«Мы зробім усё, каб ні адзін дарослы ў Беларусі не баяўся, што ў яго забяруць дзіця, і ніводнае дзіця не баялася, што яго пазбавяць мамы і таты».

Святлана Ціханоўская анансуе стварэнне сістэмы фіксацыі злачынстваў супраць народа Беларусі.

200095800114_236899.jpg

Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай, у якой абвясціла аб стварэнні яшчэ адной грамадскай ініцыятывы ў рамках пратэстнага руху.

«Спачатку яны хапалі людзей на вуліцы, піша Святлана Ціханоўская. — Потым сталі ўрывацца ў кватэры. Цяпер ўрываюцца прама ў сем'і і пагражаюць абвясціць, што дзеці пратэстоўцаў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Саліст хору «Унія» Аляксандр Шык за сваю пазіцыю атрымаў 15 сутак, ягоная жонка — штраф. І цяпер ім пагражаюць яшчэ і тым, што адбяруць прыёмнага непаўналетняга сына. Толькі каб даказаць сваю сілу, яны гатовыя зрабіць дзіця сіратой.

Гэта дробязная і подлая помста сям'і, якая не хоча мірыцца з тым, што адбываецца ў краіне. Для гэтага няма ніякіх прававых падстаў, але рэжым больш не спрабуе ствараць хаця б бачнасць выканання закона. Менавіта таму мы ствараем сістэму фіксацыі сведчанняў злачынстваў супраць народа Беларусі. Гэтая адзіная база доказаў, якую зможа папоўніць кожны і якая наўпрост прывядзе да санкцый і судоў над памагатымі рэжыму. Гэта адзін з крокаў «Народнага Трыбунала» і гэта галоўны спосаб спыніць беззаконне, якое выгадна толькі злачынцам.

Я ведаю, які гэта жах, калі пагражаюць тваім дзецям. І ведаю, што мы зробім усё, каб больш ніводзін дарослы ў Беларусі не баяўся, што ў яго забяруць дзіця, і ніводнае дзіця не баялася, што яго пазбавяць мамы і таты».