Хто зладзіў у Гомелі крывавы «стракапытаўскі мяцеж»?
У 1920-х гадах у Гомелі быў сквер імя 25 сакавіка. Але названы ён быў не ў гонар БНР, а ў памяць аб ахвярах стракапытаўскага мяцяжу ў сакавіку 1919 года. Пра тое, хто стаяў за яго арганізацыяй, гісторыкі спрачаюцца дагэтуль. Паспрабуем зазірнуць у гэтую цёмную старонку нашага мінулага.
Таемная змова — ці бязлітасны бунт?
У «нулявых» вырашыць загадку бунту паспрабаваў дырэктар Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці Анатоль Карасёў. Ім была сабраная вялікая колькасць дакументаў і матэрыялаў у розных архівах Беларусі і Расіі. Анатоль Карасёў гаварыў, што ў яго ёсць версіі, якія проста ўзарвуць усе ранейшыя ўяўленні пра ўзнікненне мяцяжу. Але здарылася трагедыя. Дырэктар архіва падпрацоўваў яшчэ і вартаўніком у сваёй жа ўстанове. Увесну 2004-га ў час дзяжурства ён аказаўся ў бальніцы з цяжкай траўмай галавы, а яшчэ праз некалькі дзён памёр. Што адбылося ў тую ноч — невядома. Але расследаванне, якое Анатоль Карасёў вёў амаль як дэтэктыў, было перапыненае.
Па сваім сімвалічным значэнні трагічныя падзеі мяцяжу займалі ў савецкім пантэоне Гомеля другое месца — пасля Вялікай Айчыннай вайны. Імёнамі забітых «стракапытаўцамі» Мікалая Білецкага, Івана Ланге, Зоі Песінай, Сяргея Бочкіна і Барыса Аўэрбаха ў Гомелі былі названыя вуліцы, у самым цэнтры горада камунарам быў усталяваны помнік. Але, па зразумелых прычынах, на персаналіі кіраўнікоў паўстання савецкая гістарыяграфія звяртала мала ўвагі: дастаткова было яго адназначнай ацэнкі як «контррэвалюцыйнага». Напрыклад, склад таямнічага «Палескага паўстанцкага камітэта» мяцежнікаў невядомы дагэтуль.
Дык што гэта было на самой справе? Старанна спланаваная змова падступнага контррэвалюцыйнага падполля? Бессэнсоўны бунт дэзерціраў, які суправаджаўся яўрэйскімі пагромамі і рабаваннямі? Або паўстанне чыстых «белых герояў» супраць бальшавіцкай тыраніі? Уяўляецца, што і першае, і другое, і трэцяе. Праўда, з «героямі» ў гэтай справе зусім нягуста: як пачалі «стракапытаўцы» з уцёкаў з поля бою, так далей і працягвалі. А вось з пагромам і змовай — паспрабуем разабрацца.
Агульны ход падзей мы ўжо апісвалі.
Цяпер дамо слова аднаму з паўстанцаў — ротмістру дэ Маньяну. Яго біяграфія — тыповая для таго часу.
Вясёлыя карнеты
Шлях гэтага нашчадка французскіх арыстакратаў да Гомеля быў няблізкі. Сяргей дэ Маньян скончыў ліцэй цэсарэвіча Мікалая і ўніверсітэцкі курс пры ім. Але затым рэзка змяніў планы і вырашыў стаць вайскоўцам. Скончыў курсы пры Цвярскім кавалерыйскім вучылішчы і ў 1910 годзе паступіў у Першы Сумскі гусарскі полк. Годам раней за яго ў полк прыбыў карнет князь Абаленскі, які ў песні «Паручнік Галіцын» «налівае віно». Сумская гусары стаялі ў Маскве і былі элітным падраздзяленнем расійскай імператарскай арміі.
Што тычыцца віна і іншага спіртнога, то яно сапраўды лілося ракой. Уладзімір Літаўэр, які паступіў у полк у 1913 годзе, у сваіх мемуарах апісвае, што працоўны дзень афіцэраў пачынаўся са сняданку з віном. У абед у афіцэрскім сходзе пілі ўжо і гарэлку, і каньяк. Як пры гэтым спадары афіцэры прымудраліся несці службу, ды яшчэ ў конным страі — дзіва дзівоснае. Увечары ж гусарскія афіцэры «адрываліся» яшчэ больш, іншым разам — цалкам у духу анекдотаў пра паручніка Ржэўскага. Нават у афіцыйнай гісторыі Сумскага гусарскага палка, выдадзенай у Аргенціне ў 1954 годзе, захаваныя ўспаміны пра гулянкі афіцэраў з цыганкамі — «вясёлай Дзінь-Дзінь» або «шчадралюбнай Надзяй». Падчас вечарынак, проста на афіцэрскіх кватэрах, маглі страляць з рэвальвераў або «паспытаць з вінтоўкі новую кулю».
Пасля падаўлення рэвалюцыі 1905 года, калі функцыі тагачаснага «АМАПу» выконвала пераважна кавалерыя і іншыя войскі, афіцэры часцяком сталі прадметам асуджэння грамадства. У адказ бравыя вайскоўцы без роздумаў пускалі ў ход зброю супраць «цывільных штафірак», хто пагарджаў імі. Карнет запасу Сумскага палка ў рэстаране «Мядзведзь» застрэліў цывільнага чалавека, які не ўстаў пад «Божа, цара храні», іншы карнет у рэстаране «Перамога» збіў стэкам чыноўніка...
Служыць у кавалерыі і весці адпаведны лад жыцця мог толькі выхадзец з заможнай сям’і, які меў даход ад маёнтка. Страта даходаў азначала аўтаматычнае пакіданне палка. Многія афіцэры вымушаныя былі так паступіць, напрыклад, пасля жаніцьбы.
Па нейкіх прычынах дэ Маньян таксама неўзабаве пакінуў ваенную службу. Ва ўсялякім разе, у 1914 годзе ён быў прызваны ў 4-ы запасны кавалерыйскі полк ужо з адстаўкі. У 1915 годзе штаб-ротмістр дэ Маньян у складзе маршавага эскадрону 17 Наваміргарадскага ўланскага палка паехаў на Паўднёва-Заходні фронт. Ваяваў у Галіцыі і Карпатах, відавочна — адважна, пасля ранення вярнуўся ў шэрагі.
Падпольныя гусары
Пасля рэвалюцыі, з распадам старой арміі дэ Маньян зноў апынуўся ў Маскве. Тут ужо былі і многія яго калегі па Сумскім гусарскім палку. Паводле ўспамінаў ротмістра, савецкая ўлада, заціснутая паміж белымі войскамі, інтэрвентамі і сялянскімі паўстаннямі ў тыле, вісела на валаску. І гэта надавала яе супернікам немалыя надзеі. У Маскве як грыбы раслі падпольныя афіцэрскія арганізацыі.
У іх уступілі амаль усе афіцэры-сумцы. Адны афіцэры пайшлі ў манархічнае падполле генерала Доўгерта (Доўгірда), арыентаванае на Германію («патрыётаў» не бянтэжыла, што немцы працягвалі вайну і акупацыю). Іншыя — у «Саюз абароны радзімы і свабоды» (СЗРиС) Барыса Савінкава, звязаны з саюзнікамі царскай Расіі, што працягвалі вайну з Германіяй.
У гісторыі палка напісана, што амаль усе «сумцы» належалі да манархічнай арганізацыі Доўгерта. Але гэта не так. Проста кансерватыўныя эмігранты не хацелі прызнаваць сваё супрацоўніцтва з Барысам Савінкавым — былым кіраўніком баявой арганізацыі партыі эсэраў, якія палявалі раней на царскіх міністраў і самога Мікалая ІІ. На самой справе, «кавалерыйскім цэнтрам» у савінкаўскай арганізацыі кіраваў прапаршчык Сумскага палка Віленкін. І нават лётчыкамі ў «Саюзе абароны радзімы і свабоды» загадваў сумскі гусар падпалкоўнік Говараў. Па сумяшчальніцтве Говараў камандаваў і 8-м конным палком Чырвонай Арміі, у які і быў прызначаны камандзірам эскадрона дэ Маньян.
Арганізацыі Доўгерта і Савінкава варагавалі паміж сабой. Але гусарам-сумцам з абедзвюх структур гэта не перашкаджала разам весела бавіць час. «Сустракаліся мы ледзь не штодня і ў Лапухіна, і ў Говарава, і ў Віленкіна, або па шашлычных, як толькі пранюхвалі, дзе ёсць гарэлка», — успамінаў штаб-ротмістр Сакалоў, які камандаваў у пранямецкіх манархістаў баявой групоўкай. Натуральна, пры такім ладзе жыцця і пагардзе да канспірацыі многія афіцэры-змоўшчыкі сталі лёгкай здабычай ВЧК. І летам 1918 года белагвардзейскае падполле давялося згортваць, а яго ўдзельнікам — прабірацца да Калчака, Дзянікіна і Юдзеніча.
Дэ Маньян заставаўся ў чырвонай конніцы, але таксама марыў як хутчэй уцячы ад бальшавікоў. І неўзабаве такі выпадак прадставіўся. У Гомелі.
Спадары камандзіры
У студзені 1919 года эскадрон дэ Маньяна быў уключаны ў склад 21-га коннага дывізіёна 2-й брыгады 8-й пяхотнай дывізіі і перакінуты ў Гомель. Яшчэ гэтая брыгада называлася «Тульскай», бо фарміравалася з ураджэнцаў адпаведнай губерні. Гомель уразіў згаладалых расіян сваім багаццем. «У гомельскіх кавярнях падавалі шакалад, а ў кандытарскіх прапаноўвалі цукеркі і пірожныя: з’ява, якая зусім не мела месца ў сталіцах», — успамінае дэ Маньян. Даведаўшыся пра гомельскія пірожныя, частка чырвоных коннікаў, якія дэзерціравалі перад адпраўкай з Масквы, нават добраахвотна з’явілася ў строй!
Эскадрон быў размешчаны на прыватных кватэрах і заняў амаль квартал. Пераважна гэта былі яўрэйскія дамы, гаспадары якіх амаль беспярэчна выконвалі ўсе патрабаванні чырвоных кавалерыстаў.
І ў Маскве, і ў Гомелі дэ Маньян сабатаваў свае камандзірскія абавязкі. Ён успамінаў: «Ніякіх заняткаў у эскадронах, вядома, не вялося. Нарады былі зведзеныя да мінімуму, людзі ў эскадронах бавілі вольны час у залежнасці ад густаў і звычак. Аматары жанчын танцавалі ў грамадскім сходзе, прыхільнікі мастацтва наведвалі кінематографы, больш жыццёвыя і практычныя элементы пусціліся ў спекуляцыю, а какаіністы і алкаголікі аддаваліся сваім звычкам у хатняй абстаноўцы». Адным словам, воінскія падраздзяленні хутка і няўхільна раскладаліся.
З неахвотай у дывізіёне ўспрынялі вестку пра адпраўку на фронт. Але выехаць на пазіцыі дэ Маньяну і яго падначаленым так і не давялося. 23 сакавіка, калі яны рушылі на вакзал, убачылі, што той заняты часткамі 2-й брыгады, якія самавольна кінулі пазіцыі. «Ваенная ўлада перайшла ў нечыя іншыя рукі», — успамінае дэ Маньян. «У горадзе з гадзіны на гадзіну рос трывожны настрой. Яўрэйскія крамы спешна зачыняліся, рух на вуліцы спыняўся. Да вечара на вуліцах з’явіліся патрулі яўрэйскай самаабароны. Горад літаральна вымер, цішыня навокал была поўная».
Як высветлілася, у раёне Оўруча часткі Тульскай брыгады трапілі пад абстрэл пятлюраўскай артылерыі і адмовіліся працягваць наступ. Замітынгавалі, крычалі, што не хочуць «ваяваць за жыдоў». У Калінкавічах паспрабавалі зладзіць пагром, але адна з рот, якая ўсё яшчэ захоўвала воінскі парадак, спыніла яго. Вырашана было вяртацца дадому. Камісар брыгады Фёдар Сундукоў быў забіты.
Гомель замёр ад трывогі. І ў гэты раз падзеі не прымусілі сябе чакаць.
«Спадар камандзір! Спадар камандзір! Уставайце, па ўсім горадзе жыдоў грамяць, у нашу кватэру і тое ламіліся...» — дэ Маньян пражываў у кватэры лесапрамыслоўца Л. (магчыма, Лаўянава? — Ю.Г.) «Данілаў, — паклікаў я веставога. — Хто ж граміць?» «Ды пачала пяхота, спадар камандзір, а цяпер і нашы склаўшы рукі не сядзяць». Зрэшты, тут жа камандзір дывізіёна паведаміў, што гэта — паўстанне, і прапанаваў да яго далучыцца. На мітынгу дывізіёна, які адкрыўся тут жа, былыя чырвонаармейцы звярнуліся да былых, а цяпер ужо дзеючых афіцэраў з просьбай пра кіраўніцтва выступам. «Маскі былі знятыя: яшчэ дзень таму ўсе мы, безумоўна, мала давяралі адзін аднаму, цяпер зусім нармальна абмяркоўвалі цяперашняе становішча і магчымасць сумеснай барацьбы з агульным ворагам», — піша дэ Маньян.
У Гомелі была абвешчана «Руская Народная Рэспубліка». На чале яе стаў ананімны «Палескі паўстанцкі камітэт», які ці то раней рыхтаваў паўстанне ў Гомелі, ці то быў абраны падчас яго. Камітэт прызначыў камандуючым «1-й арміяй РНР» штабс-капітана Уладзіміра Стракапытава з купецкай Тульскай сям’і, індэнданта палка, раней — чальца меншавіцкай партыі РСДРП. Дзе павінны былі з’явіцца 2-я, 3-я і іншыя арміі РНР — гісторыя замоўчвае. Але штаб мяцежнікаў вырашыў рухаць войскі ў напрамку на Бранск — Маскву. Камендантам Гомеля стаў камандзір эскадрона падпалкоўнік Стэпін.
Так стыхійна распачаты выступ чырвонаармейцаў, якія не жадалі ваяваць, з дапамогай былых афіцэраў і аскепкаў іх падпольных арганізацый быў пераўтвораны ў паўнавартаснае контррэвалюцыйнае паўстанне.
Артабстрэл у імя міру
Астатнія савецкія сілы спрабавалі ўтрымаць цэнтр горада, стварыўшы апорныя вузлы абароны ў гасцініцы «Савой», тэлефонна-тэлеграфнай станцыі і ў ЧК. Ужо ў ноч на 25 сакавіка па «Савоі» пачалі біць гарматы мяцежнікаў з раёна Палескага вакзала. Днём пачаўся штурм. Пасля новага артабстрэлу абаронцы «Савоя» вымушаныя былі здацца пад «сумленнае слова», што будуць адпушчаныя па дамах. Замест гэтага амаль усе кітайцы з інтэрнацыянальнага атрада ЧК былі перабітыя на месцы, а астатніх павялі ў турму па Румянцаўскай, збіваючы на шляху кулакамі і прыкладамі.
Частка паўстанцаў штурмавала «Савой» і ЧК, а іншыя — яўрэйскія дамы і крамы. Да іх далучыліся выпушчаныя з турмы крымінальнікі і старыя чарнасоценцы. Дэ Маньян піша: «У ноч на 25-га пагром не прымаў яшчэ шырокіх памераў... але да раніцы 25-га, калі высветлілася, што бальшавіцкія сілы амаль ліквідаваныя, што змагацца амаль няма з кім, салдаты, што вызваліліся ад бою, адправіліся наведваць яўрэйскія кватэры, спачатку пад выглядам ператрусаў, а затым ужо адкрыта, караючы за спачуванне бальшавікам». Маньян паведамляе, што забойстваў пры гэтым было мала, затое амаль кожны «стракапытавец» прыклаў руку да рабаванняў. Тыя ж, хто не ўдзельнічаў у пагроме, проста патрабавалі ад сваіх гаспадароў «плату за ахову».
Толькі калі ў горад хлынулі і сяляне з навакольных вёсак з вазамі для нарабаванага, штаб паўстанцаў стаў прымаць меры па ліквідацыі беспарадкаў. У цэлым жа ротмістр абвінавачвае кіраўнікоў паўстання ў пасіўнасці і інертнасці. Былі створаныя шматлікія камісіі і камітэты, якія выпусцілі каля 15 заклікаў да гамельчукоў. Быў кінуты лозунг: «Уся ўлада — Устаноўчаму сходу!» Выпушчаныя з турмы матросы патрабавалі «Саветаў без камуністаў». Палескі паўстанцкі камітэт падлашчваўся да рабочых, абяцаючы ім «жалезныя законы аховы працы» і называючы «таварышамі» (сярод саміх афіцэраў гэты зварот быў, хутчэй, здзеклівым). Адначасова была адноўленая свабода гандлю. Некаторыя ж заявы былі адкрытай хлуснёй. Напрыклад, Стракапытаў у звароце да сялян сцвярджаў, што Расія ўжо абвешчаная Народнай Рэспублікай, «Мінск акружаны», «мы скончылі вайну і заключылі мір» і гэтак далей.
Як піша дэ Маньян, у пэўных пытаннях паўстанцы ішлі насустрач насельніцтву вельмі далёка. Адзін гамяльчук з’явіўся ў штаб з просьбай дазволіць яму пахавальнае шэсце з нагоды смерці сваяка. Штабны пісар выдаў дазвол на пахаванне, сапраўднае на працягу года — і для ўсіх сваякоў просьбіта.
Частка гомельскіх чыноўнікаў і жыхароў гарадскіх ускраін спачувала мяцежнікам. Безумоўна, дзейнасць ЧК, перабоі з прадуктамі, падзенне заробкаў і выкліканая вайной разруха раздражнялі вельмі многіх. Адбіваліся і антысеміцкія настроі. Але ўступаць у войска Стракапытава ніхто з гамельчукоў не стаў. Толькі ў Рэчыцы спартыўнае таварыства «Сокал» прыняло ўдзел у перавароце і захопе ўлады.
Толькі 27 сакавіка штаб паўстанцаў скончыў з заклікамі і знайшоў час выслаць разведку ў бок праціўніка.
Першыя нешматлікія савецкія часткі, кінутыя да Гомеля, былі без праблем адбітыя паўстанцамі, што надало ім упэўненасці ва ўласных сілах. Але паступова з поўдня да Гомеля сталі падыходзіць буйныя сілы Чырвонай Арміі і сялянскія добраахвотніцкія атрады. А 28 сакавіка адбыўся эпізод, які фактычна змяніў ход падзей.
Адна з падышоўшых батарэй, спачуваючы паўстанцам, не стала абстрэльваць Палескі вакзал. І тады станцыю, дзе сядзеў штаб мяцежнікаў, атакаваў невялікі атрад чырвоных курсантаў. Гэта быў узвод магілёўскіх пяхотных курсаў, якія высунуліся на разведку праз вёску Прудок. 18 байцоў прынялі бой з 200 «стракапытаўцамі» і, страціўшы двух чалавек, чые знявечаныя целы булі знойдзеныя на наступны дзень, адышлі. Але, абстраляўшы з вінтовак штаб мяцежнікаў, магілёўскія курсанты, самі не таго ведаючы, вырашылі лёс Гомеля. «Цяжка сабе ўявіць, — піша Сяргей дэ Маньян, — якая пачалася паніка. Усе дзеячы штаба, палкавыя пісары, каптэнармусы, фуражыры, ob altera літаральна растварыліся ў паветры. Людзі страцілі чалавечае аблічча і імкнуліся толькі схавацца як магчыма далей ад няшчаснай станцыі».
Пасля гэтага ўсе камандзіры былі выкліканыя ў штаб, дзе па «неспакойнай постаці» камандуючага «1-й арміяй РНР» Стракапытава і «перакошаным твары» начальніка штаба ротмістр зразумеў: Гомель будзе пакінуты.У ноч на 29 сакавіка мяцежнікі, пакідаючы Гомель, забілі загадзя прывезеную на станцыю групу з чатырнаццаці савецкіх дзеячаў. Жыхары, якія жылі побач, чулі нечалавечыя крыкі, расправа была страшнай: выкалатыя штыкамі вочы, раскроеныя чэрапы. Паводле сведчанняў відавочцаў, сцены хлява на станцыі «Гомель-гаспадарчы» былі запырсканыя крывёю і мазгамі. Мозг Аўэрбаха ляжаў на падлозе, з Песі Каганскай нажыва знялі скальп, наматаўшы яе доўгія валасы на палена.
Многія з пакараных былі прадстаўнікамі гомельскай інтэлігенцыі, якія пайшлі на савецкую службу пасля рэвалюцыі. Каганская лічылася адной з першых прыгажунь Гомеля. Старшыня Гомельскага Саюза журналістаў Мікалай Білецкі належаў да старадаўняга беларускага шляхецкага роду Язерскіх.
Уцёкі
Двое сутак паўстанцкія эшалоны прабіваліся ад Гомеля да Калінкавічаў. Перыядычна пры гуках стральбы і крыках «Кітайцы ідуць!» салдаты ў паніцы пакідалі вагоны. На падыходзе да Прыпяці Чырвоная Армія блакавала мяцежнікаў з двух бакоў.
31 сакавіка пад Калінкавічамі адбылася нарада афіцэраў. Паводле сведчання дэ Маньяна, нягледзячы на асобныя пярэчанні, Стракапытаў вырашыў адмовіцца ад штурму Калінкавічаў, кінуць эшалоны з артылерыяй і захопленай у Гомелі маёмасцю і пешшу прабівацца на злучэнне з часткамі Украінскай Народнай Рэспублікі. 1 красавіка паўстанцы на лодках фарсіравалі Прыпяць ля Барбарова і выйшлі на тэрыторыю, занятую арміяй УНР.
«Пакідаючы Гомель, пакідалі Расію», — наракае дэ Маньян.
Штаб Стракапытава размясціўся ў Роўне, а яго пяхоту ўключылі ва ўкраінскае войска, папярэдне раскідаўшы па розных злучэннях. Відавочна, украінцы не давяралі «1-й арміі РНР». І нездарма: неўзабаве камандуючы Паўночнай групай войск атаман Аскілка, пры падтрымцы былых царскіх афіцэраў і кансерватыўных партый, узняў мяцеж супраць галаўнога атамана УНР, сацыял-дэмакрата Сымона Пятлюры. Верныя атаману курані задушылі мяцежнікаў, быў раззброены таксама і адзін «стракапытаўскі» полк. Пайшлі чуткі пра рэпрэсіі. У гэты ж перыяд «стракапытаўцы» самі расстрэльвалі матросаў-анархістаў, якія далучыліся да іх, бо абвінавацілі тых у рабаваннях і наркаманіі. Затым камандаванне «Руска-Тульскага атрада» ўсталявала кантакты з французскай выведкай, якая раіла ім «прыгледзецца» да палякаў.
Неўзабаве супраць УНР пачалі наступ польскія войскі. І «стракапытаўцы» дзейнічалі паводле ўжо апрабіраванага сцэнара: пакінулі сваіх украінскіх саюзнікаў і перайшлі на бок палякаў. Праўда, з імі тут абышліся без асаблівай ласкі: прафесійных мяцежнікаў адправілі ў канцлагеры ў Брэст-Літоўску і Стшалкава. Па іроніі гісторыі, у Стшалкава побач з імі сядзелі палонныя гамяльчане, у тым ліку ўдзельнік абароны «Савоя» і Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года ў Мінску, былы левы эсэр Васіль Селіванаў. Праўда, у адрозненне ад «бальшавікоў», «стракапытаўцаў» не збілі.
Улетку 1919 года з польскага палону былых паўстанцаў вызваліў князь Лівен, які разлічваў папоўніць імі свой атрад. Але неўзабаве адмовіўся ад гэтай ідэі. «Руска-тульскім» кавалерыстам, якія прыбылі ў Мітаву, прызначылі новае начальства замест падпалкоўніка Сцёпіна. У адказ былыя паўстанцы, што спазналі дух вольніцы, адмовіліся падпарадкавацца. У сваю чаргу, святлейшы князь адмовіўся ад «стракапытаўцаў», баючыся, што яны раскладуць лівенцаў.
«Руска-Тульскі» атрад аказаўся ў адчайным становішчы. «Стракапытаўцы» ўжо фактычна ператварыліся ў наймітаў, якія ваююць за забеспячэнне. А пасля польскага інтэрнавання некаторыя з іх, нягледзячы на ліпеньскую спякоту, хадзілі ў наглуха зашпіленых шынялях: нават штаны давялося памяняць на хлеб. І тут зноў з’явіліся вярбоўшчыкі — цяпер немцы запрасілі ўступіць безгаспадарную частку ў атрад Бермандта-Авалава, які прытрымліваўся пранямецкай арыентацыі.
«Стракапытаўцы» пераапрануліся ў нямецкія мундзіры колеру фельдграў, на якіх так дзіўна глядзяцца залатыя пагоны і крыжы.
Такія рэаліі грамадзянскай вайны: людзі ішлі забіваць і паміраць усяго толькі за боты і хлебны паёк. Але дэ Маньян быў у сумневах: «Урэшце, было цяжка разабрацца, якой справе мы збіраліся служыць... Ці былі мы белай арміяй у сапраўдным значэнні гэтага слова?» У гэты час камандуючы Паўночна-Заходняй арміяй генерал Юдзеніч пры падтрымцы англічан пачаў наступ на Петраград. Але армія Бермандта замест бальшавікоў нанесла ўдар па сталіцы саюзнай Латвіі Рызе. Бермандтаўцы не прызналі незалежнасці Латвіі і называлі яе часткай Расіі. Але былі разбітыя і выкінутыя ў Германію, дзе праз некаторы час Бермандт-Авалаў стварыў «Расійскі нацыянал-сацыялістычны рух». У выніку гэта прывяло да паразы белых у Прыбалтыцы.
Англічане морам вывезлі стракапытаўцаў да Юдзеніча. Яны яшчэ паваявалі пад яго сцягамі, пакуль не былі ў чарговы раз інтэрнаваныя ў Эстоніі. Пасля вызвалення яны разам з былым камандуючым адправіліся на лесанарыхтоўкі. Сяргей дэ Маньян даслужыўся да падпалкоўніка ў 3-й рускай арміі, якая ваявала на баку Пілсудскага. Свае досыць праўдзівыя ўспаміны аб паўстанні ў Гомелі ён апублікаваў у газеце Барыса Савінкава «За свабоду» ў 1924 годзе.
Стракапытаўскі мяцеж быў тыповай авантурай часоў Грамадзянскай вайны. Але сёння з новай сілай успыхнулі спрэчкі, хто меў рацыю або вінаваты ў тых падзеях стогадовай даўніны. Нехта ўжо спрабуе ставіць пытанне аб рэабілітацыі «герояў» «Рускай народнай рэспублікі». Аднак агульнай высновай для ўсіх можа быць адно: для Беларусі і беларускага народа, для жыхароў Гомеля гэтая чарговая ўспышка грамадзянскай вайны не прынесла нічога, акрамя гора, пакут і смерці.
P.S. На месцы гасцініцы «Савой» у Гомелі — будынак «Старога ўнівермага». На месцы тэлефонна-тэлеграфнай станцыі — грамадска-культурны цэнтр. А на месцы былога будынка ЧК цяпер — музей гісторыі горада.