10 гадоў разгону Майдана: «У самыя цяжкія хвіліны гісторыі мы ніколі не здаёмся»
Сёння, 20 лютага, Украіна адзначае Дзень памяці Герояў Нябеснай Сотні — гэта дзясятая гадавіна крывавага разгону Майдана ў Кіеве.
У лютым 2014 года былі забіты больш за сотню дэманстрантаў, якія патрабавалі празаходняга курсу Украіны. Ужо другі год памятныя ўрачыстасці праходзяць у цені поўнамаштабнай вайны, якую Расія вядзе супраць Украіны, нагадвае www.polskieradio.pl.
Дзесяць гадоў таму, напярэдадні крывавых падзей на Майдане Незалежнасці ў цэнтры Кіева, удзельнікі пратэсту ў інтэрв'ю «Польскаму радыё» казалі, што іх галоўным патрабаваннем з'яўляецца адстаўка Віктара Януковіча. Яны патрабавалі ад яго сысці з пасады прэзідэнта ў сувязі з абвінавачваннямі ў злачынствах і парушэннях Канстытуцыі.
Пасля няўдалага разгону пратэстаў у 2014 годзе Віктар Януковіч збег у Расію. Крэмль увёў свае войскі ва Украіну і пачаў акупацыю Крыма і часткі Данбаса. У лютым 2022 года ён усёй сваёй ваеннай машынай напаў на Украіну.
«Дзесяць гадоў таму мы ўсталі і стаім»: Зяленскі ўшанаваў памяць герояў Нябеснай сотні
У Дзень памяці Герояў Нябеснай Сотні Украіна ўшаноўвае памяць загінулых у выніку расстрэлаў падчас Рэвалюцыі Годнасці, нагадвае www.holosameryky.com.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце з нагоды гадавіны падзей 2014 года заявіў, што «дзесяць гадоў таму ўкраінцы раз і назаўжды вырашылі: хочам і будзем жыць толькі ў еўрапейскай дзяржаве».
Зяленскі сказаў: «Сёння Украіна ўшаноўвае памяць пра іх подзвіг. Памяць пра тое, як украінцы ўмеюць змагацца за ўласную свабоду. На плошчах, барыкадах, а сёння — на фронце. Памяць аб тым, што ў самыя цяжкія хвіліны гісторыі мы ніколі не здаёмся. Мы адзін за аднаго».
«Шлях агульных каштоўнасцей. Роўнасць. Годнасць. Павага. Шлях нашай дзяржавы ў еўрапейскую сям'ю. І, вядома, самае галоўнае — незалежнасць Украіны. Усё гэта дзесяць гадоў таму было стымулам для людзей змагацца. Усё гэта для нас сёння стымул. Абараняць сваю зямлю», — адзначыў ён.
20 лютага 2014 года стаў самым крывавым днём падчас падзей на Майдане ў Кіеве, якія атрымалі назву Рэвалюцыі Годнасці, нагадвае «Радыё Свабода». Нягледзячы на абвешчанае перамір'е, у ноч з 19 на 20 лютага працягваліся сутыкненні пратэстоўцаў з узброеным спецназам. Раніцай у Кіеў прыбылі шматлікія аўтобусы з людзьмі з заходніх рэгіёнаў Украіны. Беркутаўцы спрабавалі прарвацца на Майдан. У 8:55 удзельнікі Рэвалюцыі Годнасці пачалі падымацца на вуліцу Інстытуцкую, каб адціснуць сілавікоў.
Толькі ў адзін дзень, 20 лютага 2014 года, былі смяротна паранены 48 мірных удзельнікаў Рэвалюцыі Годнасці, а таксама 4 супрацоўнікі органаў унутраных спраў. На сённяшні дзень агучаны не ўсе судовыя прысуды па справе аб гібелі Герояў Нябеснай Сотні 20 лютага.
Паводле звестак пракуратуры, агулам падчас Рэвалюцыі Годнасці пацярпелі 2,5 тысячы чалавек, 107 яе ўдзельнікаў загінулі — большасць з іх у лютым 2014 года. Пазней загінулых удзельнікаў пратэстаў сталі называць Нябеснай Сотняй. Паводле звестак МУС, з 18 лютага па 2 сакавіка 2014 года пры выкананні службовых абавязкаў у цэнтры Кіева таксама былі забіты 17 сілавікоў.