Пахаваньне Вайніцкага: пагрозы журналістам за відэа- і фотарэпартажы
У Вільні пахавалі аднаго з лідараў беларускай дыяспары ў Літве Рамана Вайніцкага. Журналістам беларускіх незалежных СМІ невядомыя пагражалі фізічнай расправай за фота- і відэарэпартажы аб пахаванні.
Віленскі паліцэйскі камісарыят зафіксаваў скаргу журналістаў, літоўскіх грамадзянаў, акрэдытаваных МЗС ЛР для працы ў Літве, аб перашкодах іх прафесійнай дзейнасці. Захаваліся відэа- і гуказапісы пагрозаў.
У Вільні 9 сакавіка пахавалі Рамана Вайніцкага, намесніка дырэктара Віленскай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, прэзідэнта Асацыяцыі беларускіх грамадскіх
арганізацыяў Літвы, кіраўніка клубу «Сябрына», віцэ-старшыню Рады нацыянальных супольнасцяў Літвы пры Міністэрстве культуры.
Ушанаваць яго памяць прыехалі беларусы з усёй Літвы, на цырымоніі сабралася каля сотні чалавек розных нацыянальнасцяў, грамадскіх дзеячаў, палітыкаў, афіцыйных асобаў, беларускіх
дыпламатаў разам з амбасадарам РБ у Літве У. Дражыным. Пахаванне было арганізаванае пышна, з ганаровай вартай ля труны і з кранальнай цеплынёй:
сярод мноства кветак і вянкоў стаялі развітальныя паштоўкі, зробленыя вучнямі гімназіі, са словамі падзякі і смутку.
Раман Вайніцкі ў Вільні запомніўся добрым і ветлівым чалавекам
Рамана Вайніцкага ў Вільні згадваюць як дзеяча, які не падтрымліваў ні рэжым у Беларусі, ні супраціў рэжыму, які імкнуўся аб’яднаць
і прымірыць беларусаў Літвы незалежна ад іх палітычных поглядаў, як добрага і ветлівага да ўсіх чалавека. Усе цяпер прыгадваюць ягоныя словы
як напамін, што найважнейшыя не ўласныя амбіцыі, а любоў да Беларусі: «Нас шмат, але Беларусь у нас адна, так што нам няма чаго
дзяліць».
Цяпер, калі на пахаванне сабраліся з усёй Літвы беларускія актывісты самых розных поглядаў, якія даўно не бачыліся і не размаўлялі адзін з адным, яны
сумна паўтаралі: «Вось спадар Раман і сабраў нас усіх разам».
Журналісты беларускіх незалежных СМІ, акрэдытаваныя для працы ў Літве МЗС ЛР, аднак, не змаглі рабіць відэа- і фотаздымкі ў часе развітання з адным
з лідараў беларускай дыяспары ў Літве.
Журналістам Свабоды і Белсату пагражалі фізічнай расправай за відэа- і фотарэпартаж з пахавання грамадскага дзеяча
Выконваць прафесійную працу ў грамадскім месцы журналістам не далі невядомыя рускамоўныя мужчыны, якія абражалі журналістаў Радыё Свабода і ТВ Белсат
з ужываннем нецэнзурных словаў і пагражалі ім фізічнай расправай, паводзілі сябе агрэсіўна і заяўлялі, калі перакласці іх словы, што «ў іншай
краіне з такімі журналістамі яшчэ не так распраўляюцца» і там яны «атрымоўваюць ад каго трэба як мае быць».
Невядомыя не прадставіліся, але пабачыўшы дакументы аб акрэдытацыі журналістаў у Літве, заявілі, што гавораць нібыта ад імя сям’і. Раней старэйшы сын Рамана
Вайніцкага прасіў не здымаць толькі ў залі, не патлумачыўшы прычынаў, але, ведаючы, што забараніць здымаць у грамадскім месцы нельга, быў не супраць здымкаў
на вуліцы і ў фае пахавальнага бюро. Сын загіблага сказаў, што не мае нічога супраць асобаў журналістаў, якія працуюць для Радыё Свабода і ТВ Белсат
у Літве. Пазней невядомыя выклікалі яго і прымусілі пры іх заявіць, што сям’я забараняе ўсе фота- і відэаздымкі ў часе пахавання.
Сярод тых, хто прыйшоў развітацца з лідарам беларускай дыяспары, былі тыя, хто хаваліся ад відэакамераў?
Апэратар ТВ Белсат Здзіславас Вайцяхоўскіс адышоў з камерай прыкладна на сотню метраў ад выхаду з Пахавальнага бюро і падрыхтаваўся
здымаць, як будуць выносіць труну і як будуць выходзіць людзі.
Прайшлі беларускія дыпламаты, актывісты пачалі выносіць вянкі. Як толькі з залі пачалі выходзіць людзі, іншыя невядомыя рускамоўныя маладыя мужчыны падбеглі да камеры, закрылі
рукой аб’ектыў і запатрабавалі сысці.
Двое невядомых не прадставіліся, адзін з іх размаўляў абразліва і агрэсіўна, з нецэнзурнымі словамі, другі трымаўся ветліва. Яны не патлумачылі
прычыны, чаму яны замінаюць працы журналістаў, акрэдытаваных у гэтай краіне, выконваць сваю прафесійную працу ў грамадскім месцы і здзекліва параілі звярнуцца
ў паліцыю. Як толькі адзін з журналістаў патэлефанаваў у паліцыю, і невядомыя пачулі, што паліцыя зараз прыедзе, яны ўцяклі.
Віленскі камісарыят паліцыі зафіксаваў скаргу журналістаў Таццяны Поклад і Здзіславаса Вайцяхоўскіса, грамадзян Літвы, акрэдытаваных МЗС ЛР для працы
гэтай краіне. Да заявы аб перашкодах і пагрозах журналістам незалежных беларускіх СМІ, акрэдытаваных ў Літве, будуць дададзеныя і відэа, і гукавыя
запісы невядомых і іх пагрозаў журналістам.
***
Рамана Вайніцкага знайшлі забітым 6 сакавіка. Літоўская паліцыя праводзіць расследаванне забойства. Жорсткае забойства шакавала многіх у Літве і Беларусі,
выказваюцца мноства версіяў. Літоўскі парламентар Арвідас Анушаўскас, чалец Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сойму Літвы раней адзначыў, што лідар беларускай дыяспары,
які імкнуўся не ўцягваць беларусаў у акцыі пратэстаў нацыянальных мяншыняў у Літве супраць літоўскіх законаў, мог замінаць Расіі ў яе спробах
аб’яднаць нацыянальныя супольнасці супраць літоўскай дзяржавы. Большасць блізкіх да Вайніцкага людзей заявілі, што перад смерцю Вайніцкі скардзіўся на пагрозы і быў
амаль у паніцы.
Старшыня саюзу беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова заявіла, што, на яе думку, Вайніцкага забіла беларуская апазіцыя.
Таццяна Поклад,www.svaboda.org