Гэта фіяска. Беларускія футбольныя клубы адзін за другім правальваюцца ў еўракубках
Тры каманды развіталіся з міжнародная арэнай, прайграўшы на самым пачатку. Трымаецца толькі Брэст, але і яму вельмі складана. Чаму ўсё так сумна?
У той жа дзень, 27 жніўня, у Салігорску гуляў «Шахцёр». Яго сапернікам быў сціплы клуб «Сфынтул Георге» з малдаўскай вёскі Суручэны. Тры тысячы жыхароў… Напэўна, калі аддаць гадавы бюджэт салігорскай каманды на патрэбу гэтага населенага пункта, то мясцовым хопіць і на хлеб з маслам, і шмат на што яшчэ, і суседзям застанецца. Але грошы ў футбол не гуляюць. Гуляюць людзі, і небагаты «Сфынтул» адправіў заможных гарнякоў на ўзбочыну. Малдаване перамаглі ў серыі пенальці, а беларускія заўзятары потым яшчэ доўга здзекаваліся над няўдалым «Шахцёрам» на інтэрнэт-форумах і ў сацсетках.
У той жа дзень, 27 жніўня, у Салігорску гуляў «Шахцёр». Яго сапернікам быў сціплы клуб «Сфынтул Георге» з малдаўскай вёскі Суручэны. Тры тысячы жыхароў… Напэўна, калі аддаць гадавы бюджэт салігорскай каманды на патрэбу гэтага населенага пункта, то мясцовым хопіць і на хлеб з маслам, і шмат на што яшчэ, і суседзям застанецца. Але грошы ў футбол не гуляюць. Гуляюць людзі, і небагаты «Сфынтул» адправіў заможных гарнякоў на ўзбочыну. Малдаване перамаглі ў серыі пенальці, а беларускія заўзятары потым яшчэ доўга здзекаваліся над няўдалым «Шахцёрам» на інтэрнэт-форумах і ў сацсетках.
Учора, 17 верасня, на еўракубкавы шлях ступіў БАТЭ — самы мацёры прадстаўнік беларускага футболу, які некалі нават перамагаў мюнхенскую «Баварыю». Аднак вады з тых былінных часоў уцякло зашмат, і цяперашнія героі заўважна падрабнелі. Барысаў склаў галаву адразу — на першым жа кроку. У Сафіі больш крэпкім арэшкам паказаў сябе мясцовы ЦСКА. 2:0 — і эпапея БАТЭ ў Лізе Еўропы скончылася, ледзьве пачаўшыся.
Такім чынам, адзіным удзельнікам еўракубкаў на сёняшні дзень у нас застаецца брэсцкае «Дынама». Але калі вы думаеце, гэты адзін будзе ў полі моцным воінам, то гэта вельмі адчайны прагноз.
Так, на пачатку кампаніі Брэст выглядаў упэўнена. На сваім полі здолеў адолець дваіх — і казахстанскую «Астану», і баснійскі «Сараева». Але на тым, здаецца, бензін у каманды і скончыўся.
У сераду, 16 верасня, у гасцях у ізраільскага «Макабі» беларусы выглядалі так бездапаможна, што на іх было балюча глядзець. Гаспадары поля перамаглі 1:0, але сціплы лік тут нічога не тлумачыць. «Дынама» ўжо на перапынак сышло на гнуткіх нагах, а пасля гульцы гэтыя ногі ледзьве перастаўлялі. Адзін за 90 хвілін удар у створ варот — гэта паказчык на ўзроўні статыстычнай пагрэшнасці.
Добра хоць, справа была ў Лізе чэмпіёнаў. Прайграўшы ў Тэль-Авіве, брэстчане пакуль не сыдуць у еўракубкавы нябыт. Яны (такі рэгламент) спусцяцца на парашуце ў Лігу Еўропы, дзе мусяць яшчэ пазмагацца за выхад у групавы раунд. Але кепская фізічная падрыхтоўка — гэта недахоп, які за тыдзень не лекуецца. А калі ногі не бягуць, а праз паўгадзіны пасля стартавага свістка дыхаецца цяжка і цераз раз, то які тут будзе плён у хуткай будучыні…
Цяпер высновы. Масавы сыход з дыстанцыі беларускіх каманд — што гэта? Выпадковасць? Эксцэс выканаўцаў і кропкавыя памылкі? Ці прыкметы сістэмнага крызісу нашага клубнага футболу пасля шэрагу параўнальна паспяховых сезонаў? Давайце разбірацца.
Групавая стадыя еўракубкаў — гэта пастаянная мара беларускіх клубаў. Гэта прэстыж, паказчык сталасці — і, што галоўнае, мільённыя (у еўра) заробкі па лініі УЕФА. Але зараз справы складваюцца так, што да восені нават ў Лізе Еўропы нашым футбалістам дацягвацца ўсё цяжэй і цяжэй.
БАТЭ другі раз запар праляцеў міма. У мінулым годзе хоць дагуляўся да рашаючай фазы плей-офф, дзе не даў рады казахстанскай «Астане». Сёлета згарэў пры першым жа «шухеры». Еўракубкавыя фінансавыя бонусы між тым — падмурак клубнага бюджэту. І два гады без падпіткі могуць балюча паўплываць на далейшыя перспектывы колішняга флагмана. Дзяржпатрымка ў любым разе страчанага не кампенсуе. Тым больш, што за плячыма БАТЭ няма ані буйнага прадпрыемства, ані шчодрага мясцовага бюджэтавання.
Сёлетні еўракубкавы «куш» БАТЭ — найменшы за сем апошніх гадоў. 260 тысяч еўра — гэта нешта ў раёне гадавога кантракта кагосьці з лідараў каманды. Тых жа Ігара Стасевіча ці Станіслава Драгуна. Дарэчы, абодва згаданыя футбалісты ў Балгарыю нават не ляталі. Прычына — каронавірус, які хлопцы неяк падхапілі пасярод нашага татальнага эпідэміялагічнага дабрабыту. Сёння яны ў ізаляцыі ад навакольнага асароддзя, а БАТЭ — у ізаляцыі ад еўракубкаў.
Але ж галоўная праблема Барысава — і не толькі яго — у іншым. У непаваротным набліжэнні лепшых гульцоў да састарэлага футбольнага ўзросту.
Стасевічу хутка 35, Драгуну, Паўлу Няхайчыку і Ягору Філіпенка — па 32, Максіму Скавышу і Дзмітрыю Багу — па 30. Маладзейшымі яны не становяцца, а прыстойнай моладзі на падыходзе не заўважана.
Тая ж клюква ў Брэсце. Арцём Мілеўскі, Сяргей Кісляк, Алег Вераціла, Максім Вітус, Сяргей Крывец, Міхаіл Гардзейчук… Усе яны перайшлі мяжу «30+». Шмат такіх у «Шахцёры» і мінскім «Дынама» — і ўвогуле ў вышэйшай лізе.
Даўно заўважана: асноўныя праблемы беларускага футбола палягаюць у падрыхтоўцы рэзерва. Дзіцячыя школы працуюць дрэнна, заробкі дзіцячых трэнераў мізэрные, інфраструктуры не хапае. Мы год за годам гонімся за імгненнымі перамогамі, бо яны — нібыта сведчанне паступовага развіцця. Але прыгожы фасад — гэта толькі фасад. Калі не думаць пра заўтрашні дзень, то тынкоўка аднойчы абсыплецца і накрые ўсіх дабрадзеяў, што так клапоцяцца аб прагрэсе.
Здаецца, працэс ужо пайшоў. Нездарма зборная Беларусі — адна з самых узроставых у Еўропе. Калі не самая-самая, як было яшчэ год-другі таму.
Старасць не радасць, а футбол — адбітак жыцця. Кадравы голад — з гэтым сутыкаюцца розныя сферы і галіны. Сёняшнія падзеі ў Беларусі ў гэтым сэнсе нічога добрага таксама не абяцаюць. Моладзь калі не з’язжае, то з інтарэсам паглядвае за мяжу. Туды, дзе больш магчымасцяў і свабоды — і менш дырэктываў, прадпісанняў і дабраахвотна-прымусовых абавязкаў. Моладзь ведае, што робіць, а дзяржава «нікога тут не трымае».
Як жывём, так і гуляем. Гэтая старадаўняя прымаўка ў сёняшнім нашым футболе, здаецца, актуальная як ніколі.