Ковідная лексіка. Як мова рэагуе на ковід і апісвае свет
Цікава назіраць за ўзбагачэннем мовы ў выніку любых узрушэнняў, носьбіты якой часта творча рэагуюць па падзеі, ствараючы цікавыя словы і словазлучэнні.
Так, новым словам ва ўсіх мовах свету сталася слова каронавірус. Слова карона набыла дадатковы негатыўны сэнс. Пазней паўстаў сінонім каронавірусу — ковід 19 ці проста ковід, акронім з ангельскай (coronavirus disease 2019). Цікава назіраць, як у беларускай мове ў тарашкевіцы слова пішацца праз -а: кавід, а ў афіцыйнай мове часцей праз -о: ковід. У афіцыйнай мове, такім парадкам, заўважаецца ўплыў расійскай і англійскай моваў — даслоўнае падабненне слова да арыгіналу. Тарашкевіца ж адаптуе замежнае слова пад эстэтыку і мілагучнасць беларускай мовы.
Паралельна сустракаюцца вытворныя ад слова ковід: ковідны (прыметнік), ковіднік (хворы) і ковідніца (хворая на ковід).
Зрэшты, кур’ёзна пазначыць гісторыю слова ковід у французскай мове: у 2020 годзе слова змяніла пол. Спачатку слова ковід было мужчынскага роду, бо падразумяваўся вірус. Але ў французскай канадскай мове слова першапачаткова было жаночага роду, бо падразумявалася, што гэта не вірус, а хвароба, а хвароба — жаночага роду. На гэта звярнула ўвагу і Французская Акадэмія, і паступова журналісты змянілі пол ковіду на жаночы, хоць і дасюль часам сустракаецца разнабой.
Варта пазначыць, што часта ковідная лексіка ва ўсіх мовах спараджае асацыяцыі з ваенным часам, ваеннымі дзеяннямі, бо апісвае глабальную санітарную вайну (закрыццё межаў, публічнага жыцця, каранцін, каменданцкі час, самаізаляцыя, розныя абмежаванні, санкцыі, штрафы), вялікія чалавечыя страты і інтэнсіўны пошук дзейнай вакцыны. Таксама ковідная лексіка ў першыя месяцы пандэміі выкрывала пэўныя ксенафобскія тэндэнцыі ў дачыненні да кітайцаў, а потым і італьянцаў, як першых носьбітаў хваробы: у амерыканскай ды іншай прэсе ковід спачатку часта называлі «кітайскай хваробай». У гісторыі чалавецтва так часта здаралася: розныя нацыі абвінавачвалі іншыя ў распаўсюдзе хваробаў. Прыгадаем «французскую» ці «італійскую хваробу» (пранцы), а таксама абвінавачванні ў бок цыганоў і жыдоў у распаўджванні мору ў Сярэднявечча. Насамрэч, гэтыя панічныя і пустыя абвінавачванні не спрыялі вырашэнню праблемаў.
Цешыць і тое, што ў мове фіксуюцца новыя слова і шмат гумару. Гумар, вядома, дапамагае ўлагоджваць дэпрэсію ад новай хваробы. Напрыклад, прыгадваецца сталае ўжо ўніверсальным у шматлікіх мовах слова каранціні (ад каранцін+марціні): кактэйль, які гатуецца і п’ецца дома падчас каранціну, калі зачыненыя бары ды клубы. У французскай ды англійскай мовах набыла вялікую папулярнасць слова ковідыёт (covidiot), якое апісвае чалавека, які не прытрымліваецца правілаў сацыяльнай дыстанцыі ў крамах, не носіць маску ці носіць яе абы-як, ставіцца скептычна да рызыкі заразіць і заразіцца ковідам. Ковідыётам у французскай мове таксама называюць панікёра ў час ковіду, які скуплівае паперу да прыбіральні і падобнае. А яшчэ ковідыётамі і ковідыёткамі называюць палітыкаў, якія ігнаруюць рызыку пандэміі.
Цікава, што і ў беларускай мове ёсць цікавы і трапны неалагізм, паўсталы падчас эпідэміі — трактарын, як чыста беларускае афіцыйнае вынаходніцтва ад хваробы, якое, праўда, ніяк і нікога не выратоўвае. Няма сумневу, гэтае слова войдзе ў гісторыю беларускай мовы і гумару.
Каронавірус, кавід, ковід, новая паляндра, мор
Апрача таго, што ў 2020 годзе пашырыўся наш лексікон, адбылася пэўная аднова старых словаў: у прэсе каронавірус часта апісваецца, як новы мор, новая паляндра ці чума, а таксама як халера і насланнё. Беларускія палітыкі да ўсяго працягнулі шэраг параўнанняў: ковід параўноўваецца і з Чарнобылем — «новы Чарнобыль», а часам на афіцыйным узроўні апісваецца як «псіхоз».
Пангалін і кажан
І хоць дасюль дакладна не вядома, як і адкуль паўстаў новы вірус, тым не менш адна з версій звязвае паходжанне вірусу з кантактам з дзікімі жывёламі — напрыклад, пангалінам і кажаном. Жывёлы лічацца носьбітамі шматлікіх вірусаў, на якія, тым не менш, самі не хварэюць, а толькі перадаюць іх іншым. Вірус, мажліва, прыйшоў у свет у выніку браканьерства і ўжывання ў медычных мэтах мяса пангаліну, бо паводле традыцыйнай кітайскай медыцыны, пангалін лічыцца вельмі каштоўнай крыніцай у лячэнні смяротных хваробаў.
Ксенафобія
Страх заразіцца каронавірусам выклікаў дыскрымінацыю людзей, якія лічацца (першымі) носьбітамі хваробы. З эпіцэнтрам вірусу, які перамясціўся з Кітая ў Італію, Еўропу і ЗША, грамадзяне гэтых краінаў (кітайцы і італьянцы) сталіся першымі ахвярамі ксенафобіі па ўсім свеце.
Маска
Аднаразовы ці часта шматразовы медычны выраб, які забяспечвае бар'ер для мінімізацыі распаўсюджвання інфекцый, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам. У часе ковіду маска сталася абавязковым штодзённым элементам гардэробу бальшыні зямлянаў — выхад з дому баз маскі выклікае непакой у астатніх людзей і вядзе да штрафу ці нават увязнення (напрыклад, ва Угандзе). Пакуль вядзецца спрэчка аб эфектыўнасці маскі ад ковіду, яна ператварылася да ўсяго ў актывісцкі, эстэцкі і дызайнерскі прадукт: маскі шыюць з розных матэрыялаў і часта выкарыстоўваюць у ідэалагічных мэтах.
Антыковідная маска, няма сумневу, увойдзе ў гісторыю, як у час паляндры ў гісторыю ўвайшла маскі моравага лекара.
Ачышчальны рэспіратар ці маска N-95
Маска для абароны ад часцінак з фільтрам, якая адпавядае класіфікацыі паветранай фільтрацыі. Яна фільтруе прынамсі 95% часцінак, якія знаходзяцца ў паветры, але не ўстойлівая да нафты і не фільтруе газы і пары.
Закрыццё публічнага жыцця
З закрыццём і спыненнем публічнай актыўнасці, грамадскага жыцця з мэтай мінімізавання распаўсюду хваробы, сутыкнуліся ўсе краіны свету. Часцей дадзеную з'яву апісваюць з дапамогай англіцызму — лакдаўн.
Зум-сустрэча і аперол-рандэву
Закрыццё і ізаляцыя прымусілі насельніцтва ў сацыяльным плане прынесці шмат ахвяраў, у тым ліку абмежаваць ці нават адмовіцца ад сустрэчаў, вечарынак і пад. Тэхналогіі, праўда, цяпер дазваляюць нам заставацца на сувязі, дзякуючы зум- ці скайп-сустрэчам і нават дзякуючы г.зв. «аперол-рандэву» арганізоўваюць сустрэчы з сябрамі ці нават рамантычныя знаёмствы.
Праца ў піжаме ці віртуальная праца
Значная частка зямлянаў цяпер і працуюць таксама ў ізаляцыі з дому — размова ідзе пра віртуальную працу ці, як часта з іроніяй называюць такую працу самі віртуальныя працоўныя — праца ў піжаме.
Каранцін ці катарзын?
Мера, якая выкарыстоўваецца для прадухілення перадачы хваробы шляхам аддзялення і абмежавання перамяшчэння людзей, якія перанеслі заразную хваробу. У многіх краінах створаны каранцінныя ўстановы для кантролю над людзьмі, якія ўязджаюць на іх тэрыторыю. Традыцыйна каранцін падразумявае 40 дзён ізаляцыі (ад французскага quarantaine — сорак). Падчас пандэміі ковіду ўрады рэдка прыбягаюць да сарака дзён — звычайна да 14 дзён. І гэта часта ўсё адно называецца каранцінам. Хоць, напрыклад, у французскай мове дзеля гэта ўжываецца юрыдычнае слова quatorzaine (чатырнаццаць), то бок двухтыднёвы каранцін — катарзэн ці катарзын.
Каранцінныя вусы
У звязку з доўгай ізаляцыяй і каранцінам, а таксама з зменай рытмаў працы, калі вялікая частка людзей працуюць з дому, змяніліся вонкавыя і вопраткавыя паводзіны людзей: мужчынам не абавязкова цяпер галіцца штодня і яны адпусцілі г.зв. «каранцінныя» вусы, бароды, шчэць. І ў мужчынаў, і ў жанчынаў назіраецца пэўная настальгія за цырульнямі і салонамі прыгажосці, а яшчэ, канечне, спартовымі цэнтрамі і пад.
(Сама)ізаляцыя
Мера прафілактыкі распаўсюджвання інфекцыйнай хваробы, пры якой заражаны чалавек вырашае аддзяліцца ад неінфекаваных людзей у перыяд заражэння хваробай.
Агеўзыя
Поўная або частковая страта смаку. Адзін з сімптомаў захворвання на ковід.
Аносмія
Поўная або частковая страта нюху. Адзін з сімптомаў захворвання на ковід.
Калектыўны імунітэт
Устойлівасць групы да распаўсюджвання інфекцыйнага захворвання, заснаваная на ўстойлівасці да інфекцыі вялікай долі асобных членаў групы. Да ўсяго некаторыя краіны (Швецыя раней) паспрабавалі дачакацца пакуль, выпрацуецца калектыўны імунітэт і дастатковая колькасць людзей у суполцы стане неўспрымальнай да хваробы альбо пры перехварэнні, альбо пры дапамозе вакцыны. Наколькі гэта эфектыўны сцэнар сказаць цяжка.
Бяспечная дыстанцыя
З пачатку эпідэміі насельніцтва было вымушана паважаць сацыяльную дыстанцыю. Гэта меры, накіраваныя на захаванне пэўнай адлегласці - звычайна 1,50 метра, часам 2 метра - з іншымі, каб знізіць рызыку заражэння. Напрыклад, урад просіць грамадзянаў не цалаваць адзін аднаго, не паціскаць руку і пазбягаць групавання.
Вітанне локцем
Вітанне локцем — гэта такая форма вітання, якая выкарыстоўваецца для падтрымання фізічнай дыстанцыі падчас пэўных эпідэміяў, у прыватнасці, падчас ковіду. Публічныя асобы, якія вымушаныя працаваць рэальна і сустракацца ўжывую, такам парадкам вітаюцца дотыкам локця да локця іншага чалавека. Мажліва, гэта пакладзе канец малагігіенічнай практыцы вітання рукой.
Каменданцкі час
Адна з мераў надзвычайнага становішча, уведзеная ўладамі ў многіх краінах (Францыя, Туніс), каб спыніць заражальнасць вірусам.
Прышчэпка / Вакцына
Вакцына, прызначаная для забеспячэння набытага імунітэту супраць цяжкага вострага рэспіраторнага сіндрому каронавірусу 2 (ВРВІ-CoV-2), віруса, які выклікае захворванне на ковід 19. На люты 2021 году 66 кандыдатаў на вакцыны праходзяць клінічныя даследаванні. Так, першай у свеце вакцынай супраць ковіду лічыцца распрацаваная расійскім Нацыянальным даследчым цэнтрам эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя Н. Ф. Гамалеі вакцына «Спадарожнік V», зарэгістраваная 11 жніўня 2020 года. Даныя аб эфектыўнасці вакцыны выклікалі розныя ацэнкі спецыялістаў і СМІ ва ўсім свеце. Праз тое, што Расія апублікавала вынікі трох фазаў выпрабавання вакцыны пазней за абвяшчэння запуску вакцынацыі, да расійскай вакцыны ставяцца досыць скептычна ў заходнім свеце. Такім парадкам, з улікам фактару празрыстасці і апублікавання ўсіх фазаў выпрабавання вакцыны першай прышчэпкай можа лічыцца сумесна нямецка-амнрыканска-кітайская вакцына «Тазінамеран».
Гідраксыхларакін
У чаканні вакцыны супраць ковіду навукоўцы шукалі лекі супраць хваробы. І адным з такіх лекаў быў гідраксыхларакін. Асабліва моцна верыў у цудадзейнасць гэтага прэпарату французскі прафесар, лекар Дыд’е Раўль. Сінтэтычная малекула хларакін выкарыстоўваецца ў лячэнні малярыі. Многія ж цяперашнія даследаванні паказваюць малаэфектыўнасць прэпарату ў лячэнні ковіду і шматлікія пабочныя эфекты.
Палын
Народная медыцына як у Еўропе, так і ў Азіі і Афрыцы прыпісвае палыну цудадзейную сілу ў патэнцыйным лячэнні ковіду. У Мадагаскары вырабляецца лекавы сродак на аснове палыну, які нібыта лечыць хваробу. У Еўропе пакуль ані пацверджаная, ані абвержаная гэтая інфармацыя.
Публічны інтым
Феномен, выкрыты ковідам і масавай віртуалізацыяй працы і публічнай сферы ва ўмовах ковіду. Блытаніна мяжы паміж прыватным і публічным праз тое, што сотні мільёнаў зямлянаў працуюць цяпер з дому, выклікала пэўныя канфузы. Так, падчас афіцыйнай зум-сустрэчы выступоўца забыў адлучыць камеру і ўстаў — усе прысутныя віртуальнай сустрэчы пабачылі выступоўцу ў пільчаку і ў майтках. Іншы вядомы прыклад з'явы публічнага інтыму — нядаўні скандал вакол літоўскага правага палітыка і дэпутата Пятраса Гражуліса. Палітык вядомы сваёй гамафобнай пазіцыяй і змаганнем за традыцыйныя каштоўнасці. Тым не менш, падчас адной афіцыйнай зум-сустрэчы ў палітыка адбыўся збой у сувязі, калі ж палітык вярнуўся да калегаў, то на экране ўсе пабачылі аголенага маладога чалавека, які дапамагаў наладзіць сувязь. Інтымнае і сакрэтнае сталася публічным і выклікала вялікі рэзананс у краіне.
Інфадэмія
То-бок інфармацыйная эпідэмія, актыўнае распаўсюджванне ілжывых і/або перабольшаных навінаў і статыстыкі пра ковід.
Трактарын
Неалагізм, створаны на аснове скептычных і наіўных сцверджанняў былога прэзідэнта Беларусі ў дачыненні да ковіду і ягонага распаўсюду ў краіне. Доўгі час ковід успрымаўся ўладай і тагачасным прэзідэнтам, як «псіхоз». І А. Лукашэнка прапаноўваў «эфектыўнае» лячэнне ад хваробы: праца, алкаголь. Ён заклікаў «труціць» вірус гарэлкай, «але не на працы».
Хатні гвалт
З моманту ўспышкі ковіду даныя і справаздачы арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ў свеце, а таксама ААН, паказваюць, што ўсе віды гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчат, і асабліва хатні гвалт, павялічыліся. Улічваючы вымушаны характар знаходжання партнёраў доўгі час разам пад адным дахам толькі павялічвае рызыку гвалту з боку мацнейшай асобы ў дачыненні да слабейшай.