«Калі б мяне судзілі ў Беларусі, далі б 25 гадоў»

Яўгену Усюкевічу, жыхару Наваградка, мінула 94 гады. Ён — той, пра каго ў падручніках гісторыі пішацца: «калабарант». «Я проста хацеў Адраджэння Беларусі», — сказаў спадар Яўген за кубкам гарбаты. І расказаў, праз што давялося прайсці, каб наблізіцца да мары.

Яўген Усюкевіч сталы падпісчык нашай газеты

Яўген Усюкевіч сталы падпісчык нашай газеты

На Крэсах

Нарадзіўся Яўген Усюкевіч у 1923 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсачцы ля жывапіснай Любчы. На тыя часы гэта ўжо былі «Крэсы Усходнія». Спадар Яўген казаў, што ў самім вымаўленні «Крэсы Усходнія» ўжо было відавочным стаўленне палякаў да беларусаў. «Ні рускія, ні палякі так і не папрасілі прабачэнне за гістарычныя здзекі з нас», — з болем кажа былы вязень ГУЛАГу. Назва «Крэсы Усходнія» ў былога вязня дагэтуль выклікае абурэнне.

Скончыць сем класаў пачатковай школы пры паляках ён здолеў. Але каб пайсці вучыцца далей, ён мусіў бы рабіць пэўныя махінацыі са сваім веравызнаннем. Толькі спадар Яўген дагэтуль ледзь не б’е сябе ў грудзі, калі кажа: «Я праваслаўны».

«Напрыклад, каб атрымаць у польскім войску чын, большы за капітана, трэба было прыняць каталіцтва. Сябра майго бацькі, Адам Бутрым, які нарадзіўся ў 1896 годзе, служыў у царскім войску. А ўжо ў часы Керанскага ён падпісваўся так: веравызнанне — рыма-каталік. Нацыянальнасць — беларус. «Які ты беларус? — абуральна пыталі ў яго. — Ты ж паляк!» — «Я — беларус!» — расказвае спадар Яўген.

Па яго словах, колькі б палякі ні апалячвалі беларусаў, на Наваградчыне ўсё адно чулася беларуская мова. Моладзь была ў касцёле, а мова сярод іх — беларуская. На Ашмяншчыне, Пастаўшчыне панавала каталіцкая вера, але багата людзей вызнавалі сябе беларусамі.

Спадар Яўген узгадваў, што ў іх мясцінах было шмат і грэка-каталікоў, якіх зараз у Беларусі толькі жменька. У Даляцічах, напрыклад, служба ішла ў грэка-каталікоў па-царкоўнаславянску, а казанні былі па-беларуску. А адна вуліца была выключна татарская. «І палякі ставіліся да магаметан больш лаяльна, чым да праваслаўных, — узгадваў Усюкевіч, — бо калісьці яны актыўна праявілі сябе пры Вітаўце».

Яўген Усюкевіч і журналістка НЧ Вікторыя Чаплева

Яўген Усюкевіч і журналістка НЧ Вікторыя Чаплева

«Мы ж думалі, што там — рай»

На ўсю вёску, дзе жыў Яўген Усюкевіч, быў адзін прымач, па якім лавілі радыёхвалі. Вяскоўцы слухалі савецкі Мінск, які тады падаваўся салодкім забароненым плодам. «Мінск заўсёды быў нашай бацькаўшчынай. Мы думалі, што там — рай», — не аднойчы яшчэ будзе паўтараць Яўген Вячаслававіч.

— У Заходнюю Беларусь прасочвалася агітацыя з Усходняй Беларусі, — расказвае спадар Яўген. — І моладзь наша стала паступова аб’ядноўвацца ў ячэйкі. Часам яна магла адзначаць такія святы, як Першамай: пісала лозунгі, раскідвала ўлёткі… І праз гэтую прапаганду моладзь пачкамі нелегальна перасякала мяжу з Саветамі. Мне распавядаў ужо пасля вайны адзін маёр, як ён на савецкай мяжы злавіў 15 хлопцаў, якія ўцякалі з Заходняй Беларусі… З нашага боку быў паляк, які дапамагаў нелегальна перабірацца хлопцам на савецкую тэрыторыю. Той, хто хацеў патрапіць на савецкі бок, мусіў мець пры сабе залатую манету — гэта і быў кошт пераправы. Той паляк меў сувязь з памежнікамі, якія і пераправілі хлопцаў на той бок. Хлопцы крыху прайшлі па савецкай мяжы, як пачулі: «Стой! Рукі ўверх! Куды ідзяце?» Хлопцы кажуць: «Працаваць хочам!» Ім гэты маёр адказвае: «Якое працаваць? Я мушу зараз вас у камеру пасадзіць! Колькі класаў адукацыі маеце?» А ў іх — 2, 3, 4 класы… Цёмныя вясковыя хлопцы… Тады маёр сказаў: «Хлопцы, заўтра ранкам я вас перакідаю назад і загадваю больш не хадзіць так, бо вас пасадзяць як польскіх шпіёнаў». А як адышлі хлопцы ад роднай мяжы кіламетраў на сем, так палякі і ўзялі іх «за дупу» — і ў Стоўбцы ў вязніцу: каго на два месяцы пасадзілі, каго — на пяць. Як магнітам цягнула моладзь у Беларусь. І з іх мала хто вярнуўся. У асноўным усіх згнаілі ў турмах».

img_6507_logo.jpg

— А ці сустракалі вы Саветы, калі тыя прыйшлі ў 1939-м?

— Сустракалі з хлебам і соллю, як і пісалі ў газетах. Але пасля прыходу збавіцеляў рай чамусьці стаў бедным, а паліцы ў крамах — пустымі.

Спадар Яўген узгадаў і пераслед людзей, якія былі звязаныя з польскімі ўладамі, асабліва «асаднікаў» — тых, хто служыў у Войску Польскім, і якіх пасля размясцілі на Наваградчыне. Высылалі чыноўнікаў, суддзяў, пракурораў. Мясцовы памешчык, праўда, паспеў збегчы — праз Літву выехаў у Англію.

Але для Яўгена Вячаслававіча, якому ў 1939-м было 16 гадоў, важна было нарэшце атрымаць адукацыю. Ён працягваў вучобу ўжо ў савецкай школе.

За кубкам гарбаты можна шмат пра што ўзгадаць

За кубкам гарбаты можна шмат пра што ўзгадаць

— Памятаю, аднойчы ў нас у школе з’явіўся новы настаўнік — Барыс Рагуля. Ён, калі быў у Войску Польскім, трапіў у палон у Прусіі. Некалькі разоў спрабаваў уцячы з палону. Нарэшце яму пашанцавала. Ужо на савецкай мяжы чалавек яго пытае: «Хлопец, якога хрэну ты сюды ідзеш?». Але ж як якога… Яны ж усе верылі… Верылі, што ў рай ідуць. А Рагулю ж заўжды цягнула на бацькаўшчыну».

Рагуля не проста выкладаў па-беларуску, але і размаўляў па-беларуску з вучнямі. Ён быў адзіным настаўнікам, які размаўляў па-беларуску і па-за заняткамі. За гэта, пэўна, ён і выклікаў цікаўнасць у мясцовых органах.

«Аднойчы мы прыйшлі ў школу, а Барыса няма. Яго арыштавалі, як і некаторых іншых настаўнікаў», — з сумам працягнуў спадар Яўген.

На старых фотаздымках шмат тых, каго ўжо сёння няма на гэтым свеце

На старых фотаздымках шмат тых, каго ўжо сёння няма на гэтым свеце

Немцы і партызаны

Немцы ў 1941-м, па словах спадара Яўгена, па Наваградчыне не прайшліся, а пракаціліся на матацыклах. І зноў наступіла цішыня. Палонныя, якія здолелі вырвацца з акружэння, заставаліся на вёсках і працавалі. Немцы іх не чапалі.

«Шмат каго з савецкіх палонных выкупалі мясцовыя. Казалі, маўляў, што свой чалавек, давалі немцам, скажам, яйкі, а тыя ўзамен адпускалі палоннага. Так, мянялі нават зусім чужых, але выдавалі за сваіх. Шмат хто з палонных у мінулым былі афіцэры. Яны спакойна сабе жылі, і толькі пазней немцы сталі забіраць іх на працу».

Не прайшло і некалькіх месяцаў нямецкай акупацыі, як у Наваградку арганізаваліся настаўніцкія курсы, якія доўжыліся шэсць тыдняў. Спадар Яўген скончыў іх, але настаўнікам працаваць не пайшоў.

Па словах былога вязня, усё змянілася тады, калі пачалі дзейнічаць партызанскія атрады. Кантроль узмацніўся, а жыхароў сталі вывозіць на працу ў Германію.

— А чаму вы не пайшлі ў партызаны?

— Партызаны ваявалі за Іосіфа Вісарыёнавіча. І наогул я лічу, што Беларусі партызанскай не было. Калі немцамі рабіліся аблавы, людзі ішлі ў лес. І станавіліся воляй лёсу партызанамі. Але ж каманда па стварэнні атрадаў была з Масквы! Кантроль усяго руху быў маскоўскі! І па-свінску паводзілі сябе і немцы, і партызаны. Праз аднаго забітага з-за кута немца гарэла цэлая вёска. Трэба было неяк бараніць нашы вёскі… Таму трэба было неяк аб’ядноўвацца.

Яўген Усюкевіч шмат гадоў таму

Яўген Усюкевіч шмат гадоў таму

Легендарны Рагуля

Пасля таго, як Барыса Рагулю арыштавалі, яго чакала найвышэйшая мера прысуду — расстрэл, якога ён чакаў, седзячы ў Мінскай «амерыканцы». Але немцы наступалі, а савецкая войска адступала і пагнала з сабой і зняволеных. Падчас прыпынку зняволеных пачалі сартараваць: «палітычных» — асобна, «бытавікоў» — асобна. Рагуля запісаўся ў «бытавікі» і ўпэўнена сказаў «прычыну» арышту: «Бацька мой не вывез таварнікаў».

— Вы ведаеце, што такое таварнік? — запытаўся спадар Яўген. — Не ведаеце, канечне, дзе ж вам… Раней, у каго быў конь, таму Саветы накладалі абавязак: гаспадар мусіў вывозіць лес. А калі не вывозіў, то яго маглі і арыштаваць. Вось і Рагуля прыкінуўся быў, што таксама сеў за гэта.

Вязняў адагналі ад Мінску кіламетраў за дваццаць. «Бытавікоў» паставілі ў адно месца, «палітычных» — у іншае. Рагуля кажа аднаму прафесару з Усходняй Беларусі: «Давай жа сюды!» Той толькі рукой махнуў. І «палітычных» тут жа расстралялі. Пасля пачаўся нямецкі абстрэл, і вязні разбегліся. Рагуля вярнуўся дадому і стаў працаваць ужо пры немцах — настаўнікам у настаўніцкай семінарыі і перакладчыкам у Наваградскай адміністрацыі.

Аб’яднацца беларускім патрыётам немцы дазволілі толькі ў 1944-м, калі шанцаў на перамогу ў іх фактычна не заставалася. На Наваградчыне такое аб’яднанне ўзнікла на базе настаўніцкай семінарыі. Лічылася, што Наваградскі швадрон будзе ўяўляць сабой беларускую школу, якая павінна рыхтаваць малодшых камандзіраў для беларускага корпуса.

Траўб, нямецкі камісар Наваградскага павету, прапанаваў Барысу Рагулю арганізаваць беларусаў. Спадар Яўген бяссільна разводзіць рукамі: «Чаму яны не далі арганізавацца беларусам у 1941-м? Была б свая паліцыя, сваё войска…»

img_6556_logo.jpg

Наваградскі Швадрон

Спадар Яўген не вагаўся наконт уступлення ў швадрон. Але немцам ён не верыў: «Немцы для мяне былі такія ж самыя ворагі, як і Саветы. Але я хацеў, каб не гарэлі нашы вёскі… Як і ў любым войску, у нашым корпусе ўсё было па раскладзе: пад’ём, малітва… — былы вязень раптам замаўчаў, а пасля зацягнуў да болю знаёмы спеў, які я памятала з падлеткавых гадоў, калі цікавілася калабаранцкімі спевамі: — «Беларусь наша Маці-краіна, ты з нас моцных зрабіла людзей...» Кожны з калабарантаў штодня прамаўляў гэтыя словы як прысягу вернасці Беларусі. На вопратцы ў чальцоў швадрону былі прымацаваны сімвалы: бел-чырвона-белы сцяжок і «Пагоня».

Спачатку малады Яўген быў камандзірам аддзялення. Затым — заступнікам камандзіра звязу.

«У нас была ўсталёўка: не чапаць партызанскія сем’і», — неаднаразова паўтараў спадар Яўген.

З дапамогай швадрону з’явілася магчымасць дапамагаць і жыхарам:

— Памятаю, як аднойчы мы пайшлі рэйдам з Наваградку ў Любчу. Іду і бачу, што мой сусед Мікалай з нашай вёскі падмятае вуліцу. Я, канечне, падышоў і запытаў, што здарылася. А ён мне і кажа, што яму партызаны перадалі ліст (значыць, з кімсьці быў у сувязі з паліцыі), каб перадаў камусьці з паліцыі. Па дарозе Міколу абшукалі і знайшлі гэты ліст. У выніку яго арыштавалі. Я пайшоў да Барыса Рагулі і кажу: «Гэта ж мой сусед! Трэба забраць яго». Рагуля мяне падтрымаў, разам пайшлі ў камендатуру і сталі адстойваць Міколу. Немцы і не супраціўляліся. А дзе яны будуць супраціўляцца? Нас шмат, і мы моцныя. Я прапаноўваў Міколу застацца ў нас. А ён кажа мне: «Не, Жэнёк, куды мне ўжо!» Тады я сказаў яму, каб не трапляўся ні партызанам, ні немцам. Яго пасля, дарэчы, правяралі партызаны, і ведалі, дзякуючы каму ён застаўся жывы».


Былі нападкі і на сям’ю самога Яўгена. Аднойчы ў бацькаву хату прыйшлі партызаны:

— Яны паставілі чатыры снапы па перыметры, і камандзір загадаў аднаму з партызан іх падпаліць, а бацьку застрэліць. Але партызан той адмовіўся. А другі стрэліў, але, відаць, у паветра, бо бацька застаўся жывы. Проста так яны, канечне, не сышлі — на дварэ забілі кабана, забралі збожжа. Але адзін партызан сказаў, каб бацька тэрмінова перабіраўся ў Любчу, бо там была моцная ахова і паліцыя. Інакш — сям’ю расстраляюць. І дакладна! Ён выехаў, а на заўтра ўжо гарэлі ўсе нашыя будынкі — і хата, і хлявы… Але калі пасля вайны прыйшлі Саветы зноўку, то бацьку майго не чапалі, бо бацька не чапаў тых партызан.

Язэп Сажыч, Яўген Усюкевіч і Юры Сажыч. Сакавік 1993 года, Наваградак.

Язэп Сажыч, Яўген Усюкевіч і Юры Сажыч. Сакавік 1993 года, Наваградак.

Хлябай да канца

Калі ўжо ішло вызваленне Беларусі, Наваградскі швадрон паслалі ў Докшыцы на аперацыю супраць партызанаў. «Пакуль ехалі, мы праязджалі не вёскі, а пустыры. Усё было спалена… І мы ведалі, хто вінаваты ў гэтым — немцы і партызаны».

Рагулю далі загад, каб ён са швадронам рушыў на Вільню. Іх цягнік затрымалі, таму Барыс са швадронам вырашыў ехаць на Ліду, каб прывезці дадому сваіх хлопцаў. Гэта была апошняя магчымасць дабрацца дадому, бо за імі паравоз цягнуў нешта накшталт якара, які выкарчоўваў з зямлі ўсе рэйкі.

«Барыс прывёз нас у Наваградак. Мы пераночылі ў парку. Пасля ён сказаў: «Хлопцы, адсюль я вас узяў, сюды і прывёў. Немцы прайгралі — так ім і трэба. Сам я тут не застануся, бо ведаю характар Саветаў — будуць судзіць. Хто хоча — можа сыходзіць са мной, а хто хоча — можа заставацца».

Напэўна, большасць хлопцаў даўно марыла пра мірнае жыццё на Бацькаўшчыне, за якую і цярпелі. Таму большасць з іх засталіся дома — чакаць прыходу новай улады. Яўген Усюкевіч жа адступаў разам з лейтэнантам Друцькам на конях у Прусію. Рагуля з некалькімі хлопцамі паехалі на машыне іншым шляхам. Больш яны са спадаром Яўгенам не бачыліся.

img_6520_logo.jpg

У хуткім часе яны апынуліся ва Усходняй Прусіі. «Там сабралі ўсіх такіх «недабіткаў» з Беларусі і Украіны, як і мы, — з сумнай іроніяй сказаў спадар Яўген. — І арганізавалі 30 дывізію СС пад кіраўніцтвам Гімлера».

Дывізіі перакінулі на Захад: ваяваць супраць амерыканскіх і французскіх войскаў. Але шмат хто цэлымі ўзводамі пачаў пераходзіць на амерыканскі бок:

— Дывізія была растрапаная. Я толькі і думаў: «Як перайсці на Захад?» Я быў фельдфебелем, Друцька — лейтэнантам. Мы неяк стаялі на ўзгорку, а ўнізе былі амерыканцы. Я кажу: «Хлопцы, не страляйце!» А мы былі ў хаце. Я пабег і сказаў сваім хлопцам, каб тыя стаіліся: завешалі вокны белай тканінай і не стралялі. Мы ж не збіраліся ваяваць супраць амерыканцаў. Да мяне прыбег ганец і сказаў, каб я на павозцы паехаў за Друцькам, бо яго раніла. Я пераязджаю з Друцькам мост. Ён замінаваны. Чалавекі чатыры глядзяць у бінокль, але не страляюць. Мы праехалі мост, і яго падарвалі немцы... І так я застаўся на нямецкай тэрыторыі. А маіх хлопцаў падабралі амерыканцы... А паколькі мы былі з Заходняй Беларусі, то Андэрс адразу апрануў іх у сваю форму. Па выніку, хтосьці застаўся з Лондане, а хтосьці зараз у Канадзе.

Праз некаторы час амерыканцы падрыхтавалі для будучых палонных трасу. На Вялікдзень 1945 года Беларуская дывізія была ўжо на амерыканскай тэрыторыі.

«Першым крочыў уласаўскі полк. Пасля — мы. Мы праходзілі мост, які быў высока-высока над прорвай, метраў, пэўна, сто. Пасярэдзіне моста вісеў нямецкі сцяжок і міна. На тым баку — баявыя акопы. Уласаўцы падышлі і перарэзалі правады. Немец, які нёс варту, аж заплакаў, нібыта мы ўчынілі яму здраду. Але ж якая здрада? Яны ж ужо прайгралі… А салдацікі, што былі на беразе ў акопах, разам з намі і пайшлі пад крыкі «капут!».

Палонных завялі ў балота. Есці асабліва не было што: адна буханка хлеба на сто чалавек. На балоце было мокра і халодна. Толькі пасля палонных перакінулі ў Нармандыю.

Палонныя чакалі пераправы на беразе ў горадзе Шэрбургу ў Францыі. Яўген Вячаслававіч з захапленнем распавядаў, што калі быў светлы дзень, то салдаты маглі бачыць берагі Англіі — і на душы станавілася светла, бо хутка ўжо ўсё мусіла скончыцца.

Той, хто лічыў сябе палякам, мог гэта вызнаць і адразу перанакіравацца ў армію Андэрса:

— Быў у нас такі Барыс з Любчы. Вагаўся-вагаўся, а пасля плюнуў: «Ды ну іх, пайду да палякаў». Ён пайшоў і запісаўся палякам. Яго адразу апранулі ў «Андэрса» — і ён вольны. А са мной жа былі мае шараговыя салдацікі, беларусы. Я што, буду прыкрывацца палякам? Не. Змагаўся за Беларусь, вызнаваў сябе беларусам — так трэба ўжо хлябаць да канца. У жніўні нам прыказалі падняцца і ісці на вакзал. Думалі, нарэшце, перавядуць на карабель. Глядзім — чырвоныя колышкі, чалавек трыццаць з сабакамі і чуем голас: «Господа офицеры, следуйте в вагоны!».

23 жніўня іх затрымалі. 24 жніўня — арыштавалі. 25 жніўня — судзілі.

img_6564_logo.jpg
Суд і лагер

Перад судом у камеру да Яўгена зайшоў СМЕРШавец:

— Як настрой? — запытаўся ён.

— Ну які тут настрой можа быць? Чакаю, калі ўжо шлёпнуць.

— Хто цябе страляць будзе? Сказаць колькі табе дадуць? Не больш за восем гадоў! Але судзіць будзем.

Усюкевіч кажа, што на судзе ў яго запыталі нешта пра гаспадарку, а пасля зачыталі вырак: «Без канфіскацыі маёмасці восем гадоў папраўчай калоніі».

«Калі б мяне судзілі ў Беларусі, то далі б 25 гадоў. У Беларусі ўсім давалі па 25. Бо Беларусь хацела выслужыцца перад Масквой. Беларусь была самай савецкай краінай», — дадае Яўген Усюкевіч.

Уласаўскім лейтэнантам давалі па 10–15 гадоў. Спадар Яўген не сказаў, што ён лейтэнант: «І кінулі нас у вагоны… Там усё як трэба, — дзірка, параша — і павезлі ў айчынны рай... А ў лагеры нас прымаў адзін баец і казаў, маўляў, каго прымаць, фашыстаў? Іх — у расход! Мяне абшманалі… А пасведчанне настаўніка, «аўсвайс», абразок Багародзіцы — усё парвалі, скінулі ў кучу і падпалілі».

Пра лагернае жыццё пад Рыбінскам спадар Яўген распавядаў без ахвоты. Ён усё жартаваў: «Я ж на курорце быў, а не ў лагеры! Гэта вы тут з мяне арыштанта вялікага робіце!»

У лагеры Усюкевіч спачатку быў на зямельных працах, а пасля стаў цесляром.

Лісты з лагера Яўген мог пісаць хоць кожны дзень, у той час як у некаторых лагерах ліст сваякам можна было пісаць двойчы на год.

Аднойчы Яўгена паслалі ў барак на «адкормліванне». У іх лагеры раптам стала паміраць шмат моладзі. І было вырашана, што тых, хто можа хутка памерці, варта крыху падкарміць: «Нас распранулі і сталі паказваць камісіі. Мы павінны былі проста прайсціся да дзвярэй. Я ўжо амаль дайшоў да дзвярэй, як да мяне падыходзіць дзяўчына з камісіі і просіць прайсціся яшчэ раз. І яны са сваёй сяброўкай паставілі мне адну і тую ж групу здароўя. Таму цэлых восем баракаў па сто чалавек, і я разам з імі адпачываў цэлы месяц. А мяне ж наогул маглі паслаць адтуль куды падалей… Так што, скажыце, не ў кашульцы нарадзіўся?»

Аднойчы спадару Яўгену дазволілі нават спатканне з бацькамі! І да яго ў сібірскі Рыбінск з Наваградчыны прыехала маці:

— І тут тэлеграма прыходзіць — у Брэсцкай вобласці разгарэўся тыф! І маю маму, родную маю, да мяне не пускаюць... Я ж мог сем сутак з ёй быць. І яна прыехала ў такую разруху… Нават сала, якое прывезла, не хацелі мне даваць: думалі, заразнае.

У сям’і Усюкевічаў Яўген быў вязнем не адзін. Брат Яўгена Алесь таксама трапіў у ГУЛАГ. Ён прайшоў усю вайну, нават меў медаль «За ўзяцце Кёнігсбергу». Але пасля вайны Алеся і яшчэ 17 чалавек абвінавацілі ў стварэнні антысавецкай арганізацыі:

— Іх усіх судзілі. Сярод моладзі быў карэспандэнт баранавіцкай газеты, які шпіёніў за імі. Шурку далі дзесяць гадоў ГУЛАГа, бо ён ваяваў. А мой брат стрыечны, і ўсе тыя, каму далі па 25 гадоў, — усе загінулі.

Сястру спадара Яўгена Тамару таксама выслалі на Урал, бо яна мела нядобранадзейных братоў.

Пасля васьмі гадоў Яўген Усюкевіч вярнуўся на радзіму:

— Куды ні ткніся — ідзі назад. Спрабаваў уладкавацца нават у Мінску — усё адно сыдзі. Калі я казаў працадаўцам, што меў судзімасць, мне казалі адразу — «да пабачэння».

У выніку ўсё ж атрымалася ўладкавацца цесляром у Любчы.

На гэтым фота яшчэ разам з жонкай і сынам

На гэтым фота яшчэ разам з жонкай і сынам


Жэня плюс Жэня

Жонкі спадара Яўгена ў жывых ужо няма шмат гадоў. Два гады таму памёр і сын, які з нараджэння быў з псіхафізічнымі асаблівасцямі. Засталася толькі дачка з сям’ёй.

Жонку спадара Яўгена звалі Яўгенія. Яна скончыла тыя ж настаўніцкія курсы пры немцах, што і яе муж. Толькі тады яшчэ іскры паміж імі не прабегла. У 1944 годзе Яўгенія патрапіла на Усебеларускі кангрэс:

— Мая жонка цікавілася гэтым усім і трапіла на кангрэс не як дэлегатка, а як проста цікаўная. Але на яе ж нехта данёс… За гэта па прыходзе савецкай улады яе і адправілі ў лагер. Жонка вучылася ў медычным універсітэце. У лагеры замест 25 гадоў яна адбыла восем. Яна аднавілася ў інстытуце, адкуль яе выгналі. Жэня звярнулася з гэтым да Мазурава. Яе аднавілі, а пасля зноў адлічылі. Паслалі працаваць фельчарам. Пасля яна зноў аднавілася і нарэшце яго скончыла.

Я не ведаю, чаму пайшла за мяне замуж мая жоначка, мая малышка… Я б за сябе не пайшоў, шчыра! — на поўным сур’ёзе сказаў спадар Яўген.

Разам з жонкай, дачкой і зяцем. Злева Сяргей Грыц, у куце пакоя Язэп Сажыч. Сакавік 1993 года. Сакавік 1993 года, Наваградак.

Разам з жонкай, дачкой і зяцем. Злева Сяргей Грыц, у куце пакоя Язэп Сажыч. Сакавік 1993 года. Сакавік 1993 года, Наваградак.


«Судзімасць знятая»

З Любчы сям’я Усюкевічаў пераехала ў Наваградак. Аднойчы, калі спадар Яўген як заўжды працаваў у майстэрні, па вуліцы данёсся крык: «Усюкевіча ў КДБ! Усюкевіча ў КДБ!»:

— Я прыходжу ў Наваградскі КДБ. А яны мне: «З вас судзімасць знятая. Вы нават можаце пайсці вучыцца!»

— Якое вучыцца? Мяне ж нідзе не прымалі! — абураюся я.

— Дык вы звяртайцеся да нас. Вам трэба яшчэ вучыцца. І не звяртайце ўвагу на кпіны. З вас судзімасць знятая. І колькі вы будзеце ў Наваградку, вас у КДБ ніхто ніколі больш не выкліча.

Дакументаў аб заканчэнні сямі класаў у Яўгена Вячаслававіча не засталося — іх спалілі перад адпраўкай у ГУЛАГ. Яўген пайшоў вучыцца ў вячэрнюю школу. Там ён скончыў восьмы клас. Паступіў у мінскі тэхнікум без іспытаў. Чатыры з паловай гады ездзіў у Мінск, каб здаваць іспыты. А пасля дырэктар дзённага аддзялення прапанаваў застацца выкладаць. «А кватэра? Я ж сямейны!»

 Кватэру адразу прапанаваць не змаглі. Так і вярнуўся спадар Яўген у Наваградак з дыпломам «тэхнік-будаўнік».

Спачатку ён працаваў інжынерам па тэхнічным наглядзе. Пасля — начальнікам сааружэнняў. У 70 гадоў выйшаў на пенсію. Пенсія ў яго — крыху больш за тры мільёны. Але спадар Яўген і на гэта кажа: «Дзякуй Богу!».

img_6607_logo.jpg

Пасля лагеру беларускую незалежнасць спадар Яўген ні з кім не абмяркоўваў і са сваімі наваградскімі вайсковымі сябрамі, якія выжылі, не сустракаўся. «Усе мы сядзелі па норах», — узгадваў ён. Сваёй дачцэ Усюкевічы не распавядалі, што яны — вязні, якія адсядзелі па восем гадоў. Але дачка пасля сказала, што здагадвалася пра гэта. Ад былога жыцця ў Яўгена Вячаслававіча засталіся толькі рэдкія сустрэчы і яшчэ больш рэдкія навіны з Захаду — ад тых, каму ў 1945-м пашанцавала больш, чым яму.

«Я проста хацеў адраджэння Беларусі, — задуменна сказаў спадар Яўген. — Таму хай зараз моладзь трымаецца свайго. Трымаецца і не ўпускае, хаця і будзе за гэта хлябаць».