Кітай. Упершыню судзяць хунвейбіна
Увесь кітайскі інтэрнэт стаіць на вушах з-за паведамлення на сайце афіцыйнага агенцтва «China News Service» пра судовы працэс над асобай, якая забіла падчас культурнай рэвалюцыі ў 1967 годзе доктара (у той час усе прадстаўнікі гэтай прафесіі лічыліся контррэвалюцыянерамі).

Адпаведна інфармацыі «China News Service», абвінавачанне выстаўлена на адрас спадара Цю, якому, дарэчы, стукнула 80 гадоў. Ліберальная грамадскасць успрыняла гэта паведамленне як знак хуткіх дэмакратычных перамен. Справа ў тым, што ў КНР забаронена казаць пра ахвяраў культурнай рэвалюцыі з-за таго, што гэта кідае цень на бацьку нацыі Маа Цзэдуна, які, як вядома, інспіраваў кампанію культурнай рэвалюцыі. Гэты трагічны перыяд гісторыі дасюль праходзіць у падручніках КНР як «эпізод барацьбы». Адсюль і энтузіязм ліберальнай публікі, які, аднак, магчыма, заўчасны.
Ёсць інфармацыя, што той самы Цю знаходзіўся ў вышуку з 1980 года за розныя правіны, таму, верагодна, што яго злачынства ў якасці хунвейбіна папросту дадалі да агульнай справы.
Паводле французскай прэсы