Гомель: Суд адправіў анархісцкую справу на дапрацоўку

2 красавіка стала вядома, што суддзя суду Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч адправіў на дапрацоўку ў Цэнтральны РАУС адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага.

56542894_2585093594852826_7346591050716151808_n.jpg

Суддзя вынес пастанову аб тым, што выкладзеныя ў пратаколе абставіны не адпавядаюць дыспазіцыі паказанага ў ім артыкула (ч.2 ст.17.11. КаАП). Пратакол у справе складзены 1 сакавіка, такім чынам, у вартавым парадку ёсць яшчэ месяц на ліквідацыю недахопаў. У адваротным выпадку справа будзе спынена з прычыны пропуску двухмесячнага тэрміну, на працягу якога ён павінен быць разгледжаны.
Мужчыну абвінавачваюць у тым, што яшчэ ўвосень мінулага года на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» ён падзяліўся публікацыяй «Што рабіць, калі вас заганяюць у БРСМ. Парады ад анархістаў».

mark_1.jpg

Маркоўскі лічыць, што яго пераследуюць за актыўнасць і ўдзел у «маршах недармаедаў» 2017 года.
На думку праваабаронцы Леаніда Судаленка, дзяржаўныя органы занадта шырока трактуюць само паняцце «экстрэмізм».
«Бяруць сацыяльную сетку, любую групу, якая крытыкуе ўладу, і прызнаюць рэсурс экстрэмісцкім. У нас кожны, хто не згодны з уладай — ужо экстрэміст. Калі ёсць абмежаванне на распаўсюд інфармацыі, то павінна быць тлумачэнне — якую мэту пераследуе дадзенае абмежаванне? Гэта закранае правы і свабоды іншых грамадзян, нацыянальную бяспеку, тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы? Пакуль я бачу, што справа прыцягнутая за вушы», — пракаментаваў сітуацыю Судаленка.
Нагадаем, згодна з ч.2 артыкула 17.11 КаАП распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў цягне штраф ад 10 да 50 базавых велічынь або нават адміністрацыйны арышт да 15 сутак.
Паводле gomelspring.org