Бабін Яр. Каб мы памяталі

У канцы верасня 1941 года немцы захапілі Кіеў і пачалі «чысціць» прастору для «абраных». У выніку гэтай «чысткі» толькі ў адным урочышчы Бабін Яр было расстраляна каля ста тысяч чалавек.

Адкрыццё інсталяцыі ў Бабіным Яры ў 2020 годзе. Фота: kyivcity.gov.ua

Адкрыццё інсталяцыі ў Бабіным Яры ў 2020 годзе. Фота: kyivcity.gov.ua

Памяць — адзін з самых важных механізмаў, які дазваляе чалавеку існаваць, забяспечвае выкананне штодзённых рытуалаў, падтрымку сацыяльных сувязей, асабістае развіццё і шмат іншых працэсаў. Без памяці чалавек ператвараецца ў бездапаможную істоту, няздольную і кроку ступіць без небяспекі для ўласнага жыцця.

Тое самае з дакладнасцю да кожнай літары можна паўтарыць і пра ўсё чалавецтва: без памяці мы імгненна скончым сваё існаванне — таму што проста не будзем ведаць, што нельга, напрыклад, даваць малпе ў рукі гранату.

Памяць вучыць нас. Засвойваючы памылкі, мы набываем досвед, які дазваляе рабіць жыццё лепшым, і менавіта ў гэтым ёсць сэнс пастаяннага вяртання да вывучаных урокаў: не паўтараць памылак.


Глядзіце таксама

Вядома, гэта працавала б, калі б свет быў ідэальным, людзі жылі вечна і можна было б не баяцца смерці. Але чалавек — істота не вечная, і таму кожнае новае пакаленне паўтарае адзін і той жа шлях, з аднымі і тымі памылкамі, бо вучымся мы, на жаль, не на досведзе папярэднікаў, а на ўласнай скуры. Адсюль — войны, дыктатуры, няроўнасць, галеча і ўся магчымая і немагчымая халера, якая робіць чалавека няшчасным.

«Каб мы памяталі» — менавіта з такой мэтай ствараюцца музеі, захоўваюцца тэрыторыі самых страшных месцаў: канцлагераў, турмаў, масавых пахаванняў. І хаця часам падаецца, што гэтым страшным месцам лепш знікнуць з твару зямлі, яны ўсё-ткі павінны заставацца, бо гэта тое нешматлікае, што яшчэ нагадвае чалавецтву, на што яно здольнае.

82 гады таму зусім недалёка ад нас, у сталіцы суседняй Украіны Кіеве пачаўся Халакост — такім, якім яго ведаюць гісторыкі: масавым, безапеляцыйным, бязлітасным. Усяго за два дні, 29 і 30 верасня 1941 года, на ўскрайку горада былі забіты 33 771 чалавек — маленькімі групамі, распранутыя, бяспраўныя, знечалавечаныя. Забітыя толькі за тое, што былі тымі, кім былі — яўрэямі. 

Я спрабую ўявіць сабе гэта — і не магу. Колькі ж было па той бок, са зброяй і патронамі, «правільных», «важных», гатовых судзіць? Двое сутак, 48 гадзін, 2880 хвілін... Атрымліваецца, што ў сярэднім стралялі па 11 чалавек за хвіліну. Канвеерам. Бяздумна. Зарад-курок-спуск, зарад-курок-спуск... Закапалі. Перакур? Змена? А што потым?


Глядзіце таксама

Два з паловай кіламетры ў даўжыню, каля 50 метраў глыбінёю. Голыя целы складвалі пластамі — па два-тры, перш чым прысыпаць зямлёй. Цікава, ці маглі потым гэтыя, хто стралялі, кахацца са сваімі партнёркамі ці партнёрамі, бачыць іх аголеныя целы, дакранацца да іх?

11 чалавек за хвіліну — так пачынаўся Халакост. Пасля, у наступныя дні, разам з яўрэямі туды «паклалі» і іншых, каго называлі «чалавечым смеццем»: пацыентаў псіхіятрычных бальніц і цэлыя табары рома. Акрамя іх, расстралялі ўкраінскіх нацыяналістаў, савецкіх палонных, падпольшчыкаў і партызан. Усяго, паводле розных падлікаў — каля ста тысяч чалавек. Насельніцтва якога-небудзь раённага цэнтра — проста пад корань. З яўрэяў, якія з тых ці іншых прычын заставаліся ў Кіеве на пачатак нямецкай акупацыі, ацалелі, можа, з дзясятак чалавек. На ўвесь агромністы Кіеў. 

Вельмі лёгка ўзнікае спакуса ўпікнуць іх: а што ж не ўцякалі, не ратаваліся, не давалі адпору? Гэтак заўсёды лёгка перавесці фокус з ката на ахвяру, перанесці адказнасць і зняць яе з тых, хто насамрэч павінен адказваць. Гэта нацысцкія салдаты прыйшлі на чужую зямлю, гэта яны забралі сотні тысяч бязвінных жыццяў, якія, канешне, не былі бязгрэшнымі, але ні адно з іх не павінна было абарвацца гвалтоўна, на дне яра, пахаванае пад пластамі жахлівага покрыва з мёртвых цел.

Сёння гэтае жудаснае масавае забойства называюць «трагедыяй Бабінага Яра», а мне падаецца, што гэта не трагедыя. Мы яшчэ слоў такіх не прыдумалі, каб называць такія рэчы адпаведнымі імёнамі. Халакост, генацыд, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці — гэта ўсё так, але гэта сухая мова фактаў, а сэрца баліць па-іншаму.


Глядзіце таксама

Тое, што адбывалася ў Бабіным Яры і мусіла адбывацца паводле планаў нямецкіх акупантаў (а там не толькі расстрэльвалі і закопвалі целы, іх пасля яшчэ адкопвалі і палілі; былі нават планы пабудаваць завод і рабіць з забітых мыла), — жудасна цынічна і бесчалавечна. Здаецца, што чалавецтва недастаткова хапнула гора ў Першай сусветнай, і трэба было «дабраць» яшчэ. Але вось прайшла Другая сусветная — у літаральным сэнсе слова, прайшла па нашых землях, дзе ледзь не на кожным кроку помнікі, мемарыялы, напаміны, — і нявывучаныя ўрокі ўсёдазволенасці паўтарыліся. На той самай зямлі, з тымі самымі матывамі, толькі цяпер вораг адзін, і ён увабраў у сябе ўсё папярэдняе: і ваенныя злачынствы, і чырвоны тэрор, і галадамор. І людзей забіваюць толькі таму, што яны — тыя, хто яны ёсць.

Доўгі час адны злачынцы пакрывалі іншых. У беларускіх гарадах дагэтуль не знайсці на помніках згадак пра яўрэяў і Халакост, як і пра многія іншыя жахлівыя рэчы, якія мы перажылі ў 20-м стагоддзі. Украіна зрабіла сваю работу над памылкамі і назвала рэчы сваімі імёнамі, як толькі змагла зрабіць гэта самастойна і незалежна ні ад каго. Новая вайна перапыніла гэтую працу над гістарычнай памяццю, але без сумневаў можна сказаць адно: ахвяры войнаў там не будуць забытыя, і помнікам ім будзе сама зямля.