Аншлюс Аўстрыі – горкі прывід мінулага, які лунае сёньня
Аншлюс Аўстрыі нацысцкай Нямеччынай у сакавіку 1938 года не стаў нечым нечаканым. Праз столькі гадоў складана ўявіць, як маглі так скласьціся абставіны, што незалежная дзяржава «добраахвотна» стала часткай іншай. Разгледзім палітычныя, сацыяльныя і міжнародныя фактары, якія прывялі да таго, што Аўстрыя трапіла пад уладу агрэсара.
Якімі былі перадумовы
Ад 1938 года адматаем гістарычную стужку крыху назад. Падставай распаду Аўстра-Вугорскай імпэрыі была дамова ў Сэн-Жэрмэн-ан-Лэ, падпісаная 10 верасьня 1919 года. Гэтая дамова, частка больш шырокага пагадненьня, якое завяршыла Першую сусьветную вайну, скасавала Аўстра-Вугоршчыну як імпэрыю. Мапа Цэнтральнай Эўропы была цалкам перафарматаваная, і былі створаныя некалькі незалежных нацыянальных дзяржаваў. Аўстра-Вугорская імпэрыя, якая існавала доўгі час, была дэмантаваная, у выніку чаго Аўстрыя засталася маленькай краінай без выйсьця да мора.
Дамова ў Парыжы мела глыбокія наступствы для Аўстрыі. Страта такіх тэрыторыяў, як Багемія, Маравія, Галіцыя і значная частка Балканаў значна скараціла геаграфічныя памеры Аўстрыі, а таксама яе эканамічныя магчымасьці і палітычны ўплыў. Распад імпэрыі прывёў да страты прамысловых рэгіёнаў, выйсьця да мора і ўрадлівых сельскагаспадарчых зямель, што пагрузіла наваўтвораную Аўстрыйскую Рэспубліку ў эканамічныя цяжкасьці.
Інфляцыя ўзьляцела, узровень беспрацоўя таксама, а беднасьць распаўсюдзілася. Эканамічная нестабільнасьць ускладнялася крызісам нацыянальнай ідэнтычнасьці. Аўстрыйцы, якія страцілі сваю імпэрыю, засталіся ў пошуках новага самаадчуваньня. Шматлікія аўстрыйцы, што змагаліся са сваім паніжаным статусам і эканамічнымі цяжкасьцямі, з настальгіяй азіраліся на часы імпэрыі. Адначасова зьявіліся моцныя настроі за аб'яднаньне з Нямеччынай. Раней рух за аб'яднаньне Нямеччыны ў ХІХ стагодзьдзі выключаў Аўстрыю з гэтай канцэпцыі праз суперніцтва паміж Аўстрыйскай імпэрыяй і Прусіяй.
Гэтая ідэя Вялікай Нямеччыны атрымала папулярнасьць сярод розных слаёў аўстрыйскага насельніцтва. Прывабнасьць Вялікай Нямеччыны не абмяжоўвалася эканамічнымі меркаваньнямі: ідэя базавалася на агульным этнічным нацыяналізме і жаданьні ўзьяднаць усе нямецкамоўныя народы пад адным дахам.
Гэты запал у Аўстрыі не застаўся незаўважаным у Нямеччыне. Ідэя аншлюсу з Аўстрыяй доўгі час была часткай ідэалёгіі у самой Нямеччыне. Калі Адольф Гітлер, аўстрыец па паходжаньні, прыйшоў да ўлады ў 1933 годзе, ідэя анэксіі Аўстрыі для стварэньня Вялікай Нямеччыны стала галоўным прынцыпам нацысцкай зьнешняй палітыкі.
Пачатак працы па захопе
Для дасягненьня сваіх мэтаў у Аўстрыі нацысцкі рэжым выкарыстаў прадуманую стратэгію, якая спалучала прапаганду, запалохваньне і дыпляматыю. Прапаганда была скіраваная як на нямецкае, так і на аўстрыйскае насельніцтва, і падкрэсьлівала агульную этнічную і культурную спадчыну і паказвала аншлюс як натуральны і карысны хаўрус. Нямецкія СМІ бамбілі аўстрыйскую грамадзкасьць паведамленьнямі аб эканамічным росквіце і палітычнай стабільнасьці пры нацысцкім урадзе Адольфа.
Таксама распаўсюдзілася тактыка запалохваньня. Аўстрыйская нацысцкая партыя пры таемнай падтрымцы нямецкай дзяржавы ўдзельнічала ў тэрарыстычных актах і дывэрсіях, скіраваных на дэстабілізацыю аўстрыйскага ўрада і стварэньне адчуваньня непазьбежнага нямецкага панаваньня. Гэтыя дзеяньні ўключалі забойствы палітычных дзеячаў, выбухі і вулічны гвалт супраць габрэяў і палітычных апанэнтаў.
Аўстрыйская нацысцкая партыя сыграла істотную ролю ў аншлюсе. Нягледзячы на тое, што напачатку гэта была маргінальная група, да пачатку 1930-х яна стала значнай палітычнай сілай, шмат у чым дзякуючы фінансавай і матэрыяльна-тэхнічнай падтрымцы з боку Нямецкага рэйха.
Дыпляматычна Гітлер умеў гуляць на слабасьцях аўстрыйскага ўрада і тэндэнцыях замірэньня эўрапейскіх дзяржаваў.
Галоўныя падзеі, якія прывялі да аншлюсу
Адным з найбольш значных інцыдэнтаў стала забойства канцлера Аўстрыі Энгельбэрта Дольфуса ў ліпені 1934 года аўстрыйскімі нацыстамі падчас спробы дзяржаўнага перавароту. Хаця пераварот не змог забясьпечыць нацысцкі кантроль над Аўстрыяй, яму ўдалося пасеяць хаос і жах, а таксама падарваць стабільнасьць ураду.
Эканамічны прымус быў яшчэ адным інструмэнтам Гітлера, каб аслабіць рашучасьць Аўстрыі. Нямеччына ўвяла супраць Аўстрыі эканамічныя санкцыі. Эканамічныя цяжкасьці, зь якімі сутыкнуўся аўстрыйскі народ, разам з глябальнай дэпрэсіяй, стварылі спрыяльную глебу для нацысцкай прапаганды.
Дыпляматычнай кульмінацыяй намаганьняў Гітлера па анэксіі Аўстрыі стала Берхтэсгадэнскае пагадненьне ў лютым 1938 года. На гэтай сустрэчы Гітлера з Куртам Шушнігам, канцлерам Аўстрыі, Гітлер запатрабаваў саступак, якія фактычна паставілі Аўстрыю пад нацысцкі кантроль. Шушніга прымусілі пагадзіцца прызначыць Артура Зэйса-Інкварта, вядомага аўстрыйскага нацыста, міністрам унутраных справаў, які кантраляваў паліцыю.
Міжнародная рэакцыя на сітуацыю, якая склалася ў Аўстрыі, характарызавалася палітыкай замірэньня, асабліва з боку Вялікай Брытаніі і Францыі. Гэтыя эўрапейскія дзяржавы, усё яшчэ стомленыя ад жахаў Першай сусьветнай вайны, змагаліся з уласнымі эканамічнымі праблемамі, і не жадалі непасрэдна супрацьстаяць Гітлеру. Брытанскі і французскі ўрады спадзяваліся, што калі дазволіць Нямеччыне анэксаваць Аўстрыю, гэта прадухіліць далейшы канфлікт. Гэтая палітыка не толькі не змагла стрымаць нацысцкую агрэсію, але і падбадзёрыла Гітлера.
Ліга Нацый, створаная для прадухіленьня паўтарэньня войнаў, аказалася неэфектыўнай перад пагрозай аншлюсу. Адзін у адзін з сучасным становішчам у грувасткай, недзеяздольнай і па факце непатрэбнай ААН.
Аншлюс
12 сакавіка 1938 года панавала напружаная атмасфэра. У папярэднія дні назіралася драматычнае ўзмацненьне ціску з боку нацысцкай Нямеччыны, калі Адольф Гітлер патрабаваў прызначэньня аўстрыйскіх нацыстаў на ключавыя дзяржаўныя пасады і адстаўкі канцлера Аўстрыі Курта Шушніга. У адчайнай спробе захаваць незалежнасьць Аўстрыі Шушніг абвесьціў рэфэрэндум аб суверэнітэце Аўстрыі, заплянаваны на 13 сакавіка. Аднак пад цяжарам нямецкіх пагрозоў і нутранага ціску Шушніг падаў у адстаўку ўвечары 11 сакавіка.
У першыя гадзіны 12 сакавіка нямецкія войскі перайшлі ў Аўстрыю без супраціву, іх прасоўваньне сустрэла воклічы шматлікіх аўстрыйскіх грамадзянаў. Рух вэрмахту быў ваеннай апэрацыяй толькі па назве.
Гэта нагадвала парад перамогі, калі жаўнераў сустракалі кветкамі, нацысцкімі салютамі і радаснымі натоўпамі ў гарадах і вёсках па ўсёй Аўстрыі.
У другой палове дня нямецкія войскі былі ў Вене, куды на наступны дзень прыехаў сам Адольф Гітлер, каб афіцыйна абвесьціць аншлюс.
Капітуляцыя аўстрыйскага ўрада была хуткай. Артур Зэйс-Інкварт, аўстрыйскі нацыст, быў прызначаны канцлерам у апошнія гадзіны 11 сакавіка і неадкладна запрасіў нямецкія войскі ў Аўстрыю для «навядзеньня парадку». Урад Зэйса-Інкварта хутка прыняў заканадаўства, якое афарміла хаўрус зь Нямеччынай.
Выявы радасных аўстрыйцаў, якія вітаюць нямецкія войскі, сталі адным з трывалых сымбаляў аншлюсу. У той час як шматлікія сьвяткавалі, іншыя глядзелі моўчкі, з жахам або адкрытым супрацівам. Аншлюс азначаў пачатак жорсткага перасьледу габрэяў і іншых меншасьцей. Для гэтых аўстрыйцаў 12 сакавіка было не днём аб'яднаньня, а акупацыі і страты суверэнітэту.
Палітычна Аўстрыя перастала існаваць як незалежная дзяржава, якая стала Остмаркам, простай правінцыяй нацысцкай Нямеччыны. Аўстрыйскі ўрад быў распушчаны і заменены нацысцкай адміністрацыяй, якая падпарадкоўвалася непасрэдна Бэрліну. Гэтая палітычная інтэграцыя прывяла ў адпаведнасьць законы Аўстрыі з законамі нацысцкай Нямеччыны.
У сацыяльным і эканамічным пляне аншлюс азначаў неадкладнае навязваньне Аўстрыі нацысцкай ідэалёгіі і эканамічнай палітыкі. Структуры і арганізацыі нацысцкай партыі хутка праніклі ў аўстрыйскае грамадзтва, і сталі кантраляваць ўсе аспекты грамадзкага жыцьця.
Габрэйскія прадпрыемствы былі «арыянізаваныя» — канфіскаваныя і перададзеныя негабрэйскім немцам або аўстрыйцам. Самі габрэі зьведалі гвалтоўныя пагромы, асабліва Крыштальнай ночы ў лістападзе 1938 года.
Пасьля Другой сусьветнай вайны Аўстрыя змагалася са сваёй роляй у нацысцкіх злачынствах. Спачатку хаўрусьнікі разглядалі Аўстрыю як першую ахвяру нацысцкай агрэсіі. Гэта дапамагло нацыі пазьбегнуць часткі віны і рэпарацый, зь якімі сутыкнулася Нямеччына.
Гэтая перспэктыва, аднак, занадта спрашчала і хавала энтузіязм і рашучы ўдзел шматлікіх аўстрыйцаў у нацысцкім рэжыме і іх саўдзел у яго злачынствах.