VI з’езд беларусаў свету МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» адбудзецца ў ліпені
Ужо створана Рабочая група па падрыхтоўцы з’езду, якую ачоліла Ніна Шыдлоўская. Вызначаны таксама нормы прадстаўніцтва на з’езд ад суполак беларусаў замежжа і Беларусі.
МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» ладзіць з’езды беларусаў свету раз на чатыры гады пачынаючы з 1993 года. Тады, на Першым з’ездзе, сабралася больш за тысячу чалавек.
Сёлета — 20-ы год той значнай падзеі, і гэта выдатная падстава, каб ацаніць здабыткі і страты апошніх гадоў, прааналізаваць гісторыю і сучаснасць беларускага замежжа, асэнсаваць гэты феномен. Мяркуецца, што сёлетняя сустрэча збярэ больш за 300 дэлегатаў з 20-ці краін свету.
Паводле рашэння Малой Рады МГА «ЗБС «Бацькаўшчына», Шосты з’езд беларусаў свету мае адбыцца 23–24 ліпеня ў Мінску на тэму «Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці».
Абраная тэма з’езду абумоўлена аб’ектыўнымі працэсамі, якія адбываюцца ў сучасным свеце, калі назіраецца ўзмацненне працэсаў глабалізацыі.
У той жа час, у новых умовах беларускія дыяспары сутыкаюцца і з праблемамі размывання нацыянальнай ідэнтычнасці, касмапалітызму значнай часткі новых эмігрантаў, змяншэння цікавасці да нацыянальнай дзейнасці сярод моладзі, а таксама з пытаннем адэкватнага вызначэння далёкасяжных мэтаў існавання беларускіх арганізацыяў.
Гэтыя і іншыя праблемы, таксама як і новыя формы актыўнасці асяродкаў, іх сувязяў з метраполіяй вартыя абмеркавання.
У межах з’езду прадугледжана праца трох секцый:
1. Магчымасці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці.
2. «Новая» і «старая» іміграцыі: супраца на карысць нацыянальнага развіцця.
3. Культурная спадчына беларускага замежжа.
Сустаршынямі арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы з’езду абраныя: Радзім Гарэцкі (Беларусь), Алена Макоўская (Беларусь), Хведар Нюнька (Літва), Алег Рудакоў (Расія), Ніна Шыдлоўская (Беларусь).
Паводле zbsb.org