Пашынян: Баку пачаў «наземную аперацыю па этнічнай чыстцы армян»
Міністэрства аховы здароўя Нагорнага Карабаху паведаміла, што ў выніку аперацыі Азербайджана 19 верасня загінулі пяць чалавек. Аднак называецца лічба і 25 загінулых. У Ерэване адбываюцца акцыі пратэсту.
Таксама цяпер у медустанове знаходзяцца 80 чалавек, з іх 15 — мірныя жыхары, пра гэта паведамляюць «Новости-Армения.»
Аднак амбудсмэн непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі паведамляе пра 138 параненых у выніку сённяшніх абстрэлаў. Раней ён казаў, што загінулі 25 чалавек — сукупна цывільных і вайскоўцаў, адзначае ВВС.
Акрамя таго, СМІ пішуць, што ў выніку баёў разбураныя або пашкоджаныя аб'екты ў населеных пунктах Мартакерт, Мартун, Аскеран, Шушынскі раёны і Сцепанакерт.
Экс-амбудсмэн Арменіі — пра пацярпелых і пра ўмовы Азербайджана
Арман Татаян, былы амбудсмэн Арменіі, які цяпер узначальвае ўласны «Цэнтр права і справядлівасці Татаян» распавёў, што на гэты момант у Карабаху вядома пра 25 загінулых (гаворка ідзе і пра цывільных, і пра вайскоўцаў разам). Двое з загуінулых — дзеці.
Параненыя дзясяткі чалавек, дакладная лічба ўдакладняецца, але каля да ста чалавек.
«Я сачыў за ўсім у рэжыме рэальнага часу. Гэта не адасоблены інцыдэнт. Гэта частка цэлай палітыкі Азербайджана, якая накіраваная на па сутнасці знішчэнне Арцаха (так армяне называюць Карабах. — Рэд). Яны [азербайджанцы] рэальна б'юць па жылых аб'ектах. Б'юць па бальніцах, па жылых дамах. Цяпер бамбяць ужо не толькі беспілотнікі, але таксама авіяцыя і артылерыя. Бамбіць пачалі ў гадзіну, калі дзеці былі ў школах і дзіцячых садках, а бацькі — на працы ці дома. І людзі пахаваліся, дзе змаглі. І некаторыя бацькі нават не ведаюць, дзе іх дзеці, таму што сувязі няма», — кажа Татаян.
У размове з міністрам абароны непрызнанай рэспублікі Татаян закрануў пытанне аб умовах Азербайджана, пастаўленых у адказ на прапанову сесці за стол перамоваў.
Гэтыя ўмовы Татаян называе «стратай усяго».
«Калі расфарміраваць усе органы, якія маюць нейкую інстытуцыйную аснову, то не застанецца ніякіх нават часціц, якія маглі б несці арганізацыйныя функцыі. І гэтыя функцыі будуць ускладзены на Азербайджан. І Азербайджан пачне кіраваць усім, што там ёсць. І гэта катастрофа сама па сабе. Я баюся вялікіх рэпрэсій. Гэта па сутнасці будзе азначаць адкрыты ўваход для Азербайджана на тэрыторыю Карабаха, а там жа столькі людзей... Азербайджан бясконца патрабуе саступак ад Арцаха. А Арцах кажа: давайце спачатку спынім баявыя дзеянні, сядзем за стол перамоваў, дзе і абмяркуем вашы ўмовы».
Пазіцыю ўладаў Арменіі Татоян назваў «непрымальнай»: «Мы павінны зрабіць усё, каб забяспечыць бяспеку народа Арцаха, таму што больш нікога няма, хто мог бы свету прадставіць іх пазіцыю».
Фота з сацсетак Hike Harutyunyan
У Ерэване пачаліся сутычкі пратэстоўцаў з паліцыяй
У Ерэване, дзе працягваюцца пратэсты, людзі паспрабавалі зладзіць штурм будынка ўрада і прарваць кардон паліцыі. Паводле інфармацыі ТАСС, заблакаваныя і выхады з расійскай амбасады.
«Будынак амбасады заблакавалі. Перад будынкам ля галоўнага ўваходу шмат дэманстрантаў. Задні ўваход таксама заблакаваны, але колькі людзей з таго боку — незразумела», — сказаў суразмоўца агенцтва.
Паліцыя пачала ўжываць супраць пратэстоўцаў светлашумавыя гранаты.
Пашынян: Азербайджан пачаў «наземную аперацыю па этнічнай чыстцы армян»
Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян выступіў са зваротам і пракаментаваў «антытэрарыстычныя мерапрыемствы» Азербайджана ў Карабаху.
«Узброеныя сілы Азербайджана пачалі абстрэл Нагорнага Карабаха, практычна ўсёй тэрыторыі, а таксама праз некаторы час пачалі аперацыю па прарыве лініі судакранання Нагорнага Карабаха і ўзяцці пад кантроль пазіцый і, па некаторых даных, населеных пунктаў у Нагорным Карабаху. Азербайджан пачаў наземную аперацыю па этнічнай чыстцы армян Нагорнага Карабаха, Арменія нікому не давала мандата на правядзенне этнічных чыстак у Нагорным Карабаху. Некаторыя сілы, як унутраныя, так і знешнія, спрабуюць уцягнуць Арменію ў вайну. Яшчэ раз пацвярджаю: Узброеных Сіл Арменіі ў Нагорным Карабаху няма. У іх гэта не атрымаецца. Як бы ні было складана, у прыватнасці, у эмацыйным плане, мы не павінны даць магчымасць некаторым сілам, знешнім і ўнутраным, паставіць пад удар армянскую дзяржаўнасць», – сказаў Пашынян.
Што вядома пра аперацыю Азербайджана ў Карабаху?
- 19 верасня Азербайджан абвясціў пра пачатак так званых “лакальных антытэрарыстычных мерапрыемстваў у Нагорным Карабаху”.
- Мінабароны Азербайджана заявіла, нібыта для эвакуацыі насельніцтва з небяспечнай зоны створаны гуманітарныя калідоры і прыёмныя пункты.
- У той жа час у Мінабароны Арменіі паведамілі, што сітуацыя на межах адносна стабільная.
- Прэм'ер-міністр Нікол Пашынян склікаў пасяджэнне Рады бяспекі ў сувязі з сітуацыяй у Нагорным Карабаху і заявіў, што Азербайджан праводзіць там этнічныя чысткі.
Што вядома пра канфлікт у Нагорным Карабаху?
Канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам вакол Нагорнага Карабаху пачаўся ў 1988 годзе. Тады, па розных даных, у выніку загінулі больш за 30 тысяч чалавек. Спыненне агню было дасягнута толькі ў траўні 1994 года.
Нягледзячы на тое, што паміж бакамі было дасягнута перамір'е, яно перыядычна парушалася. Канфлікт вакол Нагорнага Карабаху лічыцца замарожаным, але першы буйны прарыў адбыўся ў 2016 годзе.
Другая эскалацыя канфлікту здарылася ў верасні 2020 года. Тады краіны абвінавацілі адна адну ў пачатку ваенных дзеянняў. Ужо 10 лістапада Азербайджан і Арменія дамовіліся падпісаць мірнае пагадненне. Кантракт быў падпісаны пры пасярэдніцтве Расіі. На гэтым фоне ў Ерэване пачаліся акцыі пратэсту. Людзі патрабавалі ад Пашыняна сысці ў адстаўку.
У траўні 2022 года ў армянскім Ерэване зноў прайшлі пратэсты на фоне красавіцкай заявы прэм'ер-міністра Нікола Пашыняна аб магчымасці падпісання мірнага пагаднення з Азербайджанам наконт статусу Нагорнага Карабаха.
2 жніўня 2022 года Азербайджан запатрабаваў вызваліць Лачынскі калідор, які злучае Арменію з непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікай. Арменія адказала адмовай. На гэтым фоне пачалася эскалацыя канфлікту на лініі судакранання.
Мінабароны краін паведамілі аб стратах з абодвух бакоў.
25 траўня на пашыраным пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што Арменія і Азербайджан дамовіліся аб узаемным прызнанні тэрытарыяльнай цэласнасці. У сваю чаргу прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў падчас выступу заявіў, што «ў іх няма тэрытарыяльных прэтэнзій да Арменіі», хоць у двух лідараў была спрэчка наконт сітуацыі ў Лачынскім калідоры, які, як сказаў прэм'ер-міністр Арменіі, «быў захоплены азербайджанскімі сіламі» і дадаў, што існуе магчымасць дасягнення мірнага пагаднення.
Паводле www.bbc.com, www.ekhokavkaza.com, suspilne.media, сацсетак