Ад рэвалюцыі да люстрацыі

Адно з самых папулярных словаў у пераможцаў на Майдане — «люстрацыя». Дыктатар збег, рэвалюцыя скончылася, а ў выніку засталіся разруха, пустая казна і ніякай праграмы рэформ. У такой сітуацыі да ўлады пацягнуліся тыя, каго на Майдане ніхто ніколі не бачыў: байцоў з барыкад выцясняюць прафесійныя бюракратычныя баевікі.



514547_original.jpg

Парадокс, але ментальна шмат каму з майданаўцаў менавіта цяпер складаней за ўсё: у дні актыўнага супрацьстаяння было ясна, што вораг — па той бок барыкады, а цяпер ён можа стаяць побач і таксама называць сябе актывістам.

Для таго, каб адфільтраваць кар’ерыстаў і сапраўды правесці поўнае «перазавантажанне» ўлады (адзін з самых любімых тэрмінаў у праграмах майданаўскіх палітыкаў) шмат надзеяў людзі ўскладаюць на люстрацыю.

Тэрмін «люстрацыя» даўно прапісаўся ў праграмах украінскіх апазіцыйных партый. Яшчэ на пачатку 1990-х гадоў Украінская рэспубліканская партыя — першая буйная фармацыя нацыянал-дэмакратаў, абяцала ў выпадку прыходу да ўлады ачысціць дзяржаўны апарат ад сяброў КПСС. Паколькі незалежная Украіна, як вядома, узнікла хутчэй як праект былых камуністаў, прапанова так і засталася на паперы, хаця з партыйных праграм не знікла. З часам яе толькі трошкі падкарэктавалі. Цяпер, на думку шмат каго, уладныя структуры трэба вызваліць ад алігархаў і іх лабістаў, якія выкарыстоўваюць уладу ў сваіх карысных інтарэсах. Напрыклад, кіеўская групоўка «Левая апазіцыя» заклікае, каб грамадзяне з прыбыткам больш за мільён грыўняў увогуле не мелі права абірацца ў заканадаўчыя органы. «Сацыяльная люстрацыя» — так называюць яны свой праект рэформы.

На Майдане патрабаванне люстрацыі было адным з самых гучных. У якасці прыкладу можна прывесці незвычайны флэш-моб. 20 лютага, калі яшчэ цягнуліся барыкадныя баі, каля тысячы чалавек склалі сваімі целамі на асфальце слова «люстрацыя».

Канчатковая перамога Майдана дала старт непасрэдным дэбатам — як канкрэтна павінна выглядаць чыстка чыноўніцкіх шэрагаў? Тым больш, што першыя крокі ўчарашняй апазіцыі, якая дарвалася да ўлады, выклікалі падазрэнне, што Майдан 2014-га можа паўтарыць супярэчлівы вопыт Майдана 2004-га.

“Нам патрэбны тэхнакратычны ўрад, які будзе працаваць у інтарэсах народа і дзяржавы, а не партыйна-палітычных або фінансавых груп уплыву. Час успомніць слова, якое так доўга і непрыкаяна гучала прасторамі Майдана і Украіны — «люстрацыя». Два дні працы аднаго з нашых калегаў на пасадзе выконваючага абавязкі міністра (гутарка пра дырэктара МУС) ужо выклікаюць сумневы ў яго кампетэнтнасці», — сказала 23 лютага Руслана Лыжычка.

24 лютага Кола народнага даверу — арганізацыя, сябрам якой таксама з’яўляецца Руслана, прапанавала свае крытэры для чальцоў ураду. На іх думку, міністрам не могуць быць удзельнікі спісу ста багатых людзей Украіны і кіраўнікі органаў выканаўчай улады або работнікі Адміністрацыі прэзідэнта, якія займалі гэтыя пасады з пачатку 2010 года. “Мы праверым па гэтых крытэрах кожнага канкрэтнага кандыдата, якога прапануе новая парламенцкая большасць, і дакладзем вам аб выніках. Кожны чалец урада павінен атрымаць адабрэнне Майдана”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Яшчэ больш радыкальнае крыло ў выглядзе арганізацыі «Дэмакратычны Альянс» прапануе звольніць усіх чыноўнікаў — сяброў Партыі рэгіёнаў, байцоў Беркуту, суддзяў, якія выносілі вердыкты супраць Майдану і г.д. Асобы, якія трапілі ў рэестр, не змогуць займаць пасады ў органах дзяржаўнай улады або мясцовага самакіравання.

Адначасова «Дэмакратычным Альянсам» прапануецца і сістэма сталага кантролю чыноўнікаў. Напрыклад, за фармаваннем, размеркаваннем і выкананнем бюджэтаў усіх узроўняў можна будзе сачыць анлайн. Кожны плацеж, ажыццёўлены за сродкі падаткаплацельшчыкаў, будзе публічным. Зямля і аб’екты, размешчаныя на ёй, будуць інвентарызаваныя. Доступ да інфармацыі пра іх будзе вольным.

Цяжка казаць, наколькі ў Вярхоўнай Радзе будуць прыслухоўвацца да такіх заклікаў і праектаў. Аднак усім зразумела, што «народным міністрам» рэгулярна прыйдзецца рапартаваць перад Майданам. Майдан на вачах набывае стацыянарныя ўласцівасці і якасці, паступова ператвараючыся ў нейкі пастаянны фактар з функцыяй нагляду за палітыкамі, якія прыйшлі да ўлады на хвалі перавароту. Майдан на дадзены момант стаў кантрольнай і адначасова карнай структурай. Гэта мае як перавагі, так і рызыкі. Цалкам магчыма, што першы народны ўрад пры такім жорсткім кантролі будзе не самастойным і, адпаведна, не зможа запусціць шырокія структурныя рэформы, эфект ад якіх трэба доўга чакаць. Зразумела, што хуткая адсутнасць пераменаў да лепшага можа раз’юшчыць натоўп.

У гэтай сувязі палітолагі не выключаюць новага этапу рэвалюцыі і адпаведную новую канцэпцыю люстрацыі, дзе сацыяльны складнік будзе больш выразны. На сайтах ужо зараз можна натыкнуцца на праекты люстрацыі, якія хутчэй нагадваюць ідэю пакуль што мяккай экспрапрыяцыі. «Маё бачанне люстрацыі. У кожным горадзе правесці інвентарызацыю значнай уласнасці: прадпрыемствы, кватэры ў новабудоўлях, катэджы, дарагія аўто. Кожная ўласнасць, нават праз юрыдычныя асобы, мае канчатковага ўладальніка — фізічную асобу. Кожны грамадзянін Украіны мае задэклараваны і абкладзены падаткам даход, скажам па 3/5/10 гадоў. Бярэм афіцыйны даход, адымаем кошт спажывецкага кошыка — і ацэньваем магчымую правамернасць валодання. Неправамернае валоданне дзяржслужачых / суддзяў / пракурораў / міліцыянтаў павінна мець жорсткія наступствы», — чытаем на сайце выдання «Украінская праўда».

Цікава, што думаюць пра ўкраінскія дэбаты наконт люстрацыі жыхары краін, дзе такая рэформа мела месца.

Сваю думку наконт чэшскага вопыту люстрацый выказаў НЧ Юры Глаголеў — беларус, які даўно жыве ў Празе:

— На маю думку, Украіне на да­дзеным этапе люстрацыя проста неабходная. Ці дапамагло гэта Чэхіі? Сто працэнтаў. Карупцыя зараз, безумоўна, ёсць, але яна не кідаецца ў вочы і на жыццё сярэдняга класа асабліва не ўплывае. Магчыма, таму тут у асноўным сярэдні клас, жабракоў амаль няма. Усе задаволеныя, акрамя камуняк, якіх пасунулі ад кармушкі. На маё меркаванне, украінцам галоўнае цяпер — спачатку прыняць закон аб люстрацыі, а пасля казаць пра правядзенне прэзідэнцкіх выбараў, каб ва ўладу на пераможнай эйфарыі не трапілі старыя твары.