«Арабская вясна» вяртаецца?

Паступае ўсё больш сігналаў аб тым, што сірыйскія падзеі могуць стаць пралогам новай рэдакцыі «арабскай вясны» — серыі антыўрадавых пратэстаў, якія ахапілі большую частку арабскага свету на пачатку ХХІ стагоддзя. Кандыдат нумар адзін — Егіпет.

egipet_1.jpg

Такім чынам, у ноч на 24 снежня ў Каіры, сталіцы Егіпта, успыхнулі масавыя пратэсты праз незадаволенасць палітыкай урада, пагаршэннем эканамічнай сітуацыі, прыгнечаннем грамадзянскіх свабод і ростам карупцыі. Пратэстоўцы скандавалі лозунг актывістаў «арабскай вясны» 2011 году: «Народ хоча зрынуць рэжым». Акрамя таго, у сваіх закліках яны абяцалі, што рэжым прэзідэнта Абдэль Фаттаха ас-Сісі абрынецца гэтак жа хутка, як дыктатура Башыра Асада.

Сапраўды, галоўная краіна-прэтэндэнт на новую рэвалюцыю на Блізкім Усходзе — Егіпет. Нагадаем, што ў 2013 годзе былы галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Егіпта Абдэль Фаттах ас-Сісі зрынуў ісламісцкага прэзідэнта Мухамеда Мурсі, які прадстаўляў групоўку «Братоў-мусульман», і стаў новым лідарам краіны.

Глядзіце таксама

Паколькі браты-мусульмане наламалі дроў у часы свайго кіравання, вяртанне да ўлады вайскоўцаў не выклікала асаблівых пратэстаў. Аднак паступова крэдыт лаяльнасці да рэжыму вайсковых выпарыўся. На сённяшні дзень у егіпецкіх турмах тамяцца больш за 65 000 палітычных зняволеных. Тысячы людзей, як дакументальна пацверджана, гвалтоўна зніклі, а катаванні ў турмах даўно ператварыліся ў частку  дзяржаўнай палітыкі. За апошняе дзесяцігоддзе Сісі фактычна забараніў пратэсты і якое-небудзь палітычнае іншадумства.

Пасля падзей у Сірыі Сісі, відавочна востра ўсведамляе, што ён стаў галоўным кандыдатам на тое, каб паўтарыць прыклад Асада. І робіць адпаведныя захады. 

23 снежня Егіпет распарадзіўся дэпартаваць сірыйцаў, якія былі затрыманыя пасля арганізацыі «вулічных святкаванняў» у Каіры з нагоды звяржэння Асада. Крыніцы ў органах бяспекі паведамілі агенцтву Reuters, што Егіпет таксама прыпыняе падаўжэнне дзейных відаў на жыхарства, выдадзеных многім сірыйцам у мэтах турызму, адукацыі або бізнесу, да завяршэння праверкі бяспекі.

Прапаганда мусіруе тэму аб змове з мэтай дэстабілізацыі Егіпта і падрыву яго ўзброеных сіл, праводзячы паралелі з сітуацыяй у Сірыі. Рыторыка рэжыму ўвесь час перасцерагае егіпцян ад пратэстаў, часта спасылаючыся на разбуральныя наступствы грамадзянскай вайны ў Сірыі, уключаючы шырокамаштабныя разбурэнні і міграцыю людзей. Фраза «лепш, чым Сірыя і Ірак» стала адной з найбольш папулярных у лексіконе мясцовых прапагандыстаў.

Трэба сказаць, што фокус не новы. Напрыклад, у студзені 2011 года, пасля падзення рэжыму прэзідэнта Туніса Зіна эль-Абідзіна Бэн Алі, егіпецкія СМІ, якія падтрымлівалі тагачаснага прэзідэнта Хосні Мубарака, тыражавалі рэфрэн «Егіпет — не Туніс», спрабуючы стрымаць пратэсты ў краіне. Аднак медыйная маніпуляцыя не дапамагла: у канчатковым выніку пратэсты прывялі да падзення Мубарака.

Сёння сітуацыя яшчэ горшая для ўлады. У адрозненне ад становішча ў эпоху Мубарака ці ў першыя дні кіравання Сісі цяпер праўрадавыя СМІ не маюць манаполіі на медыярынку.

Акрамя таго Егіпет, як і Сірыя напярэдадні падзення Асада, сутыкаецца з эканамічнымі цяжкасцямі і сацыяльнай напругай. У Сірыі палітыка Асада пакінула амаль 90 працэнтаў насельніцтва за рысай беднасці. У сваім нядаўнім каментары міністр сацыяльнай салідарнасці Егіпта прызнаў, што каля 12 мільёнаў егіпецкіх сем'яў (пад 40 мільёнаў чалавек) жывуць ва ўмовах беднасці,

Сімвалам няроўнасці стаў новы прэзідэнцкі Палац коштам каля 150 мільярдаў егіпецкіх фунтаў (3 мільярды долараў). Пакуль аб'ект будаваўся, Сісі заклікаў грамадзян трываць эканамічныя цяжкасці.

Як бачым, сітуацыя для Абдэль Фаттаха ас-Сісі  выглядае выключна трывожна. І гэта, магчыма, толькі пачатак. Ад лёсу Егіпта залежыць вельмі шмат. «Калі абрынецца Егіпет, найбуйнейшая ваенная сіла рэгіёну, то абрынецца і Алжыр, і Туніс, і далей усюды», — піша прэса.