Зноў затрымалі гомельскага валанцёра Іллю Міронава. Дапоўнена: яго будуць судзіць за майку
Пра гэта паведамляе «Вясна». Гэта не першае затрыманне актывіста ў гэтым годзе.
Іллю Міронава нядаўна ўжо затрымлівалі — 8 ліпеня пасля ператруса. Праз тыдзень ён выйшаў на волю, але застаўся ў якасці падазраванага па крымінальнай справе, заведзенай паводле арт. 289 ч.2 КК РБ «Акт тэрарызму».
Ілля Міронаў — адзін з самых актыўных валанцёраў сённяшняй Беларусі. Ён напісаў ужо больш за 2000 лістоў палітзняволеным, разам з паплечнікамі наведвае суды, збірае прадуктовыя і рэчавыя перадачы для палітвязняў і іх блізкіх, аказвае інфармацыйную падтрымку. Яго гісторыю можна прачытаць па спасылцы.
Дапоўнена: Іллю Міронава заўтра будуць судзіць за «несанкцыянаванае пікетаванне».
Падставай стала майка «Пишите письма» — гэта палічылі «несанкцыянаваным пікетаваннем».
Як піша @radiosvaboda, сёння на працэсе суддзя Віктар Казачок пытаўся, ці ведае Міронаў пра акцыю кампаніі «Страна для жизни» з заклікам павіншаваць Сяргея Ціханоўскага з Днём нараджэння 18 жніўня. Валанцёр адказаў, што не ведаў пра такую акцыю, а футболку носіць ужо некалькі месяцаў.
Суд працягнецца заўтра. Ілля на ноч застанецца ў ІЧУ.
Дарэчы, у лістападзе 2020 года супрацоўнік АУС Савецкага раёна Гомеля палічыў выяву чэрапа і скрэшчаных костак на адзенні Іллі эмблемай СС у фашысцкай Германіі і склаў пратакол па арт. 17.11 ч.2 КаАП РБ.Такім чынам, як напісана ў пратаколе, Ілля «здзейсніў распаўсюд у Сеціве экстрэмісцкіх матэрыялаў. Чэрап са скрыжаванымі косткамі прызнаны судом Цэнтральнага раёна Мінска 12 сакавіка 2018 года экстрэмісцкім матэрыялам».
Распаўсюд нацысцкай сімволікі, на думку супрацоўніка Савецкага АУСа, адбыўся ў сацсетцы ВК, куды актывіст змясціў фотаздымак з выявай чэрапа і костак на цішотцы.