Што засталося ад татарскай абшчыны ў Капылі?
Татарскія могілкі — адзіны помнік даўняй татарскай абшчыны ў Капылі. А як наогул з'явіліся татары на Капыльшчыне?

Пра тое, як узнікла ў Капылі татарская абшчына, якія выбітныя людзі з яе выйшлі, і як зараз выглядае мусульманскі мізар, піша Кацярына Луцэвіч на budzma.org.
У вытокаў татарскай абшчыны
Татары аселі ў Капылі ў пачатку XVI ст. Пасля паразы крымскага ханства ў бітве пад Клецкам 5 жніўня 1506 года невялікія групы татараў сталі адступаць ад месца бітвы. У Капылі ваяры Анастасіі Слуцкай узялі іх у палон.
«Настасся, княгіня Слуцкая, сваіх баяр паслала перахапіць палахлівых татар. Шмат іх пад Капылём было забіта і горлам ля Пятровіч заплаціла мыта» (Мацей Стрыйкоўскі, XVI ст).
Менавіта з палонных татараў стала складацца першае татарскае насельніцтва Капыля.
Палонныя татары ахвотна прысягалі мясцовым князям Алелькавічам, атрымлівалі зямельныя надзелы з абавязкам несці вайсковую службу ў ВКЛ. Яны здолелі перайсці на мірны лад жыцця, зрабіць добры ўнёсак у прамысловасць мястэчка2. Гэтаму паспрыяла гарбарства — рамяство па вырабе скур для пашыву абутку.
Мясцовасць у Капылі, дзе жылі татары, звалася Татарскі Лог. Ён знаходзіўся побач з гарадскім замшчышчам, на беразе рэчкі Мажы. Напрыканцы XIX стагоддзя, на момант росквіту Капыля, колькасць татараў у мястэчку налічвала каля сотні чалавек. У 1880-я для татараў быў закладзены мячэт і мізар (мусульманскія могілкі). Паводле даных аб татарскай суполцы Капыля, сабраных у 1931 г., у мястэчку было 29 татарскіх сем’яў, у якіх пражывала 117 чалавек3. На жаль, мячэць, якая размяшчалася ў горадзе, да нашага часу не захавалася. На месцы колішняй татарскай слабады зараз знаходзяцца дзіцячы садок і лазня. На дадзены момант мізар — адзіны помнік даўняй татарскай абшчыны ў Капылі.
Выбітныя татары з Капыля
Як піша краязнаўца Алесь Суша, распаўсюджаныя прозвішчы Капыльскіх татараў: Александровіч, Байрашэўскі, Ясінскі, Якубоўскі. Сярод капыльскіх татараў было нямала вядомых людзей. Адзін з іх — Сцяпан Хусейнавіч Александровіч — беларускі літаратуразнаўца, у прыватнасці знаўца беларускага пісьменства XIX стагоддзя і выкладчык філалагічнага факультэта БДУ. Магілы яго бацькоў можна адшукаць на мусульманскім мізары ў Капылі. 15 снежня 2021 г. споўнілася 100 гадоў з дня яго нараджэння.
Як выглядаюць могілкі

Найстарэйшыя пахаванні адносяцца да другой паловы XIX стагоддзя. Найноўшыя — да 80-х гадоў XX стагоддзя. Адметна, што мова на надмагіллях у залежнасці ад часу розная.
На надмагіллях XIX ст. можна пабачыць надпісы выключна арабскімі літарамі. Таксама ёсць і тыя, дзе апрача арабскіх, ёсць надпісы па-польску і па-расійску. Надпісы па-польску ў пахаваных мусульман сведчаць пра датычнасць да польскай шляхты. На помніках савецкага перыяду праз палітыку русіфікацыі большасць надпісаў зроблена па-расійску. Аднак нельга знайсці таго надмагілля, дзе б адсутнічаў мусульманскі паўмесяц з зоркай.

У цяперашні час мізар недагледжаны. Могілкі не ахоўваюцца як гісторыка-культурная каштоўнасць, толькі нешматлікія пахаванні маюць агароджу. У цёплы час тут пакошана трава, але вакол месца ходзяць куры і козы.
Праз тое, што многія пахаванні не наведваюць родзічы памерлых і не даглядаюць за імі, на надмагіллях вельмі цяжка прачытаць імёны і прозвішчы нябожчыкаў.