Святлана Ціханоўская распачынае працэс прызнання ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі

Кропка адліку — Нідэрланды, дзе беларускі палітык сустрэлася з міністрам замежных спраў Стэфанам Блокам.

200089700720_302351.jpg

У рамках рабочага візіту ў Нідэрланды Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных спраў Стэфанам Блокам. Яны абмеркавалі міжнародныя расследаванні супраць злачынстваў рэжыму ў Беларусі і запуск працэсу прызнання сілавых структур АМАП і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Блок выказаў гатоўнасць дапамагчы ў гэтым кірунку.

«Раз ГУБАЗіК і АМАП ператварыліся ў злачынныя банды, — адзначыла Святлана Ціханоўская, — мы пачынаем працэдуру прызнання гэтых арганізацый экстрэмісцкімі або тэрарыстычнымі. Усе супрацоўнікі, якія не звольняцца да заканчэння расследавання, будуць прызнаныя саўдзельнікамі і атрымаюць санкцыі і арышт маёмасці. На амністыю змогуць разлічваць толькі тыя сілавікі, якія пяройдуць на бок народа».