ГУБАЗіК затрымаў адміністратара тэлеграм-каналу «Белыя халаты»
На студэнта-чацвёртакурсніка, аднаго са стваральнікаў і адміністратараў тэлеграм-каналу «Белыя халаты», выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК, паведамляе «Свабода».

На чацвёртакурсніка ўніверсітэта выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК. 20-гадовы мінчук з 12 жніўня з’яўляўся адным са стваральнікаў і адміністратараў тэлеграм-каналу «Белыя халаты» і чату «Медыкі і Валанцёры».
Паведамляецца, што падчас ператрусу яго кватэры канфіскавалі планшэт, ноўтбук, атрыбутыку і мабільны тэлефон. Мінчука прызналі падазраваным у крымінальнай справе аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.
МУС паведамляе, што ГУБАЗіК працягвае працу «па выяўленні іншых мадэратараў і адміністратараў радыкальных тэлеграм-чатаў, у тым ліку якія маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці падазраванага».
Напярэдадні ўвечары з’явілася інфармацыя аб узломе невядомымі тэлеграм-каналу беларускіх медыкаў «Белыя халаты», у якога было больш за 50 тысяч падпісчыкаў. Сярод іншага ў канале друкавалася інфармацыя пра акцыі салідарнасці медыкаў, выпадкі ціску, размяшчаліся відэазвароты медработнікаў.