Іспанію чакае новы крыжовы паход

На еўрапейскую арэну збіраюцца выйсці іспанскія карлісты. Яны прапануюць забараніць фемінізм як форму маніпуляцыі мужчынамі з боку кабет-прайдзісветак, скасаваць разводы і падпарадкаваць дзяржаву суверэнітэту Хрыста.

Фота www.euronews.com

Фота www.euronews.com

Ледзь не да восені мінулага года іспанская палітычная сцэна выглядала белай варонай на фоне краін-суседак па ЕС. Нягледзячы на моцныя традыцыі франкізму і значную ролю Касцёла, у краіне за ўсе часы дэмакратыі так і не паўстаў уплывовы правы рух. Пакуль французскія або італьянскія правыя кідалі выклік сістэме, іх іспанскія аднадумцы тусаваліся пад дахам Народнай партыі (Partido Popular — PP), якая навязвала ім кансерватыўную палітычную павестку.

Канфігурацыя палітсілаў на іспанскім правым флангу змянілася, калі з маргінэзу выйшла партыя Vox. Гэта партыя паўстала яшчэ ў 2013 годзе на базе групы сябраў РР, якім не падабалася «мяккая» палітыка ўраду адносна баскскіх тэрарыстаў з ЕТА, наяўнасць у краіне нацыянальных аўтаномій плюс існуючая фіскальная схема. Схізму ў шэрагах «народнікаў» і нараджэнне Vox у прэсе тады амаль не заўважылі.

Ператварыцца ў партыю мейнстрыму Vox дапамог каталонскі крызіс. Шматлікім іспанцам не падабалася тое, што тагачасны прэм’ер Марыяна Рахой шукае дыялог з Барселонай. Запыт на больш жорсткую лінію задаволіла партыя Vox, праграма якой патрабуе ўвогуле скасаваць усе нацыянальна-аўтаномныя суб’екты. На хвалі шавінізму літаральна за тыдзень колькасць сябраў партыі вырасла на 20 працэнтаў, а сама структура стала прапісалася ў другім дывізіёне іспанскай палітыкі. Паводле сацыёлагаў, месца ў будучым парламенце ёй практычна гарантаванае.

Зацікавілася праектам Vox і секта карлістаў — прыхільнікаў аднаго з кансерватыўных накірункаў, якія вядуць радавод ад часоў так званых Карлісцкіх войнаў. У тых войнах, што тройчы выбухалі ў Іспаніі ў ХІХ стагоддзі, змагаліся лібералы і тыя самыя карлісты, якія абаранялі рэшткі феадальнай сістэмы пад соусам патрабавання зрабіць каралём прадстаўніка адной з ліній роду Бурбонаў.

Нягледзячы на тое, што карлісты прайгралі ўсе тры вайны, іх рух захаваўся да гэтага часу. Напэўна таму, што ў грамадстве не зніклі крыніцы, з якіх карлісты чэрпалі свае сілы: уплыў царквы, традыцыйныя імкненні асобных правінцый да аўтаноміі, моцныя антымасонскія настроі, народны культ герояў карлісцкіх войнаў і гэтак далей.

Да апошняга часу ўсё гэта нагадвала гульні рэканструктараў. На мінулым тыдні адбыўся з’езд вядучага карлісцкага аб’яднання — Саюзу традыцыйных карлістаў (CTC), у якім удзельнікі выступілі за тактычную падтрымку Vox. Па словах правадыроў кралістаў, партыя Vox з’яўляецца сёння «легальнай формай барацьбы супраць масонскай акупацыі, і ёй трэба надаваць падтрымку».

На думку каментатараў, пастановы кангрэсу дазваляюць запусціць працэс фармавання адзінага ўльтракансерватыўнага блоку на хуткія выбары ў Еўрапарламент. Дарэчы, гэтыя выбары, што адбудуцца ў наступную вясну, ужо зараз называюць фатальнымі для лёсу ЕС. Ёсць непакой, што еўрафобы атрымаюць у новым парламенце больш за 30 працэнтаў мандатаў. Гэта гарантуе параліч механізмаў аб’яднання.

Жывым сімвалам кансерватыўнага павароту еўрапейскай думкі можа быць якраз з’яўленне ў Брусэлі дэпутатаў-карлістаў, якія выкарыстоўваюць дыскурс, што панаваў у Еўропе, напэўна, напачатку ХІХ стагоддзя.

Карлісты прынцыпова выступаюць за ліквідацыю ўсіх партый і пераход на мадэль фактычна абсалютнай манархіі. Ім не падабаецца дазвол на скасаванне шлюбаў, паколькі гэта, маўляў, фізічна кепска для арганізму. Прапануецца забараніць фемінізм як форму маніпуляцыі мужчынамі з боку кабет-прайдзісветак. Асноўны прынцып рашэння ўсіх праблем — вяртанне старажытных парадкаў. Напрыклад, лакалізаваць каталонскі сепаратызм прапануецца за кошт вяртання краю каралеўскіх прывілеяў, якія былі скасаваныя ў 1833 годзе. У выпадку перамогі карлісты абяцаюць адразу абвясціць крыжовы паход «за рэактывацыю аўтэнтычнага ладу жыцця». Канчатковая мэта акцыі — падпарадкаваць дзяржаву суверэнітэту Хрыста: маральныя стандарты, на грунце якіх павінны складаюцца ўсе законы.

Наўрад ці лідары Vox дазволяць рэйдарскі захоп партыі з боку іспанскіх талібаў. Аднак ёсць яшчэ такая рэч, як самаідэнтычнасць шараговых актывістаў, якая ў выніку фармуе аблічча партыі. Сёння яна будуецца ў тым ліку на міфах карлістаў. Магчыма таму на мітынгу Vox 8 кастрычніка праварадыкальныя выгукі натоўпу арганізатары намагаліся заглушыць хітамі іспанскай эстрады 1960-х гадоў і дэвізам «Зробім Іспанію моцнай зноў!».

Між тым, самі карлісты яўна настроеныя на вяртанне ў вялікую палітыку. Як піша блізкае да іх выданне «Monarquia», днямі яны правялі кансультацыі з прадстаўніком Бурбонаў, якога збіраюцца пасадзіць на іспанскі трон. Паводле ўдзельнікаў перамоў, падчас сустрэчы былі абмеркаваныя дэталі, якія, калі на гэта, натуральна, будзе Божая Воля, трэба канкрэтызаваць у адпаведны час.