Калі ворагаў больш, чым сяброў. Да гадавіны заснаваньня Беларускай Народнай Самапомачы ў 1941-м

Арганізацыю, створаную ў акупаваным Мінску, за савецкім і лукашэнкаўскім часам афіцыйна менавалі як калабаранцка-нацысцкую. Зь іх малявалі здраднікаў радзімы. Магчыма, так яно і было, ці можа і не – давайце паглядзім.

БНС у 1941 годзе

БНС у 1941 годзе

Стварэньне БНС

У кастрычніку 1941 года з Прагі ў Менск прыехаў Іван Ермачэнка, дзеяч Рады БНР, ён быў прадстаўніком БНР у Турэччыне і ў Сярэднеазіяцкіх краінах, прызначаны нямецкім міністрам Розэнбэргам кіраўніком Беларускай народнай самапомачы (БНС). Гэта была адзіная на той час дазволеная акупацыйнымі ўладамі грамадзкая арганізацыя ў Беларусі. 22 кастрычніка Кубэ і Ермачэнка выдалі адозву да насельніцтва, у якой абвяшчалі стварэньне БНС. Праз некалькі дзён «Менская Газэта» апублікавала яе статут, які, акрамя грамадзкай апекі і аховы здароўя, даваў БНС права арганізаваць культурную дзейнасьць, у тым ліку выдаваць кнігі і часопісы, піша гісторык Юры Туронак.

Беларуская энцыкляпэдыя ў адпаведным артыкуле за аўтарствам А. Літвіна піша: “БНС - Нацыянальная арганізацыя калабарацыяністаў на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны”.

Паводле ўспамінаў Антона Шукелойця, напрыканцы 1941 года “арганізавалася і ўзмацнілася Самапомач, дзякуючы актыву, які тады ўжо сабраўся ў Менску. Сюды, дзеля арганізацыі вайсковага школьніцтва, прыехаў Францішак Кушаль. Тут жа знаходзіўся ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.

У большых гарадах з дапамогай Самапомачы паўсталі розныя тэатральныя гурткі, хоры. Менскі тэатар тады меў тры аддзелы: драматычны, опэрны (Музычны тэатар) і аддзел эстрады. Гэты эстрадны аддзел разьязджаў па гарадах Беларусі”.

Рада БНС у 1942 годзе

Рада БНС у 1942 годзе

БНС пасьпела выдаць дзьве кнігі, пакуль немцы не прыкрылі такую магчымасьць. Першай кнігай была манаграфія Янкі Станкевіча “Крыўя-Беларусь у мінуласьці”, надрукаваная ў жніўні 1942 года вялікім накладам у 50 тысячаў асобнікаў. Другой – праца таго ж аўтара “Лемантар пераходны з лацініцы на кірыліцу”.

Улетку 1942 года кіраўніцтва СС і паліцыі выступіла з рэзкай крытыкай палітыкі Кубэ ў Беларусі, які інспіраваў і падтрымоўваў незалежніцкія праэкты Ермачэнкі, у прыватнасьці, стварэнне Самааховы. Паступова на пачатку 1943 года сфера дзейнасьці БНС была моцна звужаная і абмежаваная да грамадзкай апекі і аховы здароўя. Выдаваць кнігі ёй ужо не дазвалялася. У красавіку 1943 года Ермачэнка быў адсунуты ад кіраўніцтва і вымушаны пакінуць Беларусь.

Ахова здароўя

“Беларускай Народнай Самапомачы” шмат дасталася ад савецкіх гісторыкаў і публіцыстаў. Аднак у яе практычнай дзейнасьці было нямала таго, што пайшло на карысьць людзям. Датычыла гэта і медыцынскага абслугоўваньня, чым займаўся спецыяльна створаны ў структуры БНС Аддзел аховы здароўя”, – піша доктар гістарычных навук Леанід Лыч.

Дзякуючы клопатам кіраўніка БНС Ермачэнкі некаторыя айчынныя спецыялісты вярнуліся з эўрапейскіх краінаў на працу ў Беларусь. Менавіта Іван Ермачэнка, маючы бясспрэчны аўтарытэт у акупацыйных уладаў, дамогся ад іх дазволу на паездку ў шматлікія лягеры савецкіх ваеннапалонных, каб адшукаць сярод вязьняў прадстаўнікоў медыцынскіх прафэсій.

Іван Ермачэнка ў якасьці прадстаўніка Рады БНР у Турэччыне 1921 год

Іван Ермачэнка ў якасьці прадстаўніка Рады БНР у Турэччыне 1921 год

І яны знаходзіліся, уладкоўваліся на працу згодна са сваёй спецыяльнасьцю. Так не толькі былі ўратаваныя многія палонныя дактары, але і значна павысілася якасьць медыцынскага абслугоўваньня мясцовага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі – сцьвярджае прафэсар Лыч.

Усе цывільныя медыцынскія ўстановы падпарадкоўваліся Аддзелу аховы здароўя Генэральнага камісарыята Беларусі. Аднак Івану Ермачэнку ўдалося адкрыць некалькі такіх установаў у Менску для абслугоўваньня працаўнікоў БНС. І ня толькі. Іншым разам тут атрымлівалі дапамогу тыя, хто не мог заплаціць за лячэньне, набыць лекі.

У Статуце БНС былі пазначаны задачы:

Арганізаваць інтэрнаты, дзіцячыя сады, клюбы, калёніі, прытулкі, медыцынскую дапамогу.

Стараньнямі кіраўніцтва БНС у Менску стала весьці прыём хворых Цэнтральная амбулаторыя Беларускай Народнай Самапомачы. Тут працавалі высокай кваліфікацыі дактары, таму заўсёды мелася шмат пацыентаў. У Нацыянальным архіве Беларусі захоўваецца рэгістрацыйны журнал наведвальнікаў гэтай установы.

Глядзіце таксама

Запісы вяліся з 1 сакавіка 1942 года. Ад гэтай даты і да 29 траўня 1942 года яе наведалі 2814 чалавек. У рэдкіх выпадках у амбулаторыі прымалі і з навакольных вёсак. У архіўных дакументах сустракаюцца пісьмовыя звароты Аддзела аховы дзіцячых установаў БНС у гэтую амбулаторыю з просьбай рабіць бясплатныя перавязкі дзецям, у якіх няма бацькоў.

Як узгадвае Янка Жамойцін, пісьменьнік і палітвязень чырвонага рэжыму: “У 1942 годзе Лідзкі i Шчучынскі паветы былі пад моцнымі польскімі ўплывамі. Адміністрацыя i паліцыя былі абсаджаны галоўным чынам палякамі. Праніканьне беларускага элементу ў органы тэрытарыяльнага праўленьня было непамерна слабейшае.

Адзіная грамадзкая арганізацыя таго часу, Беларуская народная самапомач, створаная на ўзор польскай Rady Głównej Opiekuńczej, апрача збору харчовай i матэрыяльнай дапамогі галоднаму Менску i іншым гарадам на ўсходзе краіны, старалася пашырыць прысутнасьць беларусаў у грамадзкім жыцьці, у тым ліку ў органах мясцовай адміністрацыі, арганізаваць народнае школьніцтва, абарону суайчыньнікаў, калі ім рабілася крыўда акупантам ці кім іншым.

1_812.png

БНС здабыла сярод насельніцтва даволі вялікую папулярнасьць, як адзіная арганізацыя, да якой людзі маглі прыходзіць са сваімі скаргамі, шукаць ратунку ці сякой-такой помачы. Зразумела, што яна першая i трапіла пад абстрэл у тым спаборніцтве за магчымасьці ўзьдзеяньня на публічныя i культурныя праблемы.

Усё гэта можна было яшчэ трываць, пакуль яно ўтрымлівалася ў рамках паняцьця "спаборніцтва". Прапаганда таго ці іншага боку, якая б яна не была, магла перасьцерагаць, але не забівала. Пад тым прапагандысцкім — у адмоўным сэнсе — "абстрэлам" апынуліся i школы. Напуджаныя людзі пачалі баяцца пасылаць дзяцей у беларускую школу”.

Іншыя ўспаміны пакінуў чырвоны партызан Валянцін Таўлай:

“Каб растварыць адзінства беларускага народа, захопнікі спрабавалі стварыць прафашысцкія нацыяналістычныя арганізацыі. Яшчэ ўвосень 1941 года створана Беларуская нацыянальная самапомач. Летам 1943 года створаны Саюз беларускай моладзі. Усе гэтыя арганізацыі павінны былі памагаць гітлераўцам у зьняволеньні і зьнішчэньні беларускага народа, зрабіць бачнасьць клопату аб насельніцтве зборам грашовых сродкаў, зімовага адзеньня і абутку, быццам бы на дапамогу бедным, а нібыта дзеля клопату аб культурным жыцьці народа ствараліся рознага роду гурткі, працавалі школы, настаўніцкія сэмінарыі і т.п.

Насельніцтва Беларусі з самага пачатку ўсяляк ухілялася ад удзелу ва ўсіх гэтых мерапрыемствах, але абставіны жыцьця часам прымушалі з тых ці іншых меркаваньняў у нечым прымаць удзел”.

Разам з тым менавіта ў гэтыя ўстановы пайшоў служыць Таўлай, а калі ён быў арыштаваны немцамі, беларускія дзеячы спрычыніліся да яго вызваленьня.

Адным з сябраў Галоўнай Рады БНС быў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі

Напрыканцы 1939 года ён стварыў у Вільні Беларускую Незалежніцкую Партыю. Праграма партыі прадугледжвала стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы, дзе ў якасьці дзяржаўнай ідэялёгіі павінен быў выступаць такі блізкі Гадлеўскаму нацыянал-рэлігійны кансэрватызм, як зазначае Іван Палескі.

Глядзіце таксама

Пасьля нападу Нямеччыны на СССР у чэрвені 1941 года стаў адным з заснавальнікаў Беларускага нацыянальнага цэнтру ў Бэрліне, які мусіў стаць ядром будучага беларускага ўрада. Хутка Гадлеўскі выехаў у акупаваны вермахтам Менск, дзе заняў пасаду галоўнага інспектара асьветы, намагаючыся наладзіць у акупаванай Беларусі культурна-асьветную працу. У тым жа 1941 годзе ўвайшоў у склад управы Беларускай Народнай Самапомачы. Але ўсе яго намаганьні па паляпшэньні стану беларускага народа былі скасаваныя немцамі, якія не давяралі Гадлеўскаму і бачылі ў ім небясьпечную для сябе асобу.

Немцы прапанавалі яму пакінуць Беларусь, але нязломны сьвятар адмовіўся пакідаць сваю паству. Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі быў расстраляны без суда ў ноч з 23 на 24 сьнежня 1942 года ў канцэнтрацыйным лягеры ў Малым Трасьцянцы.

Вынікі

Антон Шукелойць, сьведка падзеяў, узгадвае: “Тая сітуацыя, якую стварыў беларускі актыў у час адміністрацыі Кубэ, была ня толькі нацыянальна сьведамая, але і нацыянальна з'арыетаваная на незалежнасьць. Дарэчы, у 1942-м годзе (па-мойму), ці ў 43-м, адбыўся вялікі Зьезд Самапомачы, на якім быў прыняты плян, як мела б выглядаць Беларусь у новай Эўропе. Гэта значыць — наша адміністрацыя, войска, школьніцтва і гэтак далей, і нашае супрацоўніцтва зь немцамі. Усё.

bns_belaruskaja_narodnaja_samapomacz.jpg

Гэты плян быў апрацаваны і зь ім Ермачэнка, Саковіч (здаецца) пайшлі і ўручылі яго Кубэ. І вось там ужо тады зразумелі, што гэта ёсьць, як карыстаючы з гэтай нямецкай акупацыі і адміністрацыі Кубэ, беларускі актыў зрабіў сабе пэрспэктыву і куды ён імкнецца. І тады Ермачэнку ўзялі на прыкмету, бо гэта ж пад кіраўніцтвам Ермачэнкі было, і Ермачэнка з гэтым прышоў.

І ў выніку гэтага немцы за галаву ўзяліся: вось яно што. А Ермачэнку ўправілі мазгі і кажуць: мы цэлы час гаворым аб новай Эўропе. Усюды пішуць: новая Эўропа, новая Эўропа. А што ў гэтай «новай Эўропе» мае рабіць Беларусь? Аб гэтым ніхто нічога не гавора. Дык вось ён узяў і сказаў, плян прынёс.

У выніку гэтага ўсяго Ермачэнку пагналі, а Самапомач, фактычна, зьліквідавалі. Адабралі ад яе ўсё, яна засталася толькі арганізацыяй такой, як яна была ад самага пачатку, як яе стварыў Тумаш і доктар Антановіч”.

Напрыканцы згадаем доктара гістарычных навук Леанід Лыча, які сказаў:

“У інтарэсах краіны, а не акупацыйнага рэжыму ажыцьцяўляла сваю дзейнасьць БНС. Усё пазітыўнае ў яе практыцы заслугоўвае нашай памяці”.