Без твару і асобы. Падзеі ў Афганістане паказалі актуальнасць і вартасць фемінізму

Паняцце «фемінізм» дасюль застаецца адным з самых спрэчных і незразумелых многім як на Захадзе, так і на Усходзе планеты. Часам, на жаль, унутры саміх феміністак няма згоды і паразумення, што не спрыяе кансалідаванаму разуменню канцэпту. А яшчэ часта вельмі складана адкінуць з вачэй многіх спрадвечныя прадузятасці ў дачыненні да гэтага паняцця. Ну і, канешне, многіх проста палохаюць усе -ізмы.

1024px_women_in_burqa_with_their_children_in_herat__afghanistan.jpg


Але канкрэтныя палітычныя прыклады, сітуацыі, як нядаўнія падзеі ў Афганістане і «перамога» «Талібана» праліваюць святло і робяць зразумелым, даступным, а галоўнае вартым і карысным паняцце фемінізму для скептычных ці нават антыфеміністаў. Якраз на прыкладзе таго, што цяпер адбываецца ў Афганістане, можна так ясна зразумець і падкрэсліць вартасць і каштоўнасць не новага, але ж дасюль не састарэлага фемінісцкага паслання, якое можна працытаваць выказваннем Сімоны дэ Бавуар: «Ніколі не забывайце, што дастаткова любога палітычнага, эканамічнага ці рэлігійнага крызісу, каб правы жанчыны былі пастаўленыя пад сумнеў. Гэтыя правы ніколі цалкам не набытыя».
Так, менавіта жанчыны — палова насельніцтва Зямлі, любой краіны, у тым ліку цяперашняга Афганістана, становяцца першымі ахвярамі любой, часта мужчынскай, геапалітычнай гульні, змянення. Фемінізм, якога баяцца і не разумеюць, першым падкрэслівае гэта, першым канстатуе гуманістычную і гуманітарную катастрофу, якую так лёгка ігнаруюць краіны кшталту Расіі, Кітая і нават у некаторай ступені дэмакратыі Захаду. Здымкі са зноў прымусова загорнутымі ў паранджу афганкамі абляцелі ўвесь свет і засмуцілі чалавецтва, паставіўшы пад сумнеў не толькі крохкія правы жанчыны ў Афганістане, але нават правы жанчын там, дзе, падаецца, яны дасягнутыя значна больш і замацаваныя ў канстытуцыях. Так, менавіта фемінізм часта з'яўляецца меркай адкрытасці і дэмакратычнасці грамадства. У гэтым яго вартасць і безупынная актуальнасць.
І хоць мы, беларусы, пакуль засмучаныя сваёй бядой, нам многім зразумелая трагедыя далёкага афганскага грамадства. Як зразумелая нам многім нязменная вартасць фемінізму не толькі на прыкладзе афганскіх жанчын, але і на прыкладзе беларусак у белым, якія дасюль часам цалкам фемінісцкімі метадамі і шляхам змагаюцца за беларускую дэмакратыю.