Як у Гомелі «Рускую народную рэспубліку» ўстанаўлівалі

У сакавіку 1919 года на фронце пад Калінкавічамі ўзбунтаваліся два палкі Чырвонай Арміі. Ваенны мяцеж пад кіраўніцтвам былога штабс-капітана Стракапытава і яго наступствы былі адным з галоўных міфаў савецкай гісторыі Гомеля.

strekopyt2.jpg


У памяць пра яго ахвяраў было названа 7 вуліц горада, ім былі ўсталяваныя помнік і мемарыяльная дошка. Аднак і цяпер у гісторыі гэтага выступу хапае «белых плямаў». А ў апошні час з'яўляюцца і новыя інтэрпрэтацыі тых падзей. Гавораць ужо, нібы паўстанцы былі абгавораныя бальшавікамі, і наспеў час перагледзець старыя ацэнкі.

Тульская брыгада ў Гомелі

Што ж адбылося ў Гомелі тады? Кім былі паўстанцы-стракапытаўцы і чаго яны хацелі? Ці можна іх параўнаць з удзельнікамі Слуцкага паўстання або махноўцамі?


67-ы і 68-ы палкі 8-й стралковай дывізіі былі ўкамплектаваныя найперш выхадцамі з Тульскай губерні і масквічамі. У Гомель яны прыбылі ў пачатку 1919 года і з цікаўнасцю разглядалі мясцовае асяроддзе. У горадзе пражывала шмат яўрэяў — з улікам побытавага антысемітызму, абвостранага грамадзянскай вайной, некаторых чырвонаармейцаў і былых царскіх афіцэраў гэта моцна раздражняла. Яшчэ большую незадаволенасць выклікала і тое, што гамяльчане, у параўнанні з цэнтральнымі расійскімі губернямі, жылі адносна нядрэнна. У Гомелі на рынку можна было набыць розныя прадукты, працавала мноства крам, кафэ і рэстаранаў. І згаладалым тулякам багацце ў крамах яўрэйскіх гандляроў было відавочна не па душы.

Размясцілі палкі на прыватных кватэрах — былыя казармы 160-га пяхотнага абхазскага палка нямецкія войскі прывялі ў непрыдатнасць. Многія чырвонаармейцы апынуліся на пастоі ў «Залініі» — раёне прыватнага сектара, некалі самавольна ўзведзенага гомельскімі чыгуначнікамі на пустках побач з лініяй Лібава-Роменскай дарогі. Раён гэты і ў «ліхія 90-я» карыстаўся крымінальнай славай. А ў 1919 годзе тут панавалі асаблівыя настроі. Паміж «Залініяй» і напалову яўрэйскім «горадам» здаўна тлела глухая варожасць.

У 1903 годзе чыгуначнікі, хоць і падбухтораныя тайнай паліцыяй, але ў цэлым самастойна, наладзілі ў Гомелі пагром. Пасля тут дзейнічаў Гомельскі аддзел «Саюза рускага народа», адзін з самых буйных у Расійскай імперыі. Праўда, рабочых у яго запісвалі ў «добраахвотна-прымусовым» парадку. Але з пачаткам Першай сусветнай вайны манархічныя ілюзіі хутка развеяліся. Рабочыя чыгункі прынялі актыўны ўдзел і ў Лютаўскай, і ў Кастрычніцкай рэвалюцыі. І ў 1918 годзе чыгуначнікі былі адной з вядучых сіл супраціву нямецка-гайдамацкай акупацыі. Але знаходзіліся пераважна пад уплывам левых эсэраў і, часткова, анархістаў.

Савецкая ўлада, якая вярнулася ў Гомель 14 студзеня 1919 года, была ўжо іншай. Гэта пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў гомельскім Савеце засядалі і свабодна дыскутавалі дэлегаты ці не ўсіх сацыялістычных партый, а рабочыя праз свае органы самакіравання кантралявалі адміністрацыю і нават абіралі міліцыю. За год жорсткай і крывавай грамадзянскай вайны бальшавікі ўзмужнелі і адцяснілі ад улады сваіх ідэалістычна настроеных саюзнікаў.

У Гомелі была ўтворана Надзвычайная камісія (НК), якая хутка заторкнула рот нязгодным. А самае галоўнае — прадукты сталі вывозіцца ў цэнтральныя галадаючыя губерні. Забеспячэнне чыгуначнікаў пагоршылася, узмацніліся праблемы з заробкамі, і пры нямецка-гайдамацкім рэжыме не вельмі высокімі. Сярод працоўных хадзілі чуткі, што некаторыя савецкія служачыя, прыкрываючыся службовым становішчам, не грэбуюць і спекуляцыяй.

Традыцыйна больш пісьменныя яўрэі, якія пражывалі ў мяжы аселасці, займалі многія партыйныя і гаспадарчыя пасады, што давала глебу для росту антысемітызму.

Усёй гэтай незадаволенасцю шматлікія «залінейцы», па дамах якіх кватаравалі чырвонаармейцы, шчодра дзяліліся з пастаяльцамі. А мабілізаваныя тулякі, і асабліва рускія афіцэры, і самі ўжо даўно мелі зуб на Саветы. У выніку ў брыга­дзе стала неспакойна. Справы даходзілі да таго, што падчас праглядаў фільмаў у мясцовым сінематографе чырвонаармейцы пачыналі страляць у столь і крычаць: «Бі жыдоў!» Некаторыя вайскоўцы «Тульскай брыгады» былі арыштаваныя Надзвычайнай камісіяй. Але 18 сакавіка 1919 года гэты галаўны боль мясцовых уладаў і чальцоў Надзвычайнай камісіі нарэшце адбыў на фронт — пад Мазыр–Оўруч. Гэта быў Дзень Парыжскай Камуны, і напярэдадні рэдактар «Вестак Гомельскага рэўкама» Мікалай Білецкі напісаў артыкул пра камунараў. Ці адчуваў ён, што паўторыць іх лёс у хуткай будучыні?

strekopyt3.jpg


Насенне змовы

З поўдня на Мазыр–Калінкавічы наступала Паўночная група войскаў УНР атамана Аскілкі, якая спрабавала зноў захапіць гэты раён. Па прыбыцці на пазіцыі чырвонаармейцы патрапілі пад артылерыйскі абстрэл і панеслі першыя страты. «Здрада!» — нібы разрад электрашоку пранеслася па палках. Замітынгаваўшы, чырвонаармейцы пагрузіліся ў эшалоны і рушылі назад. Камісар 68-га палка Фёдар Сундукоў паспрабаваў спыніць узбунтаваныя часткі, але быў лінчаваны мяцежнікамі. Ужо ў Калінкавічах бунтаўшчыкі паспрабавалі ўчыніць яўрэйскі пагром, але былі спыненыя таварышамі. 24 сакавіка паўстанцы прыбылі ў Гомель, 26 сакавіка — занялі Рэчыцу.


У фільме «Вяселле ў Малінаўцы» дзед Нічыпар пытае пана-атамана Грыцыяна-Таўрыцкага: «А ці ёсць у цябе хоць нейкая праграма?» Невядома, ці запытвала пра гэта паўстанцаў дэлегацыя гомельскай грамадскасці ў складзе святароў, чыноўнікаў і буржуа, што адразу ж падтрымалі мяцеж. Але праграма ў паўстанцаў была.

Пра яе раптам заявіў «Палескі паўстанцкі камітэт» (ППК), які з’явіўся невядома адкуль. Ён быў ананімны, і не ўсе асобы, што ўваходзілі ў яго, дакладна вядомыя да гэтага часу. ППК абвясціў у Гомелі «Рускую народную рэспубліку». Камітэт абяцаў таксама скліканне Устаноўчага сходу, свабоду гандлю і прыватнай ініцыятывы ў спалучэнні з дзяржаўным сектарам. Пры гэтым, зразумела, замоўчвалася, што «вярхоўны кіраўнік» Расіі «адмиралъ» Аляксандр Калчак нядаўна разагнаў Камітэт членаў Устаноўчага сходу, пры гэтым частка дэпутатаў была расстраляная. Важнае пытанне пра тое, каму будзе належаць зямля ў гомельскай «Рускай народнай рэспубліцы», таксама абыходзілася гранічна абстрактнай фразай: «Зямля — народу».

Камандуючым «1-й арміяй» РНР стаў начальнік забеспячэння 68-га палка, былы штабс-капітан царскай арміі Стракапытаў. Паводле ўспамінаў відавочцаў, гэта быў сярэдніх гадоў чалавек з паголенай галавой. Стракапытаў нарадзіўся ў сям’і заможных тульскіх купцоў. Мабыць, яго кар’ера і развівалася б па камерцыйнай частцы, калі б царская Расія не ўступіла ў Першую сусветную вайну. Зрэшты, афіцэр ваеннага часу, ён вялікай «вернасцю трону» не вылучаўся. І пасля лютага 1917 года далучыўся да РСДРП — праўда, меншавікоў. У Чырвоную Армію быў мабілізаваны разам са многімі іншымі афіцэрамі. У лістападзе 1918 года ўжо арыштоўваўся НК.

Нянавісць Стракапытава да Савецкай улады, якая пазбавіла яго і яго сваякоў «свабоды гандлю», зразумелая. Але хто ў цэлым стаяў за паўстаннем? Наяўнасць у паўстанцаў досыць хутка ўзніклай арганізацыі і якой-ніякой, а праграмы, кажа пра тое, што выступ не быў спантанным.

Насенне змовы маглі прывесці з сабою афіцэры, мабілізаваныя ў Туле і Маскве. Вось што казаў пра сітуацыю ў Туле дэлегат III з'езда партыі левых эсэраў Іосіф Краскоў летам 1918 года: «Сяляне да савецкай улады ставяцца добра... У Туле стан савецкай улады вельмі дрэнны, цяжкі, бо там моцныя правыя эсэры і меншавікі, ды і самі працоўныя, што абраслі дробнымі гаспадаркамі. Сацыялісты правага лагера правялі ў горадзе страйк. Да таго ж бальшавікі рабілі і працягваюць рабіць мноства бестактоўнасцяў. У шэрагі арміі прымаюць вельмі шмат афіцэраў старой загартоўкі, арыштоўваюць працоўных... Калі яны запрасілі на службу старога генерала, салдаты ўсе хацелі сысці да левых эсэраў».

Меншавікі ў Туле, да якіх належаў і Стракапытаў, былі мала падобныя да інтэлігентаў у пенснэ, якімі іх адлюстроўвала пасля савецкая прапаганда. Падчас згаданага страйку на зброевым заводзе рабочыя-меншавікі арыштавалі губернскага камісара і ўчынілі перастрэлку.

Другім цэнтрам змовы маглі быць гомельскія чыноўнікі і службоўцы ўсё той жа чыгункі. У ліку «прадстаўнікоў грамадскасці», запрошаных Стракапытавым да супрацоўніцтва, былі і гомельскія меншавікі, і цяпер вельмі папулярызаваны архітэктар Станіслаў Шабунеўскі.

Пра тое, што абвяшчэнне «Рускай народнай рэспублікі» ў Гомелі магло быць часткай шырокага плана, кажа і назва — «1-я армія РНР». Магчыма, дзесьці ў гэты час павінны былі паўстаць 2-я і 3-я «арміі». Пры гэтым тэксты заклікаў «Палескага паўстанцкага камітэта» нагадваюць ці пераймаюць стыль галоўнага антыбальшавіцкага змоўшчыка таго часу — Барыса Савінкава.

Больш за тое, у адным са зваротаў Стракапытава гаворыцца: «Цяпер не 1918 год, а Гомель — не Яраслаўль». Былы эсэр-тэрарыст і паляўнічы за царскімі міністрамі летам 1918 года паспрабаваў арганізаваць няўдалае паўстанне ў Яраслаўлі, Мураме і Рыбінску. А ў 1919 годзе «Саюз абароны Радзімы і свабоды» Савінкава, пры падтрымцы Калчака, рыхтаваў новую серыю выступаў па ўсёй Расіі.

strkopyt4.jpg


Гомельская самаабарона

Савецкім кіраўнікам Гомеля тады было зусім не да таго, каб у дэталях высвятляць палітычныя прыхільнасці мяцежнікаў. Калі 23 сакавіка эшалоны з узбунтаванымі часткамі прыбылі на станцыю «Гомель», яны паспрабавалі арганізаваць абарону горада. У ноч на 24 сакавіка для гэтага быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК).

Улада ў Гомелі ў той час належала кіруючай партыі РКП(б). Супраць немцаў у 1918-м бальшавікі змагаліся разам з левымі эсэрамі і анархістамі. Але адразу ж пасля выхаду з падполля непатрэбныя зараз «ультралевыя» саюзнікі былі адкінутыя. Дый сама кіруючая РКП(б) дзялілася ў Гомелі на дзве арганізацыі — «Гарадскую» і «Залінейную». Пры гэтым камуністаў-чыгуначнікаў, якія адыгралі такую значную ролю ў 1917 годзе і барацьбе з акупантамі, у кіраўніцтве горада было не так шмат.

Пасады занялі маладыя гомельскія інтэлігенты, якія ўступілі ў партыю на хвалі рэвалюцыі. Старшынёй ВРК стаў 24-гадовы Сямён Камісараў (Гурэвіч). У складзе камітэта таксама былі Мікалай Білецкі-Язерскі, галоўны рэдактар гомельскіх «Известий» і сын царскага генерала, старшыня НК Іван Ланге, ураджэнец Прыбалтыкі, і Васіль Селіванаў — дэлегат Усебеларускага з’езда, былы левы эсэр, які раней арыштоўваўся НК. Ад чыгуначнікаў у ВРК уваходзілі бальшавікі Гуля і Валадзько.

Сілаў у ВРК было зусім мала. Ахоўны батальён Дзямідава фармальна заняў «нейтральную» пазіцыю, а на справе перайшоў на бок мяцежнікаў. У распараджэнні штаба абароны быў толькі невялікі Інтэрнацыянальны атрад НК з кітайцаў, немцаў і сербаў, і частка супрацоўнікаў міліцыі. З камуністычнай і беспартыйнай моладзі былі створаныя атрады, якія шмат у чым нагадвалі яўрэйскую самаабарону, якая ўжо не раз ратавала горад ад пагромаў. Пры гэтым сваю дапамогу ВРК прапанавалі як левыя эсэры, так і сацыялісты-сіяністы — але атрымалі адмову.

Падобна на тое, што першапачаткова ані гэты штаб абароны, ані самі паўстанцы не ведалі дакладна, што будуць рабіць. Большасць шараговых мяцежнікаў хацела толькі аднаго — ехаць на Бранск, а адтуль самастойна дабірацца дадому, у Тулу. Ні пра якую «Рускую народную рэспубліку» яны і не марылі. Стракапытаву давялося прыкласці нямала намаганняў, каб, запалохваючы паўстанцаў рэпрэсіямі Троцкага, схіліць іх да арганізаваных дзеянняў супраць бальшавікоў.

Першапачаткова чальцы ВРК нават спадзяваліся ўлагодзіць справу мірам. А потым прапаноўваліся розныя планы — разабраць шляхі і не даць мяцежным эшалонам ісці на Бранск і Маскву. Альбо наадварот — прапускаць мяцежнікаў па чыгунцы невялікімі партыямі, каб затым ізаляваць і раззброіць. У любым выпадку, сіл для падаўлення паўстання ў ВРК не было. На 300 чалавек спешна сабранай самаабароны было толькі 150 вінтовак розных сістэм, да часткі якіх бракавала патронаў. У раўкомаўцаў быў толькі адзін кулямёт. У стракапытаўцаў — 78 кулямётаў і 12 гармат. Але бой давялося прыняць усё роўна...

strekopyt5.jpg


Трагедыя «Савоя»

Свае нешматлікія сілы штаб абароны засяродзіў у гасцініцы «Савой» (цяпер — ААТ «Стары Універмаг»), дзе змяшчаліся галоўныя ўстановы горада, на тэлеграфна-тэлефоннай станцыі, гарадской тэлефоннай станцыі і будынку НК (цяпер — «Паляўнічая хатка»). У бок вакзала былі высланы ўзброеныя патрулі, якіх мяцежнікі ў хуткім часе адціснулі да цэнтра горада. 24 сакавіка стракапытаўцы захапілі гарадскую турму і вызвалілі ўсіх арыштаваных — як крымінальных, так і палітычных. Адначасова ў Гомель сталі сцягвацца бандыты з навакольных вёсак. У горадзе пачаліся першыя рабаванні і пагромы. Увечары гэтага ж дня адбыўся штурм «Савоя».

Першая атака была адбітая, знішчаныя некалькіх мяцежнікаў. Тады паўстанцы абрынулі на гасцініцу агонь артылерыйскіх гармат і мінамётаў. Дарэмна «Руская народная рэспубліка» гарантавала недатыкальнасць прыватнай уласнасці — самы фешэнебельны гатэль Гомеля, на вяртанне якога так спадзяваўся яго ўладальнік купец Шановіч, рухнуў на вачах. Аднак яшчэ цэлую ноч і палову дня 25 сакавіка абарона «Савою» працягвалася.

Пры гэтым у штурме гасцініцы ўдзельнічала толькі меншасць мяцежнікаў. Большая частка працягвала сядзець у эшалонах на станцыі «Гомель-Гаспадарчы». У сілу гэтых ці іншых меркаванняў, але кола блакады вакол «Савою» цалкам закрытае не было, і шмат хто з удзельнікаў абароны сышоў з гатэлю. Да другой паловы дня 25 сакавіка колькасць абаронцаў скарацілася прыкладна ўдвая.

ВРК спадзяваўся затрымаць прасоўванне мяцежнікаў да падыходу Чырвонай Арміі. Але дапамогі не было — раўкамаўцы не ведалі, што стракапытаўцы ад іх імя разаслалі ілжывыя тэлеграмы аб хуткай «ліквідацыі» бунту. А артылерыя мяцежнікаў пагражала зраўняць гасцініцу з зямлёй. І тады кіраўнікі абароны вырашылі здацца — пад сумленнае слова паўстанцаў захаваць усім удзельнікам абароны жыццё. Частка абаронцаў змаглі вырвацца з «Савоя», не спадзеючыся на міласць пераможцаў.

Аднак большасць кіраўнікоў заставалася да канца — каб падзяліць лёс са сваімі байцамі. Паўстанцы, п'яныя і раз'юшаныя, сваё слова не стрымалі — адразу ж пасля выхаду з гасцініцы былі забітыя кітайскія добраахвотнікі. Аднаму з іх адсеклі галаву шабляй. Тых, хто здаўся, павялі па Румянцаўскай вуліцы (цяпер — Савецкая). Гэта была дарога на Галгофу — увесь час іх неміласэрна збівалі пад ухвальныя крыкі натоўпу, які сабраўся паглядзець на «прадстаўленне». Паводле ўспамінаў відавочцаў, вароты турмы здаліся ім выратавальным прыстанкам. Дарэчы, начальнік турмы пры «Рускай народнай рэспубліцы» застаўся той жа, што і пры Саветах.

Пасля таго, як супраціў у «Савоі» быў задушаны, стракапытаўцы пачалі ў Гомелі масавы пагром. Ротмістр дэ Маньян піша ў сваіх успамінах, што ў рабаваннях і вымаганнях у яўрэяў прыняў удзел амаль кожны паўстанец. Сёння частка даследчыкаў спрабуе падаць «Рускую народную рэспубліку» Стракапытава ў больш мяккім выглядзе. Некаторыя пішуць, што дзеянні паўстанцаў не суправаджаліся такой колькасцю забойстваў і гвалту, як вядомыя гомельскія пагромы 1903 і 1906 гадоў. Але, на нашу думку, — стракапытаўцы значна перасягнулі іх.


strkopyt1.jpg

З успамінаў гамяльчанкі Марыі Раманавай: «Цэлы дзень мы баяліся выходзіць на вуліцу, назіралі за пагромамі з вокнаў. Добра памятаю, як салдаты разбілі вітрыннае шкло цырульні Боруха Мельніка і выцягнулі вялікія бутэлькі з адэкалонам. Адэкалон яны выпілі на вуліцы, а цырульню падпалілі. У той самы дзень пачалі лавіць на вуліцах яўрэяў. Некалькіх нашых суседзяў павесілі на ліхтарах каля вакзалу. На наступны дзень на галовах трупаў сядзелі вароны і дзяўблі вочы. Было страшна, але нам, дзецям, цікава. Мне хацелася на вуліцу, але бацькі не пускалі. За пагромам мы з братам Сашам (быў ён на два гады старэйшы за мяне, 10-гадовай) назіралі з вокнаў. Маці адганяла нас, каб не глядзелі на вісельнікаў… Салдаты выглядалі жудасна: брудныя, барадатыя, п'яныя дзядзькі ў доўгіх шынялях. Яны стралялі ў паветра і гучна мацюкаліся. Потым невядома адкуль узяўся святар з харугвай, які хадзіў разам з салдатамі і заклікаў "біць жыдоў".

Неўзабаве да нас прыбеглі яўрэі-суседзі — можа, чалавек дзесяць. Памятаю толькі дзве сям’і: Мельнікаў і Шэндаравых, бо з іх дзецьмі я сябравала. Яўрэі вельмі баяліся пагромшчыкаў. У гасцініцы "Залаты якар" быў шырокі склеп, дзе стаялі бочкі з-пад віна, селядцоў і салёных агуркоў. Мае бацькі схавалі яўрэяў у бочках, а зверху навалілі нейкія скрыні. У той жа дзень да нас прыйшлі пагромшчыкі. Я бачыла іх на ўласныя вочы. Запомнілася, што ўсе яны свярбелі, як свінні. Дэзерціры былі чымсьці ўзлаваныя і паводзілі сябе вельмі нахабна. Маці сустрэла іх з абразом у руках. Бацька падрыхтаваў самагонку. Пагромшчыкі з парога спыталі: "Дзе тут жыды хаваюцца? Пакажыце нам!" Мая маці пачала гаварыць, што яна сапраўдная праваслаўная і ўласнымі рукамі гатовая перадушыць усіх хрыстапрадаўцаў. Бацька выставіў пагромшчыкам усю самагонку, якая была ў доме. На шчасце, салдаты не ведалі пра вінны склеп. Выпілі, перахрысціліся на абраз і сышлі. Суседзі-яўрэі хаваліся ў бочках да канца пагромаў. Маці і бацька насілі ім ежу і пітво».

Паводле сведчання Марыі Раманавай, амаль палова дамоў у кварталах, прылеглых да вакзала, была разрабаваная або спаленая. На вуліцах ляжалі трупы, сярод якіх Марыя бачыла знаёмых. Так выглядалі рэаліі «белай барацьбы» за «адзіную і непадзельную Расію» не толькі ў Гомелі, але і ва Украіне, Сібіры і на Далёкім Усходзе.

Але сутыкнення з рэгулярнай Чырвонай Арміяй дэмаралізаваныя рабаваннямі і забойствамі паўстанцы не вытрымалі. 29 сакавіка Магілёўскія курсы чырвоных камандзіраў, часткі Бранскай дывізіі і фактычна атрады апалчэння, спехам сабраныя з сялян суседніх паветаў, лёгка выбілі стракапытаўскае «1-е войска РНР» з Гомеля. 1 красавіка была ўзятая Рэчыца. У падаўленні «Рускай народнай рэспублікі» прымаў удзел будучы кіраўнік урада БССР Іосіф Адамовіч.

Мая бабуля ўспамінала, як паўстанцы, якія збягалі, ні з чаго шпурнулі гранату ў іх двор. Цудам ніхто не пацярпеў. Пры адступленні мяцежнікі па-зверску забілі 12 захопленых кіраўнікоў абароны ў хляве на станцыі «Гомель-Гаспадарчы». Забівалі з нечалавечай жорсткасцю, халоднай зброяй і тупымі прадметамі. Івану Ланге размазжылі галаву. Яго грамадзянскай жонцы Песе Каганскай, адной з першых у Гомелі прыгажунь, наматалі доўгія чорныя валасы на палена і сарвалі з галавы скальп…

Мяцежнікі адышлі па жалезнай дарозе ў бок Мазыра і перайшлі там да войскаў УНР. Характэрна, што ў хуткім часе камандуючы Паўночнай групай войскаў Дырэкторыі атаман Аскілка таксама падняў мяцеж супраць свайго галаўнога атамана Пятлюры. У Роўна Аскілка падняў лозунг Устаноўчага сходу, арыштаваў урад УНР, але Сымона Пятлюру захапіць не змог. Пацярпеўшы паразу, Аскілка збег у Польшчу. Цікава, што ў 1917 годзе паручнік Аскілка быў губернскім камісарам Часовага ўрада ў Туле…

Ці магла цягнуцца адна з нітачак змовы тулякоў у Гомелі да гэтага ровенскага амбіцыйнага атамана? Начальнік штаба Паўночнай групы генерал-маёр Усевалад Агапееў у хуткім часе апынуўся ва «Узброеных сілах Поўдня Расіі» ў Дзянікіна.

«Руска-Тульскі атрад» Стракапытава таксама чакаў польскі канцэнтрацыйны лагер у Стшалкава. Пасля стракапытаўцы зноў ваявалі за «адзіную і непадзельную Расію» ў арміі Юдзеніча. І зноў былі інтэрнаваныя — гэтым разам у Эстоніі. Тут у 1940 годзе Стракапытаў і быў арыштаваны НКУС. Уладзімір Брант, галоўны ідэолаг стракапытаўшчыны, працаваў рэдактарам у варшаўскай газеце Савінкава «За свабоду» («Меч»). У 1930–1940-х гадах быў адным з дзеячаў «Народна-працоўнага саюза расійскіх салідарыстаў», што супрацоўнічаў з нацыстамі. Адначасова Брант быў супрацоўнікам Абвера. У 1941 годзе ўзначальваў ва ўправе акупаванага Смаленска бежанскі аддзел, памёр ад тыфу.

А загінулым гомельскім камунарам быў пастаўлены помнік — у скверы, які насіў імя «25 сакавіка». Дарэчы, «камунарамі» яны былі названыя ўжо пасмяротна — ніякай камуны ў Гомелі не было. Але аналогіяй паслужыла расправа над удзельнікамі Парыжскай Камуны. Адсюль і «Віленскія камунары» Максіма Гарэцкага. У 1929 годзе ў Гомелі пра тыя падзеі быў зняты адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў — «Гатэль "Савой"».