“Бацькаўшчына” склікае суайчыннікаў на VI з’езд беларусаў свету

Шосты з’езд беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” адбудзецца ў ліпені. Ужо створана Рабочая група па падрыхтоўцы з’езду, якую ачоліла Ніна Шыдлоўская. Вызначыны таксама нормы прадстаўніцтва на з’езд ад суполак беларусаў замежжа  і Беларусі.



zbs1.jpg

З’езды беларусаў свету — значная падзея для беларусаў метраполіі і замежжа, яны закліканыя спрыяць яднанню нацыі, умацаванню сувязяў паміж беларусамі  з розных краінаў, а таксама дапамагаць у вырашэнні агульных праблемаў.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ладзіць з’езды беларусаў свету раз на чатыры гады пачынаючы з 1993 года. Тады, на Першым з’ездзе, сабралася больш за тысячу чалавек — дэлегатаў з беларускіх асяродкаў замежжа і Беларусі. У першы раз Беларусь з набыццём незалежнасці  так знакава на дзяржаўным і грамадскім узроўнях вітала сваю дыяспару. Сёлета — 20 год той значнай падзеі, і гэта выдатная падстава, каб ацаніць здабыткі і страты апошніх гадоў, прааналізаваць гісторыю і сучаснасць беларускага замежжа,  асэнсаваць гэты  феномен. Мяркуецца, што сёлетняя сустрэча збярэ больш за 300 дэлегатаў з 20-ці краін свету.

Паводле рашэння Малой Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, Шосты з’езд беларусаў свету мае адбыцца 23–24 ліпеня ў Мінску на тэму “Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці”.

Абраная тэма з’езду абумоўлена аб’ектыўнымі працэсамі, якія адбываюцца ў сучасным свеце, калі назіраецца ўзмацненне працэсаў глабалізацыі, калі ўзаемазалежнасць і ўзаемныя ўплывы розных культур нараджаюць новы выгляд свету, новы светапогляд ягоных жыхароў і новыя магчымасці. У гэты час, калі міграцыйныя працэсы робяцца ўсё больш актыўнымі, значна павялічваецца значэнне нацыянальных дыяспараў.

У той жа час, у новых умовах беларускія дыяспары сутыкаюцца і з праблемамі размывання нацыянальнай ідэнтычнасці, касмапалітызму значнай часткі новых эмігрантаў, змяншэння цікавасці да нацыянальнай дзейнасці сярод моладзі, а таксама з пытаннем адэкватнага вызначэння далёкасяжных мэтаў існавання беларускіх арганізацыяў.

Гэтыя і іншыя праблемы, таксама як і новыя формы актыўнасці асяродкаў, іх сувязяў з метраполіяй вартыя адмысловага асэнсавання і абмеркавання на грамадскім і дзяржаўных узроўнях.

У межах з’езду прадугледжана праца трох секцый:

1. Магчымасці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці.

2. “Новая” і “старая” іміграцыі: супраца на карысць нацыянальнага развіцця.

3. Культурная спадчына беларускага замежжа.

Сустаршынямі арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы з’езду абраныя:

  • Радзім Гарэцкі (Беларусь),
  • Алена Макоўская (Беларусь),
  • Хведар Нюнька (Літва),
  • Алег Рудакоў (Расія),
  • Ніна Шыдлоўская (Беларусь).

Інфармацыя пра далейшую падрыхтоўку да Шостага з’езду беларусаў свету будзе змяшчацца на сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” http://zbsb.org