Хто паляваў на савецкіх афіцэраў у Бабруйску?

Заканчэнне Айчыннай вайны суправаджалася ўсплёскам злачыннасці. Пасля сталінскай амністыі на волю з лагераў выйшлі тысячы крымінальнікаў. Таксама ў розныя банды сцякаліся былыя паліцаі і дэзерціраў. Не стаў выключэннем і Бабруйск.



parad_v_bobrujskie_avhust_45.jpeg

Парад савецкіх войскаў у Бабруйску, жнівень 1945 года

Яшчэ ў чэрвені 1944 года на стол Сталіну лёг даклад Берыі, у якім, у прыватнасці, паведамлялася, што ў Бабруйску ў лютым 1944-га быў створаны «Саюз барацьбы супраць бальшавізму» (СБСБ). У яго задачы ўваходзіла барацьба з партызанамі, арганізацыя ўзброеных атрадаў, стварэнне так званых «абарончых вёсак», вядзенне агітацыйнай і прапагандысцкай працы.

У Маскве, безумоўна, ведалі, што на чале СБСБ стаяў заўзяты антыкамуніст Міхаіл Актан (сапраўднае прозвішча Натко). Гэта быў былы салдат РККА, які восенню 1941-га перайшоў на бок немцаў. Служыў у 612-й роце прапаганды пры 2-й нямецкай танкавай арміі. У 1942 годзе быў завербаваны СД у якасці агента. Пазней стаў рэдактарам нацысцкай газеты «Речь». У ліпені 1943-га выехаў з рэдакцыяй у Бабруйск.

1_bobrujskie_policejskie.jpg

                              Бабруйскія паліцэйскія

Кіраўнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панцеляймон Панамарэнка ацэньваў дзейнасць Міхаіла Актана як вельмі небяспечную ў ідэалагічным плане. Па дадзеных ЦШПР, Актан узначальваў Бабруйскае абласное аддзяленне СБСБ, якое па сваёй сутнасці адыгрывала ролю фактычнага Цэнтральнага камітэта гэтай пранацысцкіх арганізацыі.

3_1maja_1944_g_v_bobrujske_vidna_emblema_sbpb.jpg

                      1 мая 1944 года ў Бабруйску. Бачная эмблема СБСБ 

Дзякуючы Актану-Натко СБСБ стаў радыкальна антысеміцкай арганізацыяй і разгарнуў актыўную прапагандысцкую дзейнасць. Эмблемай «Саюза барацьбы супраць бальшавізму» быў абраны Георгій Перамоганосец і Георгіеўскі Крыж. Буйной акцыяй СБСБ стала адкрыццё дзіцячага прытулку на 700 дзяцей. 1 красавіка 1944 года было абвешчана пра стварэнне «добраахвотніцкіх ахоўных дружын», у якія пад уплывам прапаганды досыць актыўна ўступалі байцы і камандзіры раскватараваных у раёне Бабруйска ўсходніх батальёнаў. 5 мая 1944 года на зборы прапагандыстаў «народных дружын СБСБ» Міхаіл Актан выступіў з праграмнай прамовай.

4_meroprijatie_kollaboracionistov_v_bobrujske.jpg

                         Мерапрыемства калабарантаў у Бабруйску

5.jpg

Усю гэтую калабарацыйную валтузню давялося спешна згарнуць пасля распачатай летам 1944-га савецкай наступальнай аперацыі «Баграціён». 29 чэрвеня 1944 года быў вызвалены Бабруйск. Некаторым рускім нацыяналістам удалося збегчы на захад. Па адной інфармацыі, Актан-Натко быў схоплены чырвонаармейцамі ў вызваленым Бабруйску і расстраляны. Па другой, яму ўсё ж удалося ўратавацца. Большасць сяброў СБСБ падалася ў лясы.

6_prisjaga_sbpb.jpg

                         Прысяга СБСБ

У жніўні 1945-га ў Бабруйску адбыўся ўрачысты парад савецкіх войскаў. Здавалася, што гора пакінула гэтыя мясціны назаўсёды. Але хутка з Бабруйска ў Мінск паляцелі паведамленні аб частых нападах на афіцэраў і вайскоўцаў савецкай арміі. Невядомыя злачынцы высочвалі вайскоўцаў і, па-зверску расправіўшыся з імі, забіралі іх ваенную форму, асабістыя рэчы, дакументы і ўзнагароды. У МДБ меркавалі, што ім давядзецца сустрэць актыўны супраціў розных антысавецкіх элементаў на захадзе Беларусі, але мала хто думаў, што і на ўсходзе рэспублікі будзе неспакойна.

sovetskie_oficeri_na_parade_v_bobrujske_avgust_1945.jpeg

                     Савецкія афіцэры на парадзе ў Бабруйску, жнівень 1945 года

У кастрычніку 1946года са службовым заданнем у Бабруйск быў накіраваны франтавік, капітан-артылерыст, намеснік начальніка артылерыйскага складу №3452 у Баранавічах Аляксандр Прэз. Гэты чалавек пачаў вайсковую службу яшчэ задоўга да вайны на артылерыйскім палігоне ў Крупках. У 1938 годзе ён цудам пазбег арышту па даносе аб «утойванні кулацкага паходжання». У чэрвені 1941 года Аляксандр Іосіфавіч удзельнічаў у эвакуацыі палігона. Потым было адступленне. Узімку 1941-га браў удзел у абароне Масквы, за што быў узнагароджаны двума ордэнамі «Чырвонай Зоркі» і медалём «За абарону Масквы». У баях ва Усходняй Прусіі ў 1944 годзе быў паранены. Вайну скончыў у Кёнігсбергу.

alesandr_prez.jpeg

          Аляксандр Прэз

У кастрычніцкія дні 1946 года капітан Прэз прыбыў у Бабруйск разам з салдатам суправаджэння. Горад быў практычна ўвесь разбураны. На начлег вайскоўцы спыніліся ў адным з ацалелых прыватных дамоў. На наступны дзень, выканаўшы заданне камандавання, капітан адпусціў байца, а сам зайшоў у афіцэрскую сталовую.

Бліжэй да вечара салдат, занепакоены адсутнасцю афіцэра, забіў трывогу. Цела капітана Прэза знайшлі ў руінах аднаго з бабруйскіх дамоў. Следства паказала, што афіцэр быў забіты стрэлам у твар. Нападаючыя забралі форму, асабістыя і службовыя дакументы, грошы і ўзнагароды.

10_supruga_ubitogo_banditami_a_preza_s_docher_mi_u_groba_muzha_14_oktjabrja_1946_g_.jpeg

              Жонка забітага бандытамі Аляксандра Прэза з дочкамі каля труны мужа

Жонка забітага Ніна Пятроўна Герасько пасля ўспамінала, што следчы ваеннай пракуратуры, які займаўся справай аб забойстве капітана Аляксандра Прэза, паведаміў ёй, што гэта быў ужо не першы выпадак нападу на савецкіх афіцэраў у Бабруйску. За некалькі гадзін да трагедыі капітана бачылі ў сталовай у кампаніі невядомага малодшага афіцэра.

Інфармацыя аб дзейнасці арганізаванай банды з былых паліцаяў пад Бабруйскам не на жарт насцярожыла савецкія спецыяльныя органы. З Масквы ў Мінск прыйшоў загад аб пачатку высылкі з Бабруйскай вобласці (такая існавала ў перыяд з 1944 па 1954 гады) сем’яў тых, хто ў час вайны служыў немцам. Не забыліся і пра ўдзельнікаў «Саюза барацьбы супраць бальшавізму», якіх, паводле інфармацыі МДБ, было нямала ў бабруйскіх лясах. Міністр унутраных спраў БССР Сяргей Бельчанка крычаў на сваіх падначаленых: «У Заходняй Беларусі ёсць умовы для існавання бандфармаванняў, асабліва нацыяналістычнага кшталту. А тут узброеная банда дзейнічае ў былым партызанскім раёне. Даю вам пару дзён для прыняцця рашэння аб спосабах ліквідацыі гэтых бандытаў».

7_manifest_sbpb.jpg

Былі здагадкі, што банда на самай справе з’яўлялася створаным немцамі атрадам для правядзення арганізаваных дыверсій у тыле савецкіх войскаў. А гэта азначала, што міліцыі і вайскоўцам супрацьстаялі не звычайныя крымінальнікі, а добра падрыхтаваныя дыверсанты.

8_chlenskij_bilet_sbpb.jpg

              Білет чальца СБСБ

Падчас аперацыі па дэпартацыі сем’яў былых паліцаяў у рукі МДБ БССР трапіў сваяк аднаго з кіраўнікоў банды. Гэтага чалавека ўдалося завербаваць і накіраваць у лес з заданнем вывесці МДБ на бандытаў. Прыкрыццём для «крата» была легенда пра тое, што ён збег ад міліцыі падчас аперацыі па высылцы. Неўзабаве агент апынуўся ў атрадзе бабруйскіх «лясных братоў».

9_lichnie_veschi_sovetskogo_oficera_v_1946_g_dokumenti_planshet_nagradi_forma.jpg

              Асабістыя рэчы савецкага афіцэра, 1946 год. Дакументы, планшэт, узнагароды

У выніку агент «Сваяк» навёў супрацоўнікаў савецкіх спецыяльных органаў на тайны прытулак бандытаў. Бой з імі быў жорсткі. Пасля следчы ваеннай пракуратуры раскажа жонцы капітана Прэза, што кіраўнікі банды адстрэльваліся да апошняга патрона. Ім удалося параніць некалькіх салдатаў унутраных войскаў, але ў выніку ўсе яны былі знішчаны. Пры бандытах былі знойдзены дакументы на імя забітых імі савецкіх афіцэраў, дый апранутыя злачынцы былі ў афіцэрскую форму, знятую, па ўсёй бачнасці, з іх ахвяр.

bratskaja_mogila_v_baranovichah_gde_pohoronen_kapitan_a_prez.jpg

                    Брацкая магіла, дзе пахаваны Аляксандр Прэз

Цела капітана Аляксандра Іосіфавіча Прэза даставілі ў Баранавічы і пахавалі ў брацкай магіле ў цэнтры горада. Пасля камандзіроўкі з Бабруйска гэты чалавек павінен быў атрымаць маёрскія пагоны. Прадстаўленне на прысваенне чарговага звання ўжо ляжала ў штабе.

Аўтар выказвае шчырую падзяку дачцэ Аляксандра Прэза Людміле Аляксандраўне Бядрыцкай і яе сыну Віталю за прадстаўленыя матэрыялы.