Апошнія абаронцы СССР
На схіле савецкай імперыі былі патрэбныя дысцыплінаваныя і адданыя абаронцы. Такімі аказаліся хлопцы з найбольш каталіцкага рэгіёна СССР. Партыя замяніла ім касцёл і веру, баявыя таварышы — сям’ю. Упершыню яны выступілі пад брэндам, які цяпер выклікае нянавісць і жах, — «ОМОН», піша Алесь Кіркевіч на budzma.by.
Цікава, але ў прасякнутым мілітарызмам СССР доўгі час ніякага «ОМОНа» не было. Чаму? Бо ў таталітарнай дзяржаве проста не магло быць масавых народных пратэстаў. З усім астатнім давалі рады КДБ, міліцыя і армія. Менавіта вайскоўцы падавілі выступленне рабочых у Новачаркаску ў 1962-м: без дубінак і газу — проста расстралялі.
А вось у савецкай Польшчы былі так званыя ZOMO (матарызаваныя аддзелы грамадзянскай міліцыі). Іх стварылі пасля масавых выступленняў 1956-га. Гэта быў дакладны аналаг «ОМОНа» ў сённяшнім уяўленні: дубінкі, шчыты, шаломы. «Зомаўцы» працавалі найбольш жорстка ў часы «Салідарнасці» і карысталіся ўсеагульнай нянавісцю палякаў.
Засталася маса карыкатураў на «зомаўцаў», якіх малявалі ў выглядзе пачвараў або неандэртальцаў — чагосьці дзікага, варожага гуманнасці і цывілізацыі.
Пасля круглага стала і перамогі Валэнсы лёс «зомаўцаў» склаўся па-рознаму, але татальна нікога не кідалі за краты. Хутчэй меў месца грамадскі астракізм: іх не бралі на працу, не хацелі жыць побач і г.д.
Дэманстрантаў разганялі сапёрнымі рыдлёўкамі
Вернемся да СССР. З прыходам да ўлады Гарбачова пачалася гісторыя з перабудовай і галоснасцю. Стрэлілі праблемы, якія назапашваліся гадамі: эканоміка, Афганістан, нацыянальныя супярэчнасці. Разам з тым старыя жорсткія функцыянеры сталінскай школы паміралі: Касыгін, Усцінаў, Суслаў... Першая «заваруха» адбылася ў Сярэдняй Азіі, дзе рахункі зводзілі ўзбекі з туркменамі і бухарскімі габрэямі. Пасля — Закаўказзе. Актуалізацыя тэмы Нагорнага Карабаху. Армяне з азербайджанцамі рубіліся ў вялікіх гарадах — Сумгаіце, Баку.
У 1989-м прайшла адна з першых буйных дэманстрацыяў у Тбілісі. На падаўленне кінулі... дэсантнікаў. Лішне казаць, што дэсант да такіх справаў быў не гатовы — гэта вайсковая адзінка. Дэманстрантаў разганялі сапёрнымі рыдлёўкамі — тым, што было пад рукой. Як вынік — каля дзесяці загінулых, мноства цяжка параненых.
Кадры — міліцыянты з добрай «фізухай» і «афганцы»
Так узнікла патрэба ў спецыяльных аддзелах міліцыі, якія і назвалі «ОМОН». Працаваць трэба было менавіта па дэманстрантах, таму аддзелы найперш утварыліся на ўскраінах імперыі. Акурат там, дзе нацыянальныя рухі былі наймацнейшымі. Два «ОМОНы» ўвайшлі ў гісторыю: віленскі і рыжскі.
Гэта былі падраздзяленні па 120-170 чалавек. На піку асабісты склад налічваў да 250 чалавек. Набіралі туды міліцыянтаў з добрай фізічнай падрыхтоўкай або з вопытам баявых дзеянняў, найперш «афганцаў». Прыкладна палову складалі этнічныя латышы і літоўцы, рэшта — расійцы, украінцы, беларусы і інш.
Цікава, што ўзначальвалі гэтыя аддзелы «іншародцы», зусім не расійцы. Кіраўнік рыжскага «ОМОНа» — Чэслаў Млыннік, ураджэнец Гарадзенскай вобласці. Кіраўнік віленскага — Баляслаў Макутыновіч, які пісаўся ў анкетах палякам, але народжаны быў таксама на гістарычнай Віленшчыне — у Свянцёнісе (Свентаянск).
Крыжовы паход у пустыню
Тут важна зрабіць адступленне. Як сталася, што настолькі важныя падраздзяленні даверылі выхадцам з каталіцкіх сем’яў Віленшчыны, дзе антысавецкія настроі панавалі яшчэ доўга пасля вайны? У 1980-я існаваў дакумент, выдадзены Мінабароны СССР, які заклікаў браць у войскі асаблівага прызначэння найперш ураджэнцаў заходніх раёнаў Украіны і Беларусі, а таксама Літвы.
Абгрунтаванне было наступным: гэта людзі з добрай фізічнай падрыхтоўкай, здаровыя, дысцыплінаваныя, адказныя. Таму менавіта з гэтых рэгіёнаў так шмат маладзёнаў прайшло праз Афганістан ці загінула там... Лічылася, што ў Афгане служыла не так шмат масквічоў: маглі адкупіцца або «дамовіцца». Расійская глыбінка давала не найлепшы «чалавечы матэрыял»: п’янства і крымінал не віталіся ў спецчастках.
А вось хлопцам з Віленшчыны ці Львоўшчыны «пашчасціла». Цікавы псіхалагічны феномен: усе яны з мамамі ў дзяцінстве хадзілі ў касцёл, падпарадкоўваліся сямейным правілам. Касцёл замянілі камсамол і партыя, сям’ю — саслужыўцы. Савецкая армія ў Афганістане была не толькі «рабоча-сялянскай» (дзеці прафесуры і чыноўнікаў часта «касілі»), але і трошкі «каталіцкай»... Такі сабе крыжовы паход у пустыню.
Дадамо таксама, што і сённяшнія беларускія высокапастаўленыя сілавікі часта адпавядаюць гэтаму псіхатыпу: згадаем кіраўніка КДБ Івана Церцеля або «афганца» Віктара Шэймана. З той жа кагорты яшчэ адзін беларускі «афганец» Франц Клінцэвіч — апалагет «рускага міру» і вайны на Данбасе... Усё гэта дзеці каталіцкай Заходняй Беларусі.
Апошнія абаронцы СССР
Вернемся да Прыбалтыкі. Надыходзіць 1990 год. Латвія і Літва абвяшчаюць суверэнітэт, пачынаюць умацоўваць сваю ўладу. Улада ЦК слабела, а вярхоўныя саветы робяцца амаль цалкам нацыянальнаарыентаванымі. На свой бок яны перацягваюць сілавікоў — найперш міліцыю. Армія збольшага заставалася ў казармах, акрамя рэдкіх выпадкаў накшталт сумнавядомага штурму тэлевежы ў Вільні.
Вернасць імперыі захавалі толькі байцы «ОМОН». Падпарадкоўваліся спачатку мясцоваму ЦК, пасля — наўпрост Маскве. Рыжскі «ОМОН» спачатку быў узброены хіба пісталетамі ды АКСУ. Пазней знайшліся і БТРы, і гранатамёты, і снайперская зброя. Шмат хто з хлопцаў меў досвед Афганістана, як і сам кіраўнік — Млыннік.
Гэта былі людзі з вялізнай псіхалагічнай траўмай: спачатку СССР паслаў у Афганістан, замяніў маці з татам, патлумачыў, навошта рабіць зачысткі ў аулах, забіваць і калечыць, даў новых сяброў і саслужыўцаў, а цяпер... А цяпер нейкія «фашысты» ў Рызе кажуць, што ўсё гэта — поўнае лайно. І ўсё было дарма. Цярпець гэта?!
«ОМОН» супраць пратэстоўцаў, журналістаў і міліцыі
У 1991-м сітуацыя ў Рызе дайшла да фазы актыўнага супрацьстаяння. З аднаго боку — новая ўлада і яе прыхільнікі. З іншага — да зубоў узброены «ОМОН». У Вільні ў той час стаялі танкі, але сітуацыя была лепшай: народ быў фактычна адзіны ў сваёй нянавісці і жаданні пераменаў. У Рызе ж заставаўся велізарны рускамоўны сегмент, які спачуваў СССР і «ОМОНу».
Перыядычна ў Рызе ішлі начныя перастрэлкі. «ОМОН» не мог кантраляваць увесь горад, таму выязджаў на заданні ды акцыі запалохвання. Латышы, нават узброеная самаахова, разумелі, што шансаў у прамым сутыкненні з «ОМОНам» мала, таму часта дзейнічалі па-партызанску.
Было некалькі трагічных гісторыяў. Напрыклад, з блакіроўкай пратэстоўцамі моста праз Заходнюю Дзвіну. Стралялі, загінуў адзін латыш. Або са штурмам «ОМОНам» будынка МУС Латвіі. Міліцыя акурат стала на бок народу, падтрымаць прыйшлі звычайныя людзі. Тады загінула двое міліцыянтаў (адзін з іх — беларус), хлопец-падлетак, а таксама двое латышскіх журналістаў. Агулам — пяцёра. «ОМОН» узяў будынак, але ўтрымаць не змог —вярнуліся на базу.
Рыжскі ОМОН
Расстрэл у Медзінінкаі і «сакральная ахвяра»
Яшчэ адзін крывавы эпізод — забойства памежнікаў. Рэч у тым, што новаўтвораныя рэспублікі першай справай спрабавалі акрэсліць межы. Не толькі каб падкрэсліць незалежнасць, але і каб не даць вывезці прадукты. Літва і Латвія былі не самымі беднымі рэспублікамі, таму ў час «галадухі» тавар адтуль пачалі вывозіць у Расію.
Гарадок Медзінінкай — фактычна сутыкненне межаў Літвы, Беларусі і Латвіі. Там таксама стварылі памежны пост. Летам 1991-га да КПП прыехалі невядомыя ў камуфляжы і забілі сямёх мытнікаў: паклалі на зямлю і стрэлілі ў патыліцы. Адзін выжыў, хай і застаўся інвалідам на ўсё жыццё. Ён дагэтуль жыве ў Вільні пад выдуманым прозвішчам. Будучы адзіным сведкам расстрэлу, ён баяўся за сваё жыццё.
Чэслаў Млыннік спрабаваў зрабіць у 1990-я палітычную кар’еру
І Баляслаў Макутыновіч, і Чэслаў Млыннік адмаўлялі сваю датычнасць да расстрэлу. Як і большасць выпадкаў, калі з’яўляліся ахвяры. Найчасцей ківалі на «трэцюю сілу», якая правакавала і стварала «сакральныя ахвяры»... Тым не менш адзін з расстрэльных аўтаматаў пасля быў выяўлены следствам на кінутай базе рыжскага «ОМОНа».
Далейшыя лёсы: Дума, турма, вяртанне на радзіму
Невядома, як бы ўсё склалася далей, калі б не параза путчу ў Маскве ў жніўні 1991-га. Саюз памёр, Літва і Латвія сталі незалежнымі. Байцам «ОМОНа» трэба было бегчы. З добрай волі Масквы іх разам з сем’ямі вывезлі ў Расію. Віленскі «ОМОН» далучылі да маскоўскай міліцыі (хоць самі байцы хутка звольніліся). Рыжскі «ОМОН» стаў... цюменскім.
Труны абаронцаў незалежнасці ў Вільні ў 1991-м
Урады краінаў Балтыі шмат гадоў вялі следчыя працэсы. Чэслаў Млыннік і Баляслаў Макутыновіч былі прызнаныя вінаватымі ў забойствах. Зразумела, Расія нікога не выдала. Цікава таксама, што аднаго з блізкіх да Млынніка байцоў пасля ў Расіі ўсё ж такі асудзілі на 15 гадоў. Але зусім не за падзеі ў Рызе, а за забойствы і стварэнне АПГ ужо на новай радзіме.
Чэслаў Млыннік дагэтуль жыве ў Расеі
У 2015-м суд Літвы нечакана прызнаў, што вінаватыя не самі байцы «ОМОНа», а неіснуючая дзяржава — СССР. Некаторыя «ОМОНаўцы», этнічныя літоўцы, нават вярнуліся. Макутыновіч памёр, а вось Млыннік дагэтуль жывы. У Расіі ён спрабаваў займацца палітыкай, балатаваўся ў Думу.
«Кінуты» «ОМОН» і праца над памылкамі
«ОМОН» Вільні і Рыгі сталі часткай гісторыі. У вачах аматараў СССР — апошнімі абаронцамі «вялікай дзяржавы». У вачах літоўцаў і латышоў — злачынцамі.
Пазней ужо брэнд «ОМОН» асацыяваўся з войнамі ў Чачні, куды расійскіх «ОМОНаўцаў» з якога-небудзь Пскова пасылалі «наводзіць парадак». Там «ОМОН» сутыкнуўся ўжо не з мірнымі пратэстоўцамі, а з сапраўднай вайной, таму панёс немалыя страты. Пазней саму назву прыбралі, замяніўшы на спецназ ці СОБР. Яшчэ пазней — вярнулі. І ў Расіі, і ў Беларусі.
Ну і апошняе — пра «кінутасць» «ОМОНа». Пра «здраду» дзяржавы. Пра гэта кажа малады Няўзораў у фільме «НАШИ», прысвечаным віленскаму «ОМОНу». Гэтую мантру паўтараюць сучасныя расійскія публіцысты імперскага гатунку. Можна сказаць, што СССР сваіх апошніх абаронцаў «кінуў», бо сам за сябе ўжо не мог пастаяць. Масква — не кінула, прытуліла.
Сучасны беларускі плакат невядомага мастака — з тэлеграм-каналу «Нашай Нівы»
Цікава, што сённяшняе беларускае кіраўніцтва, відаць, зрабіла працу над памылкамі. Улічыла ўсё. Лукашэнка ўвесь час кажа, што сам аддаваў загады, што гэта «ягоныя красаўцы», што ён іх не здасць. Мабыць, гэтым хлопцам акурат важна, каб нехта ўзяў адказнасць на сябе. Стаў іхным сумленнем. Ну, а ў выпадку чаго — Расія вялікая. Праца заўжды знойдзецца.
Алесь Кіркевіч, Budzma.by