Таямніцы Беларусі: доўгі шлях да разгадак
Доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін завяршыў пяцігадовую праграму археалагічных раскопак Лаўрышаўскага манастыра, які каля 1260 года заснаваў сын вялікага князя ВКЛ Міндоўга Войшалк.

Брама Лаўрышаўскага манастыра, які адбудоўваюць каля вёскі Гнесіна
Паводле версіі спадара Рассадзіна, Лаўрышаўскі манастыр адметны тым, што вялікі князь Войшалк працягваў адсюль кіраваць дзяржавай. Адпаведна, менавіта ў Лаўрышаве некаторы час знаходзіўся цэнтр Вялікага Княства Літоўскага.
«Войшалк не змог дайсці да Святой Гары, паколькі вялікі мяцеж быў тады ў тых землях, і прыйшоў зноў у Наваградак; і ўчыніў сабе манастыр на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў», — гаворыцца ў Іпацьеўскім летапісе.

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы ў в. Лаўрышава — побач з ёй ідуць раскопкі
У ХІІІ–ХІV стагоддзях манастыр быў летапісным цэнтрам нашай старадаўняй краіны. У 1329 годзе ў манастыры было створана рукапіснае Лаўрышаўскае Евангелле — помнік беларускага кнігапісання, што зараз знаходзіцца ў Кракаве, у прыватнай бібліятэцы-музеі Чартарыйскіх.

Знаходкі
Брудная праца з гістарычнай спадчынай
Пяць гадоў пад кіраўніцтвам прафесара Рассадзіна даследавалася тэрыторыя вакол царквы Успення Прасвятой Багародзіцы. І знаходкі паказваюць, што недарэмна. Быў знойдзены падмурак манастыра, побытавыя рэчы, кераміка, кафля, манеты, якія дазваляюць датаваць культурны пласт.
У дзень майго наведвання Лаўрышава было халоднае надвор’е, ішоў дождж. Тым не менш працы на раскопе не спыняліся. Валанцёры, стоячы ў вадзе ў гумовых ботах, зачэрпвалі з ямы гразкі грунт, перабіралі яго, знаходкі адпраўлялі на мыйку-сарціроўку.

Прафесар Сяргей Рассадзін
«Нашы добраахвотнікі — школьнікі і студэнты з усёй Беларусі — працуюць з энтузіязмам. У першыя чатыры дні экспедыцыі ладзім лекцыі, падчас якіх тлумачым, што такое археалагічныя раскопкі, для чаго робіцца. Экспедыцыі маюць і асветніцкі характар — ці не штодзень дзеці ездзяць на розныя экскурсіі, дзе знаёмяцца з адметнасцямі краю. Гэта ўжо пятая экспедыцыя, і ніводнага разу не было, каб нехта з’ехаў, бо спалохаўся цяжкасцяў. Едуць толькі, калі трэба падаваць у навучальную ўстанову дакументы, ісці на практыку», — распавядае памочнік кіраўніка экспедыцыі, гісторык Тэльман Маслюкоў.
Паводле яго слоў, сёлета знайшлі каменны нож перыяду мезаліту (ІХ–V тысячагоддзе да н. э.), фрагмент шахматнай фігуры з косці, гербавую кафлю, лампадку, манеты ды іншае. Многа аскепкаў ганчарных вырабаў, косных фрагментаў.
«У Лаўрышаўскім манастыры ёсць сучасная каваная брама з выявай вінаграднай лазы, гэты біблейскі сюжэт узялі са знойдзенай намі ў час раскопак кафлі», — гаворыць спадар Маслюкоў.

Тэльман Маслюкоў
«Я сюды прывёз школьнікаў, бо мне падаецца гэта цікавым. Гэта захапляе — гістарычныя знаходкі, экскурсіі, кантакты з аднагодкамі з усёй Беларусі. Ужо праз тыдзень дзеці пыталіся, калі ў наступны раз паедзем на раскопкі», — распавядае Арцём Курэц, кіраўнік групы вучняў.
Дзе месца музейным экспанатам
Прафесар Сяргей Рассадзін знаходкай месца, дзе быў заснаваны Лаўрышаўскі манастыр, відавочна ганарыцца. І ў працяг гэтага праекту мае хоць і празаічную, але цікавую задуму: зрабіць даследаванне, экспазіцыю пра будзённае жыццё чорнага духавенства.

Знаходкі
«Лаўрышаўскі манастыр ствараўся Войшалкам у якасці рэзідэнцыі. То па вызначэнні ён займае асаблівае месца сярод помнікаў археалогіі Беларусі. Але, з іншага боку, гэта ж цудоўная магчымасць вывучаць побытавую культуру манаскага жыцця. Мы больш ведаем пра духоўнае жыццё, дзякуючы літаратурным помнікам. А што той святар, манах еў, як ён пасціўся — гэта даволі цьмяна вывучана. Манахаў часта паказваюць як людзей, якія сыта пілі і елі, вялі такі прыгожы разгульны лад жыцця. Толькі нашы раскопкі паказваюць, што ўсё не так, — падкрэслівае Рассадзін. — Як прафесар БДТУ, я мушу сказаць, што археалагічныя знаходкі дазваляюць вывучаць тэхналогіі. І галоўнае — цяпер час збіраць камяні ды шукаць старое, нашы вытокі. Я гляджу на нашых валанцёраў — яны занятыя стваральнай працай. Да прыкладу, нашы раскопкі ў Светлагорску: усе думалі, што горад малады і ўзнік у 1960-х гадах. А вось жа, дзякуючы намаганням, стала вядома, што там было старажытнае паселішча — горад Казімір з Магдэбургскім правам, самакіраваннем, гербам. Атрымліваецца, гісторыя не завяршылася ў мінулых стагоддзях, а мае свой працяг у сённяшнім дні».
Сяргей Рассадзін распавядае, што ёсць вялікая задума: стварыць музей, у якім будзе адлюстраванае манаскае жыццё. Але не ў Мінску, а тут, у Лаўрышаўскім манастыры. Варта заўважыць, што манастыр плануюць разбудаваць побач з вёскай Гнесічы (гэта 4 км ад Лаўрышава) у вялікі комплекс: на тэрыторыі ва ўсю ідзе будоўля. Ігумен Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра айцец Яўсевій і епіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый ініцыятыву падтрымліваюць.

Праца на раскопе ідзе ў любое надвор'е
«Сюды ездзяць паломнікі, ім будзе цікава даведацца пра гісторыю: вось XІII стагоддзе, а вось ХXІ. Тут усе знаходкі гучаць інакш, чым у Мінску, дзе яны пераўтвараюцца ў шараговыя
аб’екты, за якія, можа, і вока не зачэпіцца. Цікава рэалізаваць праект па вывучэнні манаскага жыцця: што елі-пілі, у што апраналіся, паводле якіх рэцэптаў на кухні гатавалі. У думках я ўжо
сабраў калектыў людзей, якія могуць працаваць па гэта тэме», — гаворыць навуковец.

Шыльда каля Лаўрышаўскага манастыра
Сенсацыю плануюць знайсці на Дняпры
Прафесар Рассадзін мяркуе, сёлета быў апошні сезон раскопак у Лаўрышаве. Даследаванні, канешне, будуць працягвацца. Але ў навукоўца ёсць планы распачаць новы маштабны праект — археалагічныя пошукі ў Лоеве, старым горадзе на Дняпры на самай мяжы з Украінай.
Да слова, сёлета ўлады Лоева вырашылі добраўпарадкаваць мясцовы археалагічны помнік — замчышча — без узгаднення з Міністэрствам культуры. У выніку былі пашкоджаныя сядзіба і абарончы роў Х стагоддзя.
Натуральна, узнікае пытанне, хто фінансуе ў прамым сэнсе «брудную працу» археолага.
«Я з вялікім піетэтам стаўлюся да Акадэміі навук, якая вырашыла не фінансаваць мой праект. Але добра, з задавальненнем паназіраю за поспехамі Акадэміі навук, і ў галіне археалогіі таксама. З боку дзяржавы дапамога абмяжоўваецца адной старонкай фармату А4, дзе напісана нешта ў такім духу «Інстытут гісторыі Акадэміі навук дазваляе такому-та весці раскопкі там-та». Усё, — расказвае Сяргей Рассадзін. — Але, бачыце, у нас склалася баявая каманда, якая дапамагае шукаць сродкі і на праезд людзям, каб не трацілі свае капейкі, і на торт да дня народзінаў. Канешне, моцна дапамагае ў гэтым выпадку манастыр: корміць валанцёраў, выдзеліў памяшканне для пражывання. Настаяцель манастыра лічыць, што трэба гэты праект падтрымліваць.
Калі пачыналі шукаць Казімір, то самастойна нанялі вясковую хату, купілі яек-малака і пачалі раскопкі. Калі стала вядома пра першыя знаходкі, прыехаў кіраўнік гарвыканкама Баляслаў Пярштук, паглядзеў і распарадзіўся, каб дзяцей з тэхнікума адправілі не на традыцыйную бульбу, а на раскопкі. Дапамог з матэрыяльным забеспячэннем, у мяне ж ёсць камандзіровачныя ад універсітэта. Вось так — з міру па нітцы».

Арцём Курэц паказвае прафесару Рассадзіну знойдзены фрагмент кафлі з выявай "Пагоні" (вершніка)
Археалагічныя раскопкі ў Лоеве таксама, відавочна, будзе фінансаваць мясцовая ўлада. Ёсць папярэдняя дамоўленасць з Гомельскім аблвыканкамам.
«Каб існаваў калектыў, супольнасць аднадумцаў, увесь час мусіць быць актуальная мэта, мара. Лоеў — гэта старажытны горад. У нашых планах знайсці яго старажытныя падмуркі. І ў выніку хацелася б атрымаць матэрыял, які дазволіць стварыць праект рэканструкцыі замка. Каб людзі маглі не толькі паслухаць пра гісторыю, але і дакрануцца да яе рукамі», — падкрэслівае Сяргей Рассадзін.