На «Ланцуг памяці» запрошана дэлегацыя Еўрапарламента
Мікалай Статкевіч накіраваў старшыні дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Рэспублікай Беларусь Богдану Здраеўскаму запрашэнне да ўдзелу ў традыцыйным "Ланцугу памяці", які мае адбыцца 29 кастрычніка каля будынка КДБ у Мінску.
Акцыя "Ланцуг памяці" праводзіцца 29 кастрычніка: у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС, дзе сёння размяшчаецца следчы ізалятар КДБ, былі расстраляныя больш за 130 чалавек — навукоўцаў, літаратараў, урачоў, грамадскіх дзеячаў, кіраўнікоў, работнікаў сістэмы адукацыі, будаўніцтва, прамысловасці, гандлю. Традыцыйна арганізатары заклікаюць удзельнікаў не браць з сабой нiякiх сцягоў цi плакатаў, а прыносіць толькі свечкi цi лампадкi. Нягледзячы на гэта, без складання пратаколаў, як правіла, не абыходзіцца.
"З восені 1939 па лета 1941 года ў мінскай турме НКВД утрымліваліся польскія афіцэры, службоўцы і землеўласнікі. Большасць з іх была знішчана, — адзначае ў сваім лісце Мікалай Статкевіч. — У сувязі з вышэйсказаным запрашаю Вас і іншых членаў дэлегацыі Еўрапейскага парламенту, якія разам з Вамі наведаюць Беларусь з 28 па 30 кастрычніка, узяць 29 кастрычніка ўдзел у мемарыяльным мерапрыемстве «Ланцуг памяці нявінных ахвяр НКВД» каля галоўнага будынку КГБ у Мінску.
Ваш удзел у гэтым мерапрыемстве будзе не толькі данінай памяці Вашым забітым суайчыннікам. Ён стане для беларускага грамацтва яшчэ і сведчаннем прыхільнасці членаў дэлегацыі Еўрапарламента ідэалам свабоды. Нягледзячы на кантакты з кіраўніцтвам дыктатарскага рэжыма, некаторыя з прадстаўнікоў якога з гонарам апранаюць на афіцыйныя святочныя мерапрыемствы форму НКВД".