«Калі прадаеш саюзніка, трэба ўважліва глядзець па баках: ці не прадае ў гэты час хто-небудзь цябе»
Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» заўважае, што апошнім часам з малодшымі саюзнікамі Пуціна адбываюцца дзіўныя і, як правіла, не вельмі прыемныя рэчы. І раіць пэўным асобам быць больш акуратнымі з гарбатай.
Усё ж паміж мінулай і цяперашняй вайной у Нагорным Карабаху ёсць адно важнае адрозненне. Вось падчас мінулай вайны афіцыйныя саюзнікі па калектыўнай бяспецы Арменію проста кінулі. Без усякага з іх боку злога намеру. Ну, не да Арменіі было саюзнікам падчас мінулай вайны. Былі ў саюзнікаў тады справы і больш важныя.
А вось калі б гэтых спраў не было... Калі б саюзнікі тады не былі нічым важным занятыя... Яны б Арменіі ўсё роўна не дапамаглі. Вельмі саюзнікам трэба было з-за нейкай там Арменіі сварыцца з Азербайджанам, не кажучы ўжо пра Турцыю. А тут яшчэ і важныя справы. Увогуле, не да Арменіі ім было.
Але цяпер усё зусім па-іншаму. Цяпер усё наогул не так, як раней. Цяпер саюзнікі Арменію кінулі не проста так. Цяпер яны яе кінулі з сэнсам і практычнай карысцю. Не ведаю, канечне, за колькі канкрэтна прадалі. Сумняваюся, што атрымалася прадаць дорага. Але пагадзіся, што прадаць саюзніка нават танна — значна больш прыбыткова, чым кінуць яго зусім бескарысліва і бясплатна.
Прычым не толькі Пуціну, але, як я разумею, і яго малодшаму саюзніку таксама дасталася свая маленькая крыха. Вось нездарма ж малодшы саюзнік дзесяць дзён таму на сустрэчы з турэцкім паслом сказаў, што ён гатовы спрыяць турэцкаму развіццю, але дабрачыннасцю займацца не збіраецца. Што ён ад сваёй дабрачыннасці павінен мець «адпаведны вынік».
Дык цяпер зразумела, што канкрэтна ён меў на ўвазе. Хацеў таксама ўхапіць дробак з вялікага стала, на якім старэйшы саюзнік сервіраваў Арменію для Азербайджана і Турцыі.
Ну а што? Можна і дробкамі абысціся. Рабіць жа табе за гэта нічога не трэба. Трэба зусім наадварот. Нічога не рабіць. А нічога не рабіць сёй-той гатовы быў і за бясплатна. У сэнсе, усё роўна б ён нічога не рабіў, акрамя выказвання сваім МЗС заклапочанасцей. А тут можна рабіць тое ж самае, толькі ўжо не бясплатна.
Але ў продажу саюзнікаў ёсць, вядома, некаторыя непрыемныя абставіны. І я не пра маральныя абставіны кажу. Што ты! Гэты цягнік даўно ўжо сышоў. Калі наогул калі-небудзь быў. Не. Я пра тое, што апошнім часам з малодшымі саюзнікамі Пуціна пачалі адбывацца ўсякія непрыемнасці.
Спачатку Прыгожын злавіў ракету і прызямліўся з фатальнымі наступствамі. Потым Кадыраў сышоў у адпачынак, які, падаецца, становіцца бестэрміновым. Цяпер вось Арменія. Вядома, заўсёды можна сказаць, што яны першымі пачалі. Што спачатку яны праявілі нелаяльнасць, а потым ужо здарыліся ўсе гэтыя непрыемныя наступствы.
Але ж сёй-той таксама ніколі не быў Пуціну тым верным саюзнікам, які разам у горы і радасці. Сёй-той нават цяпер, калі яму ўвогуле няма куды ўжо дзявацца, страляе, бывае, вачыма на Захад. Так што калі расійская ўлада вырашыла зладзіць сабе кансалідацыю і пазбавіцца ад саюзнікаў сумнеўнай адданасці, то камусьці трэба быць вельмі асцярожным. І калі прадаеш саюзніка, уважліва глядзець па баках — ці не прадае ў гэты час хто-небудзь цябе. Ну і з гарбатай там акуратней.