Апошні бой «доўбарчыка»

Ён мог зрабіць выдатную вайсковую кар’еру, даслужыцца да генеральскіх лампасаў, узначаліць адну з карпусных акруг Войска Польскага, магчыма нават і ў Заходняй Беларусі. Але гэтага не здарылася, бо зімой 1918-га камандзір 1-га ўланскага палка І Польскага корпуса Баляслаў Масціцкі загінуў у баі супраць бальшавікоў.

baljaslau_mascicki_logo.jpg

У войску імперыі Раманавых

Нарадзіўся будучы палкоўнік-кавалерыст у снежні 1877 года ў мястэчку Высокае Мазавецкае. Працаваў на вугальных шахтах, а потым паступіў на вучобу ў Чугуеўскае пяхотнае юнкерскае вучылішча. У 1902 годзе маладога афіцэра прызначылі ў кавалерыйскую частку, якая дыслакавалася ў Манчжурыі. Баляслаў удзельнічаў у Руска-японскай вайне, пасля чаго камандаваў эскадронам, які змагаўся супраць тунгузскіх партызан. У 1911-м Масціцкі пераехаў у Пецярбург і паступіў у Афіцэрскую кавалерыйскую школу, пасля заканчэння якой яму было нададзена званне ротмістра (адпавядала званню капітан у пяхоце — І.М.).
З красавіка 1915 года ў якасці камандзіра эскадрона Заамурскага кавалерыйскага палка ён удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. У баі пад Гарадзенкай праявіў храбрасць, за што быў узнагароджаны афіцэрскім Георгіеўскім крыжом. За кавалерыйскую атаку, праведзеную ў чэрвені 1916 г. пад Нецярапінцамі, ён атрымаў залатую шаблю. Хутка Масціцкаму надалі званне падпалкоўніка і прызначылі намеснікам камандзіра палка. Вясной 1917 года афіцэра зноў павысілі ў званні (да палкоўніка), і ён узначаліў Заамурскі полк.

baljaslau_mascicki_na_kani_logo.jpg


Супраць трох ворагаў Польшчы

Расійская імперыя дажывала апошнія дні. Царскае войска распадалася на вачах. Сяляне не хацелі больш ваяваць «за цара і айчыну», а афіцэры з заходніх ускраін атрымалі магчымасць перайсці на службу ў свае нацыянальныя часткі. У ліпені 1917 года Баляслаў Масціцкі ўзначаліў 1-шы Польскі ўланскі полк. Першым заданнем новай часткі стала барацьба супраць… марадзёраў у Станіслававе. Аднак неўзабаве польскіх улан чакала сапраўднае баявое хрышчэнне. 24 ліпеня 1917 года пад мястэчкам Крэхоўцы кавалерысты пад камандаваннем палкоўніка Масціцкага разбілі баварскую і аўстрыйскую пяхоту і стрымалі наступ пераўзыходзячых сіл кайзераўскіх войскаў.

Камандаванне палка Крэхавецкіх уланаў

Камандаванне палка Крэхавецкіх уланаў

Пасля гэтага полк атрымаў назву Крэхавецкі. Як пісалі ў міжваеннае дваццацігоддзе польскія гісторыкі, «1-шы ўланскі полк быў адзіным польскім злучэннем, якое падчас Вялікай вайны 1914–1918 гадоў змагалася супраць усіх краін, якія ў XVIII ст. падзялілі Рэч Паспалітую. У Станіслававе яны білі рускіх, а пад Крэхоўцамі — немцаў і аўстрыякаў».

Дайсці да Варшавы

У верасні 1917 года ў Мінску вайсковая частка перайшла ў склад І Польскага корпуса, які ў гады Першай сусветнай вайны называлі «доўбарчыкамі», ад прозвішча камандзіра, генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Уланы пад камандаваннем Баляслава Масціцкага ўдзельнічалі ў шматлікіх баях супраць Чырвонай Арміі. Аднак сітуацыя была не на карысць войска Доўбар-Мусніцкага. З аднаго боку, яму супрацьстаялі бальшавікі, з іншага — кайзераўскія войскі. Нарэшце, корпус знаходзіўся на беларускай зямлі, і мясцовае насельніцтва не заўсёды вітала польскія вайсковыя падраздзяленні.

Галаўныя ўборы афіцэраў Першага польскага корпуса

Галаўныя ўборы афіцэраў Першага польскага корпуса

Камандаванне І Польскага корпуса вырашыла накіраваць дэлегацыю ў Варшаву, каб арганізаваць супрацу з Рэгенцкай Радай — польскім урадам, які дзейнічаў ва ўмовах германскай акупацыі Польшчы. У лютым 1918 года на чале дэлегацыі ў горад на Вісле накіраваўся палкоўнік Баляслаў Масціцкі.
Раніцай 11 лютага зводны эскадрон (160 шабель і два амерыканскія ручныя кулямёты «Льюіс») накіраваўся ў бок лініі бальшавіцка-германскага фронту. Узброеным эскортам камандаваў ротмістр Браніслаў Ромер (у верасні 1918 года гэты афіцэр будзе расстраляны бальшавікамі. — І.М.). У склад дэлегацыі для перамоў з Рэгенцкай Радай акрамя палкоўніка Масціцкага ўваходзілі паручнік Жыгімонт Жабакліцкі, харунжы Марушэўскі, харунжы Казімеж Біспінг і добраахвотнік Вітаўт Ваньковіч.

Польскія жаўнеры падчас Першай сусветнай вайны

Польскія жаўнеры падчас Першай сусветнай вайны

Ад Бабруйска да лініі фронту было прыкладна 300 кіламетраў. Рухацца даводзілася па бальшавіцкіх тылах. «Канвой» не меў палявых кухань і забеспячэння, а надвор’е было вельмі халодным. Мала хто ведае, што эскадрон, які суправаджаў Масціцкага ў гэтай экспедыцыі, па плане генерала Доўбар-Мусніцкага, павінен быў адыгрываць і рэпрэзентатыўную функцыю: штаб корпуса ў Бабруйскай крэпасці лічыў: немцам трэба было паказаць, што І Польскі корпус — гэта не бальшавіцкія абадранцы, а добра абмундзіраванае і падрыхтаванае войска, з якім варта лічыцца. З-за гэтага, напрыклад, уланы пакінулі ў Бабруйску папахі і паехалі ў Варшаву… у фуражках англійскага тыпу. І гэта ў мароз мінус 20 градусаў!

Мундзір афіцэра Першага польскага корпуса

Мундзір афіцэра Першага польскага корпуса

Дарога з Бабруйска да лініі фронту была цяжкай: польскія жаўнеры былі настолькі стомленымі, што вымушаныя былі спаць у сёдлах.

Канец місіі

Ля вёскі Лапацічы жаўнеры Масціцкага натыкнуліся на пасты бальшавіцкай 15-й Сібірскай дывізіі. «Чырвоныя» прапусцілі польскі авангард і «ўдарылі» па асноўнай частцы эскадрона. У гэты момант выявілася вайсковая падрыхтоўка крэхавецкіх уланаў. Пачуўшы першыя стрэлы, кавалерысты разгарнуліся ў баявы парадак. Палякі спешыліся і адкрылі агонь па праціўніку. Хутка пасля гэтага ўланы пайшлі ў атаку. З крыкам «Ура!» яны ўварваліся ў вёску і сышліся ў рукапашнай з чырвонаармейцамі.

Уніформа польскіх часцей РІВ

Уніформа польскіх часцей РІВ

Пазней ва ўзнагародным дакуменце было адзначана: «Гэтая частка атраду, не чакаючы, як да іх падыдзе 3-ці эскадрон, кінулася ў штыкавую атаку і заняла вёску, прымусіўшы бальшавікоў адступіць. Гэтым былі ўратаваныя не толькі пакінутыя ў вёсцы параненыя ўланы (авангард эскадрона, які першым уехаў у вёску і адарваўся ад асноўных сіл, відавочна, трапіў пад шквальны аголь і панёс вялікія страты — І.М.), але эвакуіраваны целы забітых і ўратаваны ўвесь атрад».
У выніку бою палякі выбілі бальшавікоў з вёскі, пры гэтым Масціцкі згубіў забітымі аднаго афіцэра і трох жаўнераў, яшчэ каля 17 чалавек былі параненыя. У сваю чаргу бальшавікі страцілі 12 чалавек. Аднак хутка «чырвоныя» пры падтрымцы артылерыі пайшлі ў контрнаступ. Тады стала зразумела, што праз савецкую лінію абароны польскаму атраду не прабіцца. «Чым больш людзей, тым больш увагі», — разважаў пасля бою ў Лапацічах палкоўнік Масціцкі. Польская дэлегацыя (у яе склад дадаліся падафіцэры Вітаўт Ханкіш і Станіслаў Дзенісевіч) пераапранулася ў цывільную вопратку і пры падтрымцы леснікоў князя Альбрэхта Радзівіла пайшла далей. У сваю чаргу эскадрон, прыцягваючы ўвагу бальшавіцкіх войскаў, стаў адыходзіць на ўсход, у Бабруйскую крэпасць.
19 лютага 1918 года ля вёскі Дуб пад Лунінцам група на чале з Баляславам Масціцкім трапіла ў бальшавіцкую засаду. У выніку бою палкоўнік быў забіты, а суправаджаючы яго харунжы Марушэўскі трапіў у палон.

Памяць пра легенду

pahavannemascickaha_u_minsku_logo.jpg

Пахаванне Масціцкага ў Мінску
Крэхацецкія ўланы адбілі цела свайго камандзіра, і пазней палкоўнік быў пахаваны ў Мінску.

padczas_peravozki_cela_mascickaha_u_minsk_logo.jpg

Падчас перавозкі цела Масціцкага ў Мінск
Праўда, у жніўні 1921 года польскія ўлады забралі парэшткі палкоўніка са сталіцы БССР і перавезлі іх у Варшаву. Дарэчы, пра гэта ўзгадвала князёўна Марыя Друцкая-Любецкая, якая ў той час шукала магчымасці вярнуць парэшткі забітай дачкі Крысціны.

Курган доўбарчыкаў у Варшаве

Курган доўбарчыкаў у Варшаве

«У чэрвені 1921 года палкоўнік Хэмпель, які ехаў у Мінск па парэшткі забітага бальшавікамі ў 1918 годзе пад Дубам палкоўніка Масціцкага, прапанаваў нашай сям’і прывезці парэшткі Крысціны. Але, на жаль, бальшавіцкія ўлады не дазволілі. Яны баяліся антысавецкіх выступленняў у Койданаве», — адзначаецца ва ўспамінах князёўны.

Месца, дзе бальшавікі пахавалі цела Масціцкага

Месца, дзе бальшавікі пахавалі цела Масціцкага

24 жніўня 1921 года Баляслаў Масціцкі быў перапахаваны ў Касцёле Св. Крыжа ў польскай сталіцы. Юзаф Пілсудскі пасмяротна ўзнагародзіў кавалерыста Крыжом Virtuti Militari.
У лістападзе 1930 года на месцы смерці афіцэра быў пастаўлены памятны знак, які захаваўся да нашых дзён. Помнік паўстаў дзякуючы намаганням і фінансавай падтрымцы перадапошняга нясвіжскага ардыната князя Альбрэхта Радзівіла. Адкрыццё памятнага знаку адбылося ва ўрачыстай атмасферы. На цырымоніі прысутнічалі вайсковае (кіраваў мерапрыемствам камандуючы ІХ карпусной акругай брыгадны генерал Траяноўскі) і цывільнае кіраўніцтва Другой Рэчы Паспалітай.

Табліца на кургане доўбарчыкаў у Варшаве

Табліца на кургане доўбарчыкаў у Варшаве

1-шы полк крэхавецкіх уланаў імя палкоўніка Баляслава Масціцкага ўдзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне. У міжваенны час гэтае злучэнне кватаравала ў Аўгустове. У верасні 1939 года ў складзе Сувальскай кавалерыйскай брыгады полк змагаўся супраць нацыстаў пад Замбравам, Ольшэвам і скончыў свой баявы шлях пад Коцкам у кастрычніку 1939-га. У 1941 годзе гэтае вайсковае злучэнне было адноўлена ў складзе Войска Польскага ў СССР. У якасці складовай часткі 2-й танкавай брыгады ў 1944 годзе крэхавецкія ўланы ўдзельнічалі ў бітве пад Анконай.
Фота з асабістага архіву Ігара Мельнікава