Рамуальд Траўгут. Лёс інсургента
16 студзеня 1826 года нарадзіўся адзін з камандзіраў вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў Рамуальд Траўгут. Незвычайны факт: адзін з лідараў паўстання Кастуся Каліноўскага ажаніўся са сваячкай Тадэвуша Касцюшкі — Антанінай Аляксандраўнай Касцюшка. У пары быў сын, які, на жаль, рана памёр.

Ён ведаў, што няроўная барацьба непазбежна скончыцца паражэннем, але адмовіўся выратаваць сабе жыццё, з’ехаўшы за мяжу. Урывак з артыкула Уладзіміра Арлова.
Рамуальд нарадзіўся на Берасцейшчыне, а скончыў вядомую вальнадумствам сваіх выхаванцаў Свіслацкую гімназію. У дзевятнаццаць гадоў ён паступіў на вайсковую службу, а ў трыццаць шэсць быў ужо ў чыне падпалкоўніка. Начальства абяцала Траўгуту далейшую кар’еру і казала пра недалёкае генеральскае званне, але ён нечакана выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў палескім маёнтку Востраў паблізу Кобрына.
Да паўстання заставаліся лічаныя месяцы. Былы баявы афіцэр разумеў, што перамагчы велізарную армію Расійскай імперыі немагчыма, але, калі прыйшла пара, без роздуму зрабіў свой выбар і ўзяў у рукі зброю. Увесну 1863-га кобрынскі аддзел паўстанцаў здабыў шэраг перамог над карнікамі. Ужо ў першым баі царскія войскі страцілі 70 салдат і афіцэраў, пасля чаго, не перажыўшы такой ганьбы, камандзір расійцаў застрэліўся. Пазней Траўгут здзейсніў паўстанцкі паход на Піншчыну і ўкраінскую Валынь.
Пасля жорсткіх баёў у антопальскіх лясах у Пецярбург было адпраўлена радаснае данясенне, што адзін з самых небяспечных паўстанцкіх важакоў забіты. Але Траўгут застаўся жывы. Яго два тыдні хавала і лекавала ў сваім доме маладая сувязная змагароў Эліза Ажэшка, якая пазней стане знакамітай пісьменніцай і напіша творы, прысвечаныя героям 1863 года. У яе карэце Рамуальд пад выглядам сваяка выехаў у Варшаву. Неўзабаве ён узначаліў патрыятычны Нацыянальны ўрад і стаў на чале ўсяго паўстання.

Траўгут ведаў, што няроўная барацьба непазбежна скончыцца паражэннем, але адмовіўся выратаваць сабе жыццё, з’ехаўшы за мяжу. Увесну 1864-га Рамуальда схапілі, а ў жніўні, пагардліва зірнуўшы на царскага ката, ён узышоў на шыбеніцу.
Помнік Рамуальду Траўгуту ўсталяваны ў горадзе Свіслач побач з помнікам Кастусю Каліноўскаму.
