Судовы працэс даўжынёй у 14 гадоў

У 1913 годзе ў сваім маёнтку ў Тэрэзіне пад Варшавай быў забіты  кіраўнік Аўтамабільнага таварыства Царства Польскага, князь Уладзіслаў Друцкі-Любецкі. Следства па гэтай справе, а затым і судовы працэс расцягнуліся на доўгія гады.

Працэс Івана Біспінга

Працэс Івана Біспінга


Таямнічае забойства


Уладзіслаў Друцкі-Любецкі быў гаспадаром значных зямельных маёнткаў у Беларусі і Польшчы. У Шчучыне па праекце архітэктара Тадэвуша Раствароўскага для князя пабудавалі палац, які нагадваў версальскі Малы Трыянон. У 1907 годзе землеўласнік стаў прэзідэнтам Гродна. Праз два гады ён набыў палац у Тэрэсіне пад Варшавай.

Палац Друцкіх-Любецкіх у Тэрэсіне

Палац Друцкіх-Любецкіх у Тэрэсіне


Асноўным хобі Друцкага-Любецкага былі аўтамабілі. Ён стаў старшынёй Таварыства аўтамабілістаў Царства Польскага. Кепскі зрок не перашкаджаў яму ганяць на аўтамабілі па беларускіх і польскіх дарогах. Пры гэтым побач з ім заўсёды быў кіроўца-беларус, які ў выпадку небяспекі страхаваў гаспадара.
У красавіку 1913 года гаспадар палацу ў Шчучыне быў забіты пры нявысветленых абставінах. Напярэдадні князь вярнуўся са сталіцы Расійскай імперыі ў Варшаву, і хутка ра­зам са сваім стрыечным братам, гаспадаром маёнтку Масаляны на Гродзеншчыне і адначасова кіраўніком спраў Паўночна-Заходняга таварыства вінакурэння Іванам Біспінгам, накіраваўся ў Тэрэсін. Пасля абеду Друцкі-Любецкі  паказаў сваяку новыя месцы для палявання. Абодва вярнуліся на вячэру і, як адзначалася ў матэрыялах следства, вельмі гучна спрачаліся па-французску.

Палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне

Палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне


Калі барон Біспінг пажадаў вярнуцца ў Варшаву, князь Друцкі вырашыў уласнаручна адвезці госця на вакзал на фурманцы. Увечары цела гаспадара палацу ў Тэрэсіне было зной­дзена ў лесе. Ускрыццё паказала, што Друцкі-Любецкі быў забіты кулявымі стрэламі, адзін з якіх выбіў гарадзенскаму землеўласніку вока.
«Паводле думкі прафесара кафедры судовай медыцыны Варшаўскага ўніверсітэта Таранухіна і ўрача Сахачэўскага павета Залоўскага, смерць князя наступіла ў выніку парушэння цэласнасці мозгу, што адбылося ў выпадку агнястрэльнага ранення. Другая рана была ў раёне крыжа і можа быць залічана да ўзроўню цяжкіх. [...] Крывавая расправа працягвалася не больш за 10 хвілін. Князь памёр праз 15–20 хвілін пасля атрымання раненняў. Быў забіты за 5–6 гадзін да моманту, калі яго цела было знойдзена», — адз­началася ў газеце «Штодзённы ілюстраваны кур’ер» за 17 мая 1914 года.

Месца, дзе быў забіты князь Друцкі-Любецкі

Месца, дзе быў забіты князь Друцкі-Любецкі


Галоўны падазраваны


Цела забітага пахавалі ў Шчучыне. На гэтым, аднак, справа не скончылася. У ноч з 28 на 29 красавіка 1913 года невядомыя прабраліся ў палац Друцкіх-Любецкіх і абрабавалі кабінет князя. Сярод іншых зніклі некалькі пісталетаў замежнай вытворчасці, танныя каралі і… тэчка з дзелавымі паперамі.

Уладзіслаў Друцкі-Любецкі

Уладзіслаў Друцкі-Любецкі


У маі 1913-га па абвінавачванні ў забойстве землеўласніка са Шчучына расійская паліцыя арыштавала барона Івана Біспінга. Таго самага стрыечнага брата, што накіраваўся ў апошняе падарожжа з забітым. Аказалася, што падазраваны не меў алібі. Па яго ўласных словах, ён развітаўся з Друцкім-Любецкім у лесе, бо той сустрэў нейкіх людзей і пачаў з імі размаўляць. Аднак на цягнік да Варшавы Біспінг не паспеў і вырашыў ісці пешшу ў Блонь, адкуль даехаў да сталіцы Царства Польскага. Царскія следчыя ў гэта не паверылі і пачалі разбірацца ў справе.

Іван Біспінг

Іван Біспінг


У маі 1914 года адбылося першае судовае пасяджэнне. Пракурор націскаў, што ў Біспінга былі знойдзены 7 падпісаных Друцкім-Любецкім вэксаляў на прад’яўніка (кожны па 50 тысяч расійскіх рублёў). Пазней аказалася, што подпісы на дакументах былі падробленымі. На думку следства, абвінавачваны збіраўся выкарыстаць гэтыя грошы ў якасці хабару для чыноўнікаў Гродзенскай губерні, якія павінны былі вызваліць землі Біспінга са спісу тых, што прызначаліся да будаўніцтва абарончых умацаванняў.
Далей — больш. Следчыя выявілі, што за год да забойства Уладзіслава Друцкага-Любецкага яго двойчы спрабавалі атруціць, падсыпаўшы ў гарбату стрыхнін. Абодва выпадкі здараліся, калі побач быў Біспінг. Аднак барон трымаўся і не прызнаваў сваю віну. Следчым нічога не заставалася, як апытваць сведкаў (сярод іншых у паліцыю былі выкліканы англійскі віцэ-консул у Брусэлі Масль Сцікс, князі Святаполк-Мірскі, Замойскі, Сапега, шэраг гродзенскіх чыноўнікаў).
Хутка царскія паліцэйскія ўсталявалі, што кулі, якімі быў забіты Друцкі-Любецкі, былі выпушчаны з пісталета, які належаў Івану Біспінгу. Урэшце 13 чэрвеня 1914 года Біспінг быў прысуджаны да страты ўсіх правоў і прывілеяў, а таксама да чатырох гадоў зняволення ў арыштанцкіх ротах. Аднак адвакатам атрымалася дабіцца вызвалення гаспадара Масалян пад заклад у 100 тысяч рублёў.

staronka_czasopisa_ohonjok_pra_spravu_bispinha_logo.jpg


Старонка часопіса "Огонёк" пра справу Біспінга

Аднаўленне справы


Хутка пасля гэтага пачалася Першая сусветная вайна, і пра забойства кіраўніка Таварыства аўтамабілістаў Царства Польскага расійскія ўлады забылі. Тым часам кайзераўскія войскі акупавалі польскія землі, увайшлі ў Беларусь, і фронт спыніўся пад Баранавічамі і Нараччу. Пазней загадала доўга жыць імперыя Раманавых. У 1919 годзе пачалася польска-бальшавіцкая вайна, якая скончылася перамогай Другой Рэчы Паспалітай.
Тады ж Польшчы прыйшлося ўзгадаць пра гучнае забойства гаспадара палацаў у Шчучыне і Тэрэсіне. Адбылося гэта па ініцыятыве… Івана Біспінга. Ён вельмі жадаў быць апраўданым па гэтай справе. Польскія ўлады атрымалі ад бальшавікоў 17 тамоў судовай справы, якія за кошт асуджанага былі перакладзены на польскую мову. Хутка пасля гэтага працэс быў адноўлены.

Працэс над Іванам Біспінгам

Працэс над Іванам Біспінгам


Аднак барон працягваў змагацца. Яго адвакаты накіравалі скаргу ў Вярхоўны суд, супрацоўнікі якога ўбачылі ў працэсе парушэнні (напрыклад, у якасці сведкі абвінавачання польскі суд дапытаў… былога царскага пракурора, які ў 1914 годзе займаўся гэтай справай). 23 сакавіка 1927 года справа была накіравана на даследаванне. Польскія следчыя выявілі, што перад смерцю князь Друцкі-Любецкі біўся з забойцай і атрымаў цяжкія пашкоджанні, аднак Біспінг не мог іх нанесці, бо меў праблемы з рукой. Урэшце, 5 мая 1928 года польскі Апеляцыйны суд апраўдаў барона і зняў з яго ўсе абвінавачанні.

Палац Друцкіх-Любецкіх у Тэрэсіне

Палац Друцкіх-Любецкіх у Тэрэсіне


Сапраўднага забойцу гаспадара палацаў у Шчучыне і Тэрэсіне так і не знайшлі. Паводле адной з версій, князь быў забіты наёмным забойцам, якога накіравалі прадстаўнікі яўрэйскай дыяспары Вільні. Быццам бы ў землеўласніка са Шчучына была адно з найбольш старых і малавядомых выданняў Талмуда, які той не жадаў прадаваць. Урэшце было вырашана ўзяць кнігу сілай. Гэтым можна патлумачыць спробу ўварвання ў палац Друцкага-Любецкага і выкраданне дакументаў з яго кабінета. Выказвалася таксама думка, што ў забойстве князя вінаватыя нейкія рэвалюцыянеры. На жаль, зараз выявіць, хто ж быў сапраўдным забойцай князя і якія былі ў яго матывы, не прадстаўляецца магчымым.
Што ж тычыцца Івана Біспінга, то да пачатку Другой сусветнай вайны ён жыў у сваім маёнтку Масаляны пад Горадняй. Пасля 17 верасня 1939 года сям’я барона спрабавала ўцячы ад бальшавікоў, аднак была затрымана НКУС. Барон быў забіты, а яго блізкіх арыштавалі. Так пайшоў з жыцця галоўны фігурант гучнай судовай аферы пачатку ХХ стагоддзя на беларускіх і польскіх землях. З сабой у магілу ён забраў і ўсе падрабязнасці той справы.

Палац Біспінгаў у Масалянах

Палац Біспінгаў у Масалянах


Фота з уласнага архіву Ігара Мельнікава