У наступным годзе ў Беларусі ад гепатыту С будуць лячыць бясплатна больш за 2 тысячы чалавек

У 2019 годзе больш за дзве тысячы пацыентаў з гепатытам С пройдуць лячэнне за кошт сродкаў дзяржбюджэту. Сёлета такое бясплатнае лячэнне атрымала тысяча пацыентаў.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Лячэнне гепатыту С у больш чым 96% выпадкаў прыводзіць да поўнай папраўкі, вірус знікае. Сёння ў Беларусі больш за 30 тысяч хворых гепатытам С. У 2018 году з'явіліся праграмы, па якіх пачата лячэнне гепатыту С за кошт сродкаў бюджэту. Гэта ў тым ліку стала магчыма дзякуючы вытворчасці айчынных лекаў.
У гэтым годзе, па словах міністра аховы здароўя Валерыя Малашкі, па такой праграме за кошт бюджэту пралячылі тысячу пацыентаў.
— Для сябе на гэты год мы ставілі задачу па 1 тысячы пацыентаў. Мы правялі ім дыягностыку, вылучылі тры групы пацыентаў і праводзім лячэнне па розных схемах, закупіўшы для гэтага лекі. Гэта досыць карпатлівая праца. Падчас лячэння ідзе далейшае нагляданне пацыентаў, дыягностыка, праца з лекарам-інфекцыяністам, — распавёў Валерый Малашка.
У 2019 годзе ў праграму па лячэнні ад гепатыту С плануюць уключыць ужо больш за 2 тысячы пацыентаў. Трапіць у праграму можна праз лекара-інфекцыяніста, у якога хворыя стаяць на ўліку. Аднак такое лячэнне паказана не ўсім, таму і не ўсе хворыя на гепатыт С змогуць падключыцца да праграмы.
— Такое лячэнне не ўсім паказана, не кожны можа яго перанесці і не ў кожнага будзе эфект, — кажа міністр аховы здароўя.
Прыкладна сем-восем гадоў таму кошт лячэння аднаго пацыента абыходзіўся ў суму каля 30-40 тысяч долараў. Гэта трохмесячныя або шасцімесячныя курсы лячэння. Пасля таго як вытворчасць лекаў з'явілася ў Беларусі, кошт лячэння аднаго пацыента вар'іруецца ў раёне каля 800-900 долараў.
Паводле tut.by