Што вы ведаеце пра Беларускую місію ў Берліне?

Дзякуючы нястомным намаганням беларускіх палітыкаў, гісторыкаў, і журналістаў сёння мы ведаем пра Беларускую Народную Рэспубліку значна больш. Прапануем вашай увазе матэрыял, зроблены на падставе ўнікальных гістарычных дакументаў. Упершыню ён быў апублікаваны на нашым сайце ў 2009 годзе.



f73b76ce8949fe29bf2a537cfa420e8f.jpg


Беларускія дыпламаты

Пасля абвешчання ў 1918 годзе незалежнасці Беларусі ў шэраг еўрапейскіх сталіц для ўсталявання дыпламатычных адносін былі накіраваны ўрадавыя дэлегацыі БНР. Адну з важнейшых роляў у знешнепалітычнай дзейнасці БНР адыграла яе Надзвычайная місія ў Берліне. Яна на працягу амаль сямі гадоў (1919–1925) у складаных умовах годна прэзентавала Беларусь і ў той жа час з’яўлялася адным з галоўных цэнтраў БНР па каардынацыі дзейнасці беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой. Акрамя сваёй афіцыйнай назвы — Надзвычайная дыпламатычная місія Беларускай Народнай Рэспублікі ў Германіі — прадстаўніцтвам выкарыстоўваліся і іншыя: Надзвычайная місія БНР у Берліне, Дыпламатычная місія БНР, Генеральная дыпламатычная місія БНР.
Першым афіцыйным пасланнікам БНР у Германіі стаў капітан Антон Борык. Ён прыбыў у Берлін з Гродна 23 сакавіка 1919 года як кіраўнік Беларускай ваеннай місіі па справах ваеннапалонных. У нямецкіх лагерах для ваеннапалонных знаходзілася каля 60000 беларусаў. З іх беларускі ўрад спадзяваўся сфармаваць вайсковыя аддзелы, якія пазней маглі скласці аснову нацыянальнага войска. Ужо ў пачатку красавіка Борык, наладзіўшы сувязь з Міжнароднай камісіяй па справах ваеннапалонных, актыўна вёў працу сярод вайскоўцаў-суайчыннікаў. Яму дапамагаў генерал Кіпрыян Кандратовіч, які ўваходзіў у склад дэлегацыі БНР на Парыжскую мірную канферэнцыю.
У сакавіку таго ж года ў Берлін з Кіева прыбылі міністры БНР Васіль Захарка, Аляксандр Цвікевіч, а таксама Аркадзь Смоліч, прызначаны на пасаду амбасадара Беларусі ў Германіі.


Берлінскі перыяд

Напрыканцы сакавіка да групы далучаецца і сам старшыня Рады БНР Антон Луцкевіч, які спадзяваўся атрымаць запісаны на яго імя акрэдытыў у 1,6 мільёна марак у Рэйхсбанку. Грошы былі выдаткаваны беларускаму ўраду кіраўніцтвам Украінскай Народнай Рэспублікі. Практычна тры месяцы да развязання фінансавага пытання ўрад БНР амаль у поўным складзе апынуўся ў Берліне. «Нямецкі ўрад адмовіўся выдаць належныя беларускаму ўраду паводле ўкраінскага акрэдытыву грошы. Гэта, а таксама доўгая працэдура атрымання пропускаў у Парыж, прымусіла дэлегацыю і сябраў ураду правесці ў Берліне каля трох месяцаў. Такім чынам у Берліне... утварыўся часова цэнтр беларускай палітычнай работы: іншага цэнтру з прычыны заняцця палякамі Гродна і непрыхільных адносін ковенскага ўраду беларусы на той час не мелі», — тлумачыў Антон Луцкевіч.

narodny_sakrataryjat_bnr.jfif

Народны Сакратарыят БНР (злева направа сядзяць) Алесь Бурбіс, Іван Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, (стаяць) Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсяньнік, Лявон Заяц


Берлінскі перыяд дзейнасці Рады міністраў БНР вызначаецца істотнай актыўнасцю: рэгулярна праводзяцца ўрадавыя пасяджэнні, арганізуюцца неафіцыйныя сустрэчы з уплывовымі нямецкімі палітыкамі, журналістамі, наладжваюцца кантакты з дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі Нямеччыны.
6 красавіка 1918 года ў Берлін прыбывае дэлегацыя ад афіцэраў-беларусаў з лагера ваеннапалонных у Зэльцведэле на чале з палкоўнікам Вішнеўскім. Дэлегацыя перадае ў Беларускае ваеннае прадстаўніцтва пастанову, падпісаную 60-ю афіцэрамі, з просьбай хутчэй накіраваць іх на бацькаўшчыну, каб браць удзел у фармаванні нацыянальных вайсковых аддзелаў. На жаль, магчымасці беларускіх урадаўцаў у вырашэнні вайсковых пытанняў былі абмежаваныя.

«Сіндыкат Сапегі»

Дзейнасць беларускага ўраду ў іншых кірунках была больш выніковай. Усталёўваюцца шчыльныя кантакты з прадпрымальнікам, ураджэнцам Беларусі Станіславам Львом Сапегам-Ваяводам, які стварае ўласную фірму — «Сіндыкат Сапегі для Еўропы і Азіі на Беларусі». Пэўны час ён аказвае прадстаўніцтву беларускага ўраду ў Берліне фінансавую дапамогу. У складзе Берлінскай канторы «Сіндыката» працавала шмат беларусаў. Паўнамоцным дырэктарам яе да лета 1920 года быў ужо згаданы А. Борык. С. Л. Сапега-Ваявода заснаваў першую за межамі былой Расійскай імперыі Беларускую службу друку і тэлеграфнай інфармацыі, якая двойчы на тыдзень выдавала інфармацыйныя бюлетэні, у якіх галоўная ўвага надавалася беларускай тэматыцы. 

У красавіку 1919 года беларуская дэлегацыя на Парыжскую мірную канферэнцыю падае амбасадарам Францыі, Англіі і ЗША ў Берліне мемарандум ад імя Рады міністраў БНР з просьбай прызнаць беларускую дзяржаву. А. Луцкевіч вядзе перамовы з камандуючым усімі лагерамі ваеннапалонных у Германіі генералам Патоцкім пра лёс палонных беларускіх вайскоўцаў. Ён ладзіць кантакты з нямецкімі сацыял-дэмакратамі і з іх лідэрам — Карлам Кауцкім. Менавіта праз яго быў перададзены 23 красавіка 1919 года прывітальны ліст Прэзідыуму Міжнароднай сацыял-дэмакратычнай канферэнцыі ў Амстэрдаме ад беларускіх сацыял-дэмакратаў.

Дэ-юрэ і дэ-факта

Афіцыйная рэгістрацыя Дыпламатычнай місіі БНР у Германіі адбылася 4 мая 1919 года. Тады Луцкевіч звярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Германіі. Рэзалюцыя МЗС сведчыла пра тое, што нямецкі ўрад быў не супраць размяшчэння беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва.
2 ліпеня 1919 года адбылося першае пасяджэнне місіі, аднак цалкам штат быў укамплектаваны прыкладна ў жніўні. Толькі 25 жніўня выконваючы абавязкі шэфа місіі Леанард Заяц быў афіцыйна прызначаны паўнамоцным прадстаўніком беларускага ўраду ў Берліне. Але 27 кастрычніка таго ж года з-за хваробы апошняга на гэтую пасаду прызначаецца Леанід Баркоў, які раней уваходзіў у склад беларускай дэлегацыі ў Парыжы.

28 жніўня 1919 года старшыня ўраду БНР Антон Луцкевіч акрэсліў задачы, што стаялі перад дыпламатычнай службай: «Місія ў Берліне... павінна... служыць этапным пунктам дзеля зносін паміж Беларуссю і Літвою з аднаго боку і Парыжам — з другога. Апроч таго, на ёй ляжаў абавязак шырокай працы ў прэсе і арганізацыі палонных беларусаў».
Восенню 1919 года Надзвычайная дыпламатычная місія БНР у Германіі складалася з трох аддзелаў — консульскага, ваеннага і аддзелу прэсы. У ёй працавалі шэф місіі Леанард Заяц (пазней Леанід Баркоў); сакратар доктар Паўлоўскі; юрысконсульт Бруна Мілер; начальнік ваеннага аддзела місіі Антон Борык; дарадца па вайсковых справах Яўхім Бялевіч; дарадца па справах прэсы Валянцін фон Дзітман.
Нямецкі ўрад не спяшаўся канчаткова вызначыцца ў пытанні прызнання дэ-юрэ і дэ-факта Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля паразы ў першай сусветнай вайне, звязаная ўмовамі Версальскай мірнай дамовы, Германія праводзіла асцярожную знешнюю палітыку, азіраючыся на краіны Антанты.

Паміж Захадам і Усходам

Пасля расколу Рады БНР на снежаньскай сесіі 1919 года ў Мінску Берлінская місія падпарадкавалася юрысдыкцыі ўраду Народнай Рады БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім, што стаяў на антыпольскіх пазіцыях і месцам сваёй рэзідэнцыі абраў Коўна (Літва). З гэтага часу цікавасць да беларускага пытання ў Міністэрстве замежных спраў Германіі значна ўзрасла.

Так, 29 красавіка 1920 года на запыт Шлескага геаграфічнага таварыства МЗС паведамляла: «Тэрыторыя, на якой жывуць беларусы, часткова акупавана палякамі; а другая частка яе цяпер знаходзіцца пад уладай бальшавіцкага ўраду са сталіцай у Менску, якая, аднак, існуе ў залежнасці ад Масквы. Акрамя таго, знаходзіцца больш дэмакратычна зарыентаваны ўрад у Коўна, які быў створаны яшчэ раней, розныя беларускія дэлегацыі якога маюць свае прадстаўніцтвы ў паасобных сталіцах Еўропы. Гэты ўрад дарэмна вядзе перамовы пра прызнанне яго савецкімі маскоўскімі ўладамі. А таму зараз Беларусь не можа разглядацца ў якасці самастойнага дзяржаўнага ўтварэння, а таму і не можам даць Вам пэўных дадзеных нават пра прыблізныя межы гэтага краю».

Пра тое, што Германія надавала важнае значэнне кантактам з БНР, сведчыць факт адкрыцця ў Берліне пры МЗС асобнага беларуска-ўкраінскага аддзелу, які падтрымліваў шчыльныя сувязі як з Надзвычайнай місіяй БНР, так і з самім беларускім урадам у Коўна. Пра гэта сведчаць цыркуляры, што высылаліся МЗС Германіі сваім амбасадарам у Маскве, Рызе і Коўна.
Цыркуляр МЗС Германіі ад 4 лістапада 1920 года падае інструкцыю сваім дыпламатычным прадстаўнікам у Рызе, Коўна, Маскве, Стакгольме, як у гэтай палітычнай сітуацыі ставіцца да ўраду БНР: «Між іншым, што тычыцца беларусаў, хацелася б адзначыць наступнае: яны з вясны 1919 года ўтрымліваюць у Берліне дэлегацыю і неаднаразова патрабавалі ад Міністэрства замежных спраў прызнання дэ-юрэ і фінансавай падтрымкі. На гэта ім было адказана, што мы прытрымліваемся прынцыпу права народаў на самавызначэнне, пры гэтым з сімпатыяй ставімся да самастойнае Беларусі. Гэта і магло б стаць пацвярджэннем нашых сімпатыяў, але згодна з пастановамі мірнай Парыжскай дамовы нам прадпісаны пэўныя абмежаванні; асаблівыя цяжкасці мы адчуваем у праблеме прызнання з нашага боку Беларусі дэ-юрэ наперад краінаў Антанты. Пэўна ж, не бярэцца пад сумнеў прызнанне Беларусі дэ-факта, пакуль гэты беларускі ўрад знаходзіцца па-за межамі краю і пазбаўлены ўсяго таго, што неабходна для функцыянавання органаў дзяржаўнага кіравання.
Я прашу Вас, каб Ваша пазіцыя ў дачыненні да беларусаў супадала б з вышэйпададзенымі прынцыпамі, але пры гэтым, ідучы на супрацоўніцтва, неабходна звяртаць асаблівую ўвагу на захаванне неафіцыйнасці дачыненняў, паклаўшы гэта ў аснову дзейнасці з беларускімі прадстаўніцтвамі».

Пашпарты БНР

Характэрным у тагачасных нямецка-беларускіх дачыненнях ёсць тое, што ўрад Нямеччыны за законнага прадстаўніка беларускага народу схільны быў лічыць менавіта Раду і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, а не прамаскоўскія ўлады Савецкай Беларусі.
1919–1921 гады можна лічыць найбольш плённым перыядам у дзейнасці Берлінскай місіі БНР. Пасля перамоваў з прадстаўнікамі знешнепалітычнага і ваеннага ведамстваў Нямеччыны беларускія прадстаўнікі дамагліся дазволу выдаваць грамадзянам Беларусі пашпарты БНР, а былым ваеннапалонным, ураджэнцам Беларусі, — урадавыя пасведчанні. Маючы пашпарт грамадзяніна БНР, яго ўладальнікі маглі без перашкод жыць у свабоднай Еўропе, атрымаць візу на пераезд у Амерыку або вярнуцца на радзіму.

У справе былых беларускіх ваеннапалонных нямецкія ўлады дазволілі місіі БНР правесці іх рэгістрацыю. Згодна з ёю былі складзеныя спісы больш за 10 тысяч ураджэнцаў Беларусі, якія яшчэ знаходзіліся ў Германіі ў лагерах для інтэрнаваных. Гэта дало магчымасць арганізаваць апошнім грашовую дапамогу праз Беларускі Чырвоны Крыж.

Слова ёсць справа

Шмат было зроблена місіяй у культурна-асветнай і выдавецкай справе. У кастрычніку 1920 года ў Берліне праз больш як паўгадавы перапынак узнавіла дзейнасць Беларускае прэс-бюро, кіраўніком якога часова быў прызначаны Л. Заяц. Распачаўся выпуск інфармацыйных бюлетэняў, якія фактычна дублююць адпаведныя выданні Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, што перасылаў з Рыгі ў Берлін Кастусь Езавітаў, і бюлетэні прэс-бюро з Коўна. Гэта было важнай і кампетэнтнай крыніцай інфармацыі пра Беларусь для нямецкай грамадскасці, прэсы і ўрадавых устаноў.
Апрача розных прыватных тэлеграфных агенцтваў Беларускаму прэс-бюро ў Берліне ўдалося наладзіць супрацоўніцтва з летувіскім дзяржаўным тэлеграфным агенцтвам «Эльта», вельмі ўплывовымі ў нямецкіх афіцыйных колах «Агенцтвам Вольфа», «Прэсэ-Вартэ», якое дзейнічала пры МЗС Германіі.
З Беларускім прэс-бюро ў Берліне была шчыльна звязаная інфармацыйная служба БНР у Гданьску (Данцыгу), утвораная ў верасні 1921 года (кіраваў Ісаак Лур’е).
Шмат было зроблена місіяй у выдавецкай справе. Усе дыпламатычныя і агульнаграмадзянскія пашпарты БНР былі надрукаваныя менавіта ў Германіі. Дзякуючы стварэнню ў 1920 годзе выдавецкай суполкі «Вызваленне» ўбачылі свет кніга А. Цвікевіча «Адраджэнне Беларусі і Польшча», каляровыя паштоўкі з гербамі беларускіх ваяводстваў і этнаграфічная мапа Беларусі. Планавалася да выдання на нямецкай мове брашура К. Езавітава «Беларусы і палякі». У Берліне выйшла таксама папулярная сярод беларускіх ваеннапалонных кніга «З роднага краю». Пры ўдзеле Беларускай місіі, у берлінскім выдавецтве Карла Круціуса выйшла на нямецкай мове кніга «Беларусь», якую склаў нямецкі журналіст Вальтэр Егер, сябра віленскага беларускага асяродку.
Дзеля пашырэння сярод нямецкай грамадскасці звестак пра Беларусь сябры місіі ладзілі ў грамадскіх і партыйных клубах нямецкай сталіцы лекцыі, на якіх асвятляліся пытанні гісторыі і культуры беларускага народа, сучаснага палітычнага і эканамічнага становішча краю.
З ініцыятывы ўраду БНР у лістападзе 1919 года ў Берліне адбылася важная нарада прадстаўнікоў беларускіх місіяў і кансулатаў у Германіі, Францыі, Чэхаславакіі і Польшчы, якая адыграла значную ролю ў справе каардынацыі дыпламатычна дзейнасці. Дзякуючы Берлінскай місіі была ўсталяваная сувязь з палкоўнікам Янам Ермачэнкам у Канстанцінопалі. Праз нейкі час там паўстаў беларускі кансулат. У 1920 годзе былі таксама ўтвораныя консульскія аддзелы ў Бялградзе і Сафіі.

Фінансаванне

Плён і актыўнасць палітычнай і культурна-асветнай дзейнасці Беларускага прадстаўніцтва БНР у Германіі ў значнай ступені залежалі ад фінансавых магчымасцяў. Акрамя сціплых і нерэгулярных паступленняў грошай ад беларускага ўраду з Коўна, місія зарабляла сродкі на існаванне за кошт консульскіх паслуг (за ўвесь час было выдадзена каля 2 тысячы пашпартоў), акрамя таго, былі і невялікія асігнаванні з боку добраахвотных фундатараў. У залежнасці ад наяўнасці грошай, місія то пашырала сваю дзейнасць, то абмяжоўвала яе да мінімуму.
Для паляпшэння свайго фінансавага становішча беларускі ўрад імкнуўся наладзіць уласную гандлёвую справу. У сувязі з гэтым у 1921 годзе Радай міністраў БНР была ўтворана адмысловая Гандлёвая камісія на чале з В. Захаркам, а пазней — Міністэрства гандлю і прамысловасці, якое ўзначаліў Майсей Жытлоўскі. Пасярэднікам у гандлёвых аперацыях ураду БНР у Нямеччыне выступала Берлінская місія. Гандлёвая дзейнасць БНР і місіі ў Берліне не прынесла жаданых дывідэндаў, тым не менш была працяглай паводле часу і разнастайнай паводле характару.
У пошуках фінансавых сродкаў урад БНР зноў імкнецца атрымаць грошы па старым украінскім акрэдытыве, што ляжаў у Берлінскім Рэйхсбанку і на які нямецкія ўлады наклалі арышт. Спадзеючыся атрымаць гэтыя грошы пры дапамозе нямецкай фірмы ІВЕГ, беларускі ўрад падпісвае з ёй гандлёвае пагадненне пад гарантыю ўкраінскага крэдыту ў 3 мільёна марак. ІВЕГ выдзяляе ковенскаму ўраду БНР прамысловыя і спажывецкія тавары дзеля рэалізацыі іх беларускімі кааператывамі. З-за дрэннай якасці тавараў беларускі бок панёс фінансавыя страты. У студзені 1923 года гандлёвае пагадненне было скасавана.
Пасля пераезду Рады міністраў у Прагу роля Берліну ў знешнепалітычнай дзейнасці БНР паступова падае. З 1 верасня 1922 года цалкам спыняецца фінансаванне місіі з боку ўраду, прадстаўніцтва пераходзіць на самаўтрыманне. Пасля падпісання пагаднення паміж Германіяй і БССР Берлінская місія БНР фактычна знаходзілася на паўлегальным становішчы.
Канчаткова сваю дзейнасць місія БНР спыніла ў кастрычніку 1925 года пасля сумна вядомай Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне, на якой было прынята рашэнне пра ліквідацыю ўраду БНР.