Аўстрыйскія навукоўцы ацанілі тэрміны захавання антыцелаў да COVID-19
Навукоўцы з Медыцынскага універсітэта Інсбрука ў Аўстрыі высветлілі, што імунітэт у перахварэлых каронавірусам захоўваецца як мінімум восем месяцаў, паведамляецца на сайце універсітэта.
Даследнікі прааналізавалі тэсты на антыцелы ў перахварэлых COVID-19, зробленыя ў красавіку і лістападзе мінулага года на гарналыжным курорце Ішгль. Пасля першага даследавання амаль у 90% удзельнікаў, у якіх у красавіку былі антыцелы да каронавіруса, яны захаваліся і праз восем месяцаў.
У «адным з найбуйнейшых і самых працяглых даследаванняў імунітэту да COVID-19» прынялі ўдзел больш за 900 чалавек на курорце Ішгль, 801 з іх ад 18 да 89 гадоў бралі ўдзел у абодвух тэстах.
«Нягледзячы на невялікае зніжэнне канцэнтрацыі антыцелаў у параўнанні з першым даследаваннем, можна казаць пра адносна стабільны імунітэт. Амаль у 90% тых, хто прайшоў серапазітыўны тэст у красавіку 2020 года, антыцелы таксама маглі быць выяўленыя ў лістападзе», - распавяла вірусолаг і дырэктар інстытута Даратэя фон Лаер.
У рамках даследавання былі дадаткова правераны 93 ўзоры на наяўнасць спецыфічных імунных клетак - Т-клетак, здольных распазнаваць і выдаляць інфікаваныя вірусам клеткі. Наяўнасць клеткавага імунітэту была пацверджана ва ўзорах, у якіх тытры антыцелаў практычна адсутнічаюць ці ўжо не выяўляюцца. Такім чынам, навукоўцы не выключаюць, што імунны адказ існуе, нават калі ў тэстах больш нельга выявіць антыцелы.
tut.by