Рускі цар — бацька беларускай пошты?..

Такое сумнеўнае «адкрыццё» зрабілі аўтары афіцыйнага сайту РУП «Белпошты». У тэматычным гістарычным артыкуле на сайце фактычна пад капірку, пры гэтым па-беларуску, апісаная гісторыя расійскай пошты.

l_159968.jpg

Гаворка ідзе пра два артыкулы на сайце, адзін з якіх распавядае пра гісторыю айчыннай пошты і дастаўку вестак у IX-XVII стст., іншы — ужо пра рэгулярную дзяржаўную пошту ў XVIII-XIX стст.
Пачынаецца ўсё нібыта і някепска: ад берасцяных грамат, знойдзеных пры раскопках Віцебска і Мсціслаўля. Але чым далей — тым цікавей. З пачаткам эпохі Вялікага Княства аўтар нечакана пераскоквае ў расійскія рэаліі: Аляксей Міхайлавіч, «ямы» ды «ямшчыкі», баярын Афанасій Ардын-Нашчокін, што займаўся паштовымі пытаннямі ў Масковіі…

m9s47_croper_ru.jpeg

З наступнага артыкулу мы даведваемся, што заснавальнік нашай рэгулярнай дзяржаўнай пошты — гэта Пётр І, які ў тэксце названы «выдатным палітычным і ваенным дзеячом». Навошта беларусам наогул ведаць пра заснаваныя Пятром паштовыя гасцінцы ад Масквы да Варонежа ці да Архангельска – аўтар не ўдакладняе.
Характэрна таксама, што калі гаворка ў тэксце ідзе пра ВКЛ, то Заходнія землі Русі былі туды «ўключаныя». А вось пра падзелы Рэчы Паспалітай чытаем наступнае: «У 1793 годзе Беларусь уз'ядналася з Расіяй, пасля чаго Беларуская пошта атрымлівае сваё далейшае развіццё ў складзе Расійскай імперыі».
Для справядлівасці варта дадаць, што пэўныя моманты з гісторыі пошты ВКЛ у тэксце ўсё ж такі прысутнічаюць, але — эпізадычна і найчасцей у ключы зносінаў ВКЛ з той самай Масковіяй. З ілюстратыўным шэрагам аўтар таксама не замарочваўся, даўшы партрэты рускіх цароў, малюнак з «ямской ізбы», пячаткі з двухгаловымі арламі…
Слушна, каго цікавіць гісторыя тых жа паштовых і таварных пломбаў часоў Вялікага Княства з цудоўнымі геральдычнымі выявамі? Альбо прыватныя шляхецкія гербавыя пячаткі, якімі замацоўвалі лісты Агінскія, Сапегі, Радзівілы і інш.? Шкада, што нават беларускамоўны тэкст саліднай дзяржструктуры перапоўнены каланіяльнымі комплексамі, а не сваімі-роднымі цікавосткамі, якімі смела можна ганарыцца.

Паштовы штэмпель шляхты з Заходняй Беларусі, мяжа XVIII-XIX стст. з-пад Гродна

Паштовы штэмпель шляхты з Заходняй Беларусі, мяжа XVIII-XIX стст. з-пад Гродна