Армяна-азербайджанскі канфлікт: пасля Карабаха — Зангезур?

Ёсць думка, што Баку не спыніцца на ліквідацыі Нагорнага Карабаха і яго інтэграцыі ў склад Азербайджана. Наступны этап экспансіі — далучэнне Сюнікскай вобласці Арменіі або, як яе называюць у Азербайджане, Зангезура.

Фота: «Sputnik»

Фота: «Sputnik»

Прэс-служба прэзідэнта Нагорнага Карабаха 20 верасня заявіла аб спыненні баявых дзеянняў і  расфарміраванні ўзброеных злучэнняў «Арміі абароны Нагорнага Карабаха». Некаторыя эксперты называюць гэты тэкст фактычнай капітуляцыяй непрызнанай рэспублікі. Але ці стане інтэграцыя Карабаха ў склад Азербайджана канцом армяна-азербайджанскага супрацьстаяння, пакуль незразумела.

Справа ў тым, што адной са стратэгічных задач Баку з'яўляецца тэрытарыяльны калідор з нахічэваньскім анклавам. Паміж імі знаходзіцца той самы Зангезур, які ўваходзіць у Сюнікскую вобласць Арменіі. Рэгіён, акрамя Азербайджана на ўсходзе і захадзе (Нахічэванская АР), на поўдні мяжуе з Іранам.

Трэба сказаць, што гэты край даўно з'яўляецца яблыкам разладу паміж Баку і Ерэванам. У Азербайджане і ў Арменіі напісана маса літаратуры аб тым, хто — армяне ці азербайджанцы — жыў раней на гэтых землях. Аднак лепш аперыраваць дакладнымі фактамі новай і найноўшай гісторыі. Пасля далучэння краю да Расійскай імперыі Нахічэвань уваходзіла ў склад Эрыванскай губерні, а Зангезур — у склад Елізаветпальскай (Елізаветпаль — цяпер Гянджа) разам з Карабахам.

Развал імперыі ў 1917 годзе запусціў працэс дзяржаўнага будаўніцтва. Аднак хутка паміж маладымі армянскай і азербайджанскай рэспублікамі пачалася вайна. Азербайджанская Дэмакратычная Рэспубліка тады прэтэндавала не толькі на Нахічэвань, але і на значную частку Арменіі, уключаючы Ерэван, у той час як Армянская Рэспубліка прэтэндавала на Зангезур і Карабах.

Супрацьстаянне суправаджалася разнёй, этнічнымі чысткамі і масавым перасяленнем людзей, што яшчэ больш заблытала сітуацыю. Невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б на Каўказ не прыйшла савецкая ўлада, якая сілай зброі ўсіх «памірыла». Хаця б на гады свайго існавання.

Аднак нават за тым часам ідэя тэрытарыяльнага адзінства Азербайджана не пакідала палітыкаў на беразе Каспія. Пытанне аб далучэнні гэтай армянскай тэрыторыі да Азербайджана ставіў Гейдар Аліеў, калі быў сакратаром кампартыі АзССР у пачатку 1980-х. У адказ ён абяцаў свайму калегу з армянскай кампартыі Карэну Дземірчану разгледзець пытанне перадачы Карабаха. Зразумела, тады ніхто ні пра што не дамовіўся. А ўжо менш як праз дзесяць гадоў пачалася вайна. Дарога паміж Баку і Нахічэванню была перарэзана.

8420039_original.jpg

Але ідэя абмену Карабаха на Зангезур не знікла. У 1992-м па даручэнні тагачаснага турэцкага прэзідэнта Тургута Азала прэзідэнту Азербайджана Аязу Муталібаву прапанавалі перадаць армянам калідор, які злучае Арменію з Карабахам у абмен на калідор паміж Нахічэванню і Баку. Муталібаў адмовіўся. Думаецца, што армяне таксама не пагадзіліся. На той час яны перамагалі на ўсіх франтах.

Тэма калідора зноў вярнулася ў палітычную дыскусію пасля паражэння армян у 2020 годзе. Па яе выніках лідарамі Арменіі, Азербайджана і Расіі было заключана трохбаковае пагадненне. Згодна з ім «Рэспубліка Арменія гарантуе бяспеку транспартных зносін паміж заходнімі раёнамі Азербайджанскай Рэспублікі і Нахічэваньскай Аўтаномнай Рэспублікай з мэтай арганізацыі бесперашкоднага руху грамадзян, транспартных сродкаў і грузаў у абодвух напрамках».

Праўда, рэалізацыя гэтых дамоўленасцей рухалася марудна, што выклікала ў Баку жорсткую рэакцыю. «Стварэнне Зангезурскага калідора цалкам адпавядае нашым нацыянальным, гістарычным і будучым інтарэсам, — заявіў, у сваю чаргу, Ільхам Аліеў.Мы ўвасобім у жыццё Зангезурскі калідор, хоча таго Арменія, ці не. Калі захоча, то вырашым прасцей, калі не захоча — вырашым сілай». Пасля гэтага спадар Аліеў пайшоў далей і заявіў, што «такім чынам, азербайджанскі народ вернецца ў Зангезур, які ў яго адабралі 101 год таму».

Логіка азербайджанскага ўрада была простая: калі Арменія не прызнае тэрытарыяльнай цэласнасці Азербайджана, то і афіцыйны Баку ставіць пад сумнеў непарушнасць меж Арменіі. Калі Арменія, апелюючы да сумнеўнай сярэднявечнай гісторыі, прэтэндуе на Карабах, то Азербайджан таксама высоўвае зваротнае патрабаванне аб вяртанні сваіх гістарычных зямель. Словы аб «вяртанні азербайджанцаў у Зангезур» у Ерэване чакана ўспрынялі як тэрытарыяльную прэтэнзію. Іх асудзіў і МЗС Арменіі, і прэм'ер Пашынян.

Так ці інакш, пасля капітуляцыі Нагорнага Карабаха Баку можа дыктаваць Ерэвану ўмовы больш рашуча. Хутчэй за ўсё, праект транспартнага калідора як мінімум будзе запушчаны. Ці могуць азербайджанцы запатрабаваць больш? У прынцыпе, хто іх можа спыніць?

Падаецца, прыйшлі часы, калі моцныя рэгіянальныя дзяржавы вырашаюць свае пытанні самі, без аглядкі на гегемонаў у Маскве або Вашынгтоне. Або імітуючы гэтую аглядку. І нельга сказаць, што гэта робіць свет больш бяспечным.