Футбалісты нарэшце далучыліся

Прадстаўнікі самага папулярнага віду спорту ўсё ж такі нядаўна запісалі відэа, у якім катэгарычна выступілі супраць сілавых метадаў дзяржавы па падаўленні мірных маніфестацый.

Фото: Michal Nowak/Global Look Press

Фото: Michal Nowak/Global Look Press

З тых самых часоў з іх больш не кпяць — хіба толькі трохі. Іх больш не ганьбяць — хіба што ўзгадваюць пра фальсіфікацыі на выбарах, пра якія ў звароце няма ні слова. Футбалісты збіраюць лайкі, сардэчкі, рэпосты і пазітыўныя каментары. Яны перамаглі страх — і ўжо тое добра.

Троххвілінны ролік з’явіўся ў сеціве ў мінулую суботу. Яго змест даволі ёмісты, хаця і лаканічны:

— Мы запісалі гэтае відэа, таму што не можам маўчаць! Маўчаць — калі б’юць нашых людзей, сяброў, калег. Мы — футбалісты з розных каманд, але з адной краіны. Мы кіруемся толькі сумленнем і нецярпімасцю да ўсяго, што адбываецца сёння ў нашай Беларусі. Мы выказваем спачуванні родным тых, хто быў забіты, хочам выказаць словы падтрымкі ўсім, хто пацярпеў, быў прыніжаны, жорстка збіты і пакалечаны. І заклікаем: спыніце гвалт!

Мы, як і ўвесь наш народ, маем правы і свабоды, якія замацаваныя ў Канстытуцыі. Ніхто не мусіць падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму ці прыніжаючаму яго годнасць абыходжанню альбо пакаранню. Няма іншага прывілею, акрамя аднаго — правы чалавека. Мы за праўду, справядлівасць і свабоду! Мы — супраць гвалту!

У звароце, які можна знайсці на платформе youtube ў блогу «Пяшчотна пра футбол», на дадзены момант узялі ўдзел 98 гульцоў розных клубаў.

У першых шэрагах, што прыемна, прадстаўнікі самага тытулаванага клуба — шматразовага чэмпіёна краіны барысаўскага БАТЭ. Гэта і Павел Няхайчык, і Станіслаў Драгун, і Ягор Філіпенка, і Дзяніс Шчарбіцкі, і Дзмітрый Бага, і Антон Чычкан. Нямала і гульцоў салігорскага «Шахцёра» — тых самых, што старанна адмоўчваліся ў час страйку на «Беларуськаліі». Цяпер яны таксама супраць гвалту — і, ускосна, насуперак кіраўніцтву свайго ж клуба, які ўзначальвае гендырэктар Іван Галаваты. Да акцыі ад Салігорска далучыліся Аляксандр Гутар, Аляксандр Сачыўка, Юрый Кендыш, Мікіта Корзун, Руслан Хадаркевіч і Раман Бегуноў.

Годна сярод удзельнікаў звароту выглядае прадстаўніцтва жодзінскага «Тарпеда». Клуб жыве з прыбыткаў завода БелАЗ, дзе рабочыя ў жніўні таксама меліся распачаць страйк. Футбалісты цяпер падтрымалі імкненні да лепшага жыцця, і зрабілі гэта Максім Бардачоў, Уладзімір Бушма, Андрэй Хачатуран, Мікіта Сцяпанаў, Мікіта Мікалаевіч, Кірыл Леановіч.

Доўга можна пералічваць прозвішчы — і не памыліцца ў тым, што свой след у відэа пакінулі гульцы амаль усіх вядучых клубаў Беларусі. Ролік ужо праглядзелі дзясяткі тысяч чалавек, перапосты ў медыях зрабілі яго яшчэ больш вірусным.

Аднак адну цікавую дэталь карыстальнікі заўважылі даволі хутка. Сярод футбольных «маніфестантаў» не аказалася аніводнага гульца двух «Дынама» — брэсцкага і мінскага.

Два гэтыя клубы — таксама лідары беларускага футбола. Пад брэндам са знакавай літарай «Д» гуляе шмат вядомых майстроў, у тым ліку зборнікаў. Іх удзел у акцыі супраць гвалту разумеўся сам сабой, бо ініцыятыва проста не магла прайсці міма такіх каманд.

Чаму так адбылося? Ёсць розныя меркаванні. Самыя папулярныя з іх адсылаюць да прыналежнасці клубаў на праўладных структур і асобаў.

Напрыклад, мінскае «Дынама» з параўнальна нядаўніх часоў курыруецца аднайменным БФСТ — фізкультурна-спартыўным таварыствам. Тое ж гістарычна грунтуецца на сілавых органах. Таму нельга выключаць, што менавіта з гэтай прычыны гульцы сталічнай каманды набралі ў рот вады.

Брэсцкае «Дынама», у сваю чаргу, па факце — клуб прыватны. Але над ім апекуецца бізнесовец Аляксандр Зайцаў, прадпрымальнік, набліжаны да ўладаў. Выступ яго футбалістаў супраць гвалту можна было б расцаніць, мякка кажучы, неадназначна.

Між тым на заклік футбалістаў адрэагавалі чальцы Свабоднага аб’яднання спартоўцаў. Тыя самыя, якія падпісаліся пад вядомым зваротам за сумленныя выбары, а па нядзелях рэгулярна ўдзельнічаюць у маршах пратэсту. З аднаго боку, Аляксандра Герасіменя, Алена Леўчанка, Васіль Хамутоўскі, Кацярына Сныціна, Артур Удрыс і іншыя падзякавалі футбалістам за грамадзянскую пазіцыю. З другога — засяродзілі ўвагу на каранях сённяшніх падзей.

Спартоўцы запісалі свой выступ, у якім адзначылі: «Гвалт не з’явіўся сам па сабе. І калі мы хочам спыніць яго, то нам трэба змагацца з прычынай. А яна ў тым, што ў беларусаў скралі іх выбар і права на ўласнае меркаванне. І сілай спрабуюць задавіць любое мірнае незадавальненне гэтым».