Аналітыкі прадказалі паўмільярда дыябетыкаў да 2030 года
Навукоўцы падлічылі, што да 2030 года колькасць хворых на дыябет другога тыпу ў свеце павялічыцца на сто мільёнаў чалавек і сумарна ад гэтага захворвання будзе пакутаваць 511 мільёнаў чалавек. Спажыванне інсуліну, неабходнага, каб пазбегнуць інвалідызуючых ускладненняў дыябету, пры гэтым вырасце на 20 адсоткаў.
Дыябет другога тыпу суправаджаецца сталым павышэннем узроўню глюкозы ў крыві, і як следства, павышэннем колькасці глікілыяванага гемаглабіну (захворванне дыягнастуюць пры перавышэнні парога ў 6,5 адсоткаў). Гэты тып дыябету часта характарызуецца няздольнасцю засвойваць глюкозу тканінамі з прычыны страты адчувальнасці да інсуліну. Тым не менш, у шэрагу выпадкаў у пацыентаў назіраецца недахоп інсуліну, які можна скампенсаваць увядзеннем гармона, таму, у залежнасці ад прынятай у канкрэтнай краіне практыкі, інсулін атрымліваюць да 20 адсоткаў пацыентаў з дыябетам другога тыпу.
Група даследчыкаў з ЗША, Вялікабрытаніі і Швейцарыі прамадэлявала змяненне колькасці людзей з дыябетам другога тыпу і іх патрэбы ў інсуліне з 2018 па 2030 гады. Аналітыкі выкарыстоўвалі дадзеныя Міжнароднай асацыяцыі дыябету пра сітуацыю ў 221 краіне, а таксама ўзялі для аналізу 14 когортных даследаванняў па розных краінах, у выніку чаго атрымалі статыстыку для 60 працэнтаў хворых дыябетам ва ўсім свеце. На аснове гэтай статыстыкі навукоўцы зрабілі прадказанні.
Дыябет другога тыпу часцей за ўсё асацыяваны з сядзячым ладам жыцця і залішняй вагой, а таксама з узростам, таму ўлічваючы урбанізацыю насельніцтва, старэнне папуляцый і распаўсюджванне «заходняй» дыеты, навукоўцы чакана атрымалі прырост колькасці дыябетыкаў. Калі у 2018 годзе на дыябет другога тыпу хворыя 406 мільёнаў чалавек, у 2030 годзе гэтая лічба вырасце да 511 мільёнаў. Асноўны ўклад у павелічэнне колькасці хворых унясуць тры краіны: Кітай, Індыя і ЗША. Спажыванне інсуліну пры гэтым можа вырасці на 20 працэнтаў, і максімальны прырост адбудзецца ў Азіі. Гэта запатрабуе нарошчвання вытворчасці інсуліну, асабліва ў Азіі і Афрыцы. На сённяшні дзень сусветны рынак па большай частцы забяспечваюць усяго тры вытворцы, прычым інсулін атрымліваюць далёка не ўсе, хто мае патрэбу.
Мэтай увядзення інсуліну пры дыябеце другога тыпу часта з'яўляецца зніжэнне долі глікіліяванага гемаглабіну да сямі працэнтаў. Пры больш высокім паказчыку ў хворых значна павышаецца рызыка развіцця спалучаных з дыябетам паталогій сасудаў, вачэй, нырак і нервовай сістэмы. Тым не менш, няўдала падабраны рэжым тэрапіі можа прывесці да ўскладненняў з прычыны гіпаглікеміі (рэзкага зніжэння канцэнтрацыі глюкозы ў крыві). Аўтары сімуляцыі падлічылі, што «больш выгадна» у кантэксце чаканай колькасці гадоў жыцця, праведзеных у стане непрацаздольнасці (DALYs — disability-adjusted life years) — прызначаць больш інсуліну, або павысіць планку глікіліяванага гемаглабіну да 8 працэнтаў. Аказалася, што найбольш рацыянальна пакінуць парог у сем працэнтаў для людзей маладзей 75 гадоў, а для людзей старэй — павысіць яго да 8 працэнтаў. Гэта значна скароціць колькасць ускладненняў, звязаных з гіпаглікеміяй, але нязначна павялічыць рызыку астатніх ускладненняў.
Па дадзеных СААЗ, у свеце сярод прычын смяротнасці дыябет стаіць на сёмым месцы. У людзей з дыябетам у два-тры разы ўзрастае рызыка інфаркту і інсульту. У Расіі дыябетам пакутуюць дзевяць адсоткаў насельніцтва.
Паводле nplus1.ru