Саюзу Коопэратываў. На апошнiм становiшчы скончыў сваё жыцьцё 21 гэтага красавiка.
* * *
Нацыянальная iдэя ўсё ярчэйшым полымям разгаралася ў душы Канчэўскага. Чым больш крыўд i зьдзеку цярпеў наш народ, тым мiлей i даражэй станавiўся для гэтага чыстага iдэалiста, ворага ўсякага гвалту i уцiску. У апошнiя гады працы ў Вiльнi Канчэўскi пачынае пiсаць i друкаваць свае разважаньня i думкi аб беларускай справе i вершы пад псэўданiмам Ганна Галубянка ў беларускiх часопiсях. Як “культурнiк” перад усiм, паводле магчымасьцi аказываў помач беларускай вiленскай гiмназii, вядучы ў ёй вучнёўскi гурток, па геаграфii, азкладаючы вучнёўскi коопэратыў. I ўсёды, дзе толькi выступае, сустракаецца з глыбокай пашанай i шчырай любоўю.
Выявiлася гэта ў сумным абразе пахаваньня Канчэўскага. Правадзiць цела Яго да магiлы сабралася беларуская моладзь, беларускiя культурныя i грамадзкiя працаўнiкi, таварышы коопэратары. Шчыры сум абхапiў усiх, хто зпаў нябожчыка i разам з iм працаваў.
Усё жыцьцё Канчэўскага, поўнае ахвярнасьцi дзеля вялiкага iдэалу, Яго “гарэньне” ў бязупыннай працы на карысьць свайго народу мелi ў сабе гэтулькi духовага хараства, што нават сьмерць ня можа зацямнiць яснаты Яго абразу. I яснай, сьветлай будзе памяць Iгната Канчэўскага сярод беларусаў».
1 траўня 1923 года ў той жа газеце «Новае жыцьцё» быў апублікаваны ліст родных Ігната:
«Паважаны Грамадзянiн Рэдактар! Дазвольце праз Вашую газэту шчыра шчыра падзякаваць прыяцелям, таварышам i знаёмым за той сардэчны спагад нашаму гору, якi мы глыбока адчулi ў час хваробы, сьмерцi i хаўтураў Iгната Канчэўскага. I асаблiва тэй маладой Беларусi, што прышла, каб роднай песьняй, родным словам, сваёй дзiцячай чыстай малiтвай правадзiць яго, якi Вас так моцна кахаў. Вялiкi, вялiкi дзякуй вам дзеткi — усьцешыце Вы хоць якое гора, бо вiдна, што будзе каму замянiць змагароў, што змагаюцца ў цяжкай барацьбе за сьвет i дабро. Глыбока паважанаму дырэктару Белар. Гiмназii А. Трэпку i таварышом каапетарам за тую сардэчную апеку i помач яшчэ раз, вялiкi дзякуй. Жонка, бацькi i брат Канчэўскiя».
Згадка ў газеце «Слова» пра пахаванне Ігната Канчэўскага на каталіцкіх могілках на Антокалі (цяпер могілкі «Саулес»), якая знайшлася літаральна на днях, у студзені 2023 года, цалкам абвяргае наша ўяўленне пра тое, што ён быў пахаваны на Вайсковых могілках. Магілы яго бацькоў, Уладзіміра Ігнатавіча і Сафіі Восіпаўны Канчэўскіх, знаходзіліся менавіта там і не захаваліся. Неяк само сабой разумелася, што бацькоў пахавалі побач з сынам.
У камп’ютарнай базе, у архіўных кнігах канторы могілак «Саулес» звестак пра магілу Ігната Канчэўскага не знойдзена. На гэтых могілках, у розных месцах, ёсць пяць вядомых нам старых пахаванняў сваякоў-чальцоў сям'і стрыечнай сястры маці Канчэўскага. Трэба будзе праверыць па кнігах запісы пра гэтыя магілы — і, магчыма, нешта праясніцца.
У архівах, у старой прэсе час ад часу знаходзім новыя матэрыялы, і ёсць надзея, што даследчыкаў жыцця і творчасці Ігната Канчэўскага, гісторыі сям'і Канчэўскіх яшчэ чакаюць нечаканыя цікавыя адкрыцці.