БагатаДата 9–15 траўня
Быў час, калі парадаў Перамогі не было, а Уладзімір Маякоўскі вучыўся жывапісу ў нашага земляка. Яшчэ больш цікавых і незвычайных фактаў — у традыцыйным аглядзе.
9 траўня
Дзень Еўропы, а таксама Сусветныя дні мігруючых птушак і справядлівага гандлю.
1945. У СССР, у тым ліку Беларусі, упершыню адзначаны Дзень Перамогі. Выхадным свята было таксама ў 1946 і 1947 гадах. А затым стала працоўным днём: нібыта Сталіну не давала спакою папулярнасць маршала Жукава. Не праводзілася і ваенных парадаў. Зноў выхадным Дзень Перамогі 9 траўня стаў у 1965 годзе.
10 траўня
1925. У вёсцы Новая Мільча Гомельскага раёна нарадзіўся салдат Другой сусветнай вайны Віктар Вятошкін, поўны кавалер ордэна Славы. Цікава, што трэці з ордэнаў Славы (1-й ступені) ён атрымаў толькі ў 1970 годзе, калі адзін пісьменнік, працуючы ў ваенных архівах, адшукаў, што мінамётчык з Беларусі за баі ў Германіі быў уганараваны гэтым ордэнам, але так і не атрымаў.
11 траўня
1855. Археолагам, гісторыкам і калекцыянерам Яўстахам Тышкевічам заснаваны Віленскі музей старажытнасцяў. Музейны фонд склалі калекцыі самога Тышкевіча, а таксама тое, што ахвяравалі іншыя мецэнаты. Сярод ахвярадаўцаў былі паэты Уладзіслаў Сыракомля і Францішак Багушэвіч.
12 траўня
Міжнародны дзень медыцынскай сястры.
13 траўня
1840. У фальварку Кункулка Лідскага раёна на Гродзеншчыне нарадзіўся Цітус Далеўскі, удзельнік паўстання 1863 года. Аднакласнік паэта Францішка Багушэвіча ў Віленскай гімназіі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага.
Цітуса Далеўскага арыштавалі на кватэры ўдавы паэта Уладзіслава Сыракомлі, дзецям якой ён выкладаў рускую мову. Ён прыкінуўся студэнтам-рэпетытарам, але пры вобшуку ў яго дома знайшлі кампраматныя паперы. Далеўскага расстралялі на Лукішскай плошчы ў Вільні 30 снежня 1863 года. Цітус Далеўскі быў сярод тых паўстанцаў, каго ўрачыста перапахавалі восенню мінулага года ў Вільні на могілках Росы.
1875. У фальварку Ендрыхаўцы Ваўкавыскага раёна на Гродзеншчыне нарадзіўся жывапісец-пейзажыст Станіслаў Жукоўскі. Быў пастаянным удзельнікам Таварыства перасоўнікаў, меў у Маскве ўласную школу жывапісу. Сярод яго вучняў быў паэт і графік-плакатыст Уладзімір Маякоўскі. У 1920-х пераехаў у Польшчу. Штогод Станіслаў Жукоўскі выязджаў на пленэры на родную Гродзеншчыну. Быў арыштаваны нацыстамі як удзельнік Варшаўскага паўстання. Загінуў у лагеры смерці ўвосень 1944 года, пахаваны ў брацкай магіле.
1905. У Мінску нарадзілася легендарная актрыса Купалаўскага тэатра, народная артыстка СССР Стэфанія Станюта. Здымалася і ў кінафільмах: «Пра Чырвоны Каптурок», «Белыя росы», «Людзі на балоце», «Не забудзьцеся выключыць тэлевізар».
14 траўня
1995. У Беларусі адбыўся першы рэферэндум, у выніку якога бел-чырвона-белы сцяг у якасці дзяржаўнага сімвала быў заменены на чырвона-зялёны, а герб «Пагоня» — на цяперашні «герб з каласкамі». Прычым бел-чырвона-белы сцяг з Дома ўраду ўлады знялі ганебна: кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў публічна разарваў яго і распісаўся на шматках.
Апрача таго, руская мова атрымала статус дзяржаўнай, што ў выніку прывяло да згортвання працэсу беларусізацыі, які пачаўся ў пачатку 1990-х гадоў.
15 траўня
Міжнародныя дні клімату і сем’яў.
1845. У фальварку Свольна (цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці) нарадзіўся геолаг і географ, даследчык Сібіры Ян Чэрскі. Яго імя носяць горная сістэма ў Якуціі і Магаданскай вобласці, горны хрыбет у Забайкаллі, пасёлак на рацэ Калыма ў Якуціі, найвышэйшая (2763 м) вяршыня Байкальскага хрыбта, стаянка першабытнага чалавека каля Іркуцка.
1905. У газеце «Северо-Западный край» у друку з вершам «Мужык» дэбютаваў класік беларускай літаратуры Янка Купала.
1990. Пачаў працу Вярхоўны Савет БССР 12 склікання, які абвясціў незалежнасць Беларусі.