Уладзіміра Гундара зноў не выпускаюць з карцара

Баранавіцкі краязнаўца і актывіст, інвалід 2 групы Уладзімір Гундар павінен быў выйсці з карцара заўтра, 18 жніўня. Але, як стала вядома сёння яго адвакату, з карцара вязня выпускаць не збіраюцца, напісала ў фэйсбуку дачка Уладзіміра Гундара. 

78297908_a4e7_4c92_869a_c0a41feeb471_w1023_r1_s_1.jpg

Уладзімір Гундар знаходзіўся ў карцары з 29 ліпеня па 6 жніўня, а потым яго фактычна адразу зноў адправілі ў карцар — паводле намесніка начальніка СІЗА-7, на тэрмін з 10 па 18 жніўня.
Як напісала дачка вязня Інга Стромская, "адвакату сказалі толькі, што заўтра тату з карцара не выведуць. У якім ён стане знаходзіцца — невядома. Адвакату ў сустрэчы адмоўлена катэгарычна!!! Страшна выказаць здагадку, што яны ад нас хаваць. У якім стане зараз знаходзіцца тата, і калі мы з ім зможам сустрэцца — невядома".
Гэты не першы выпадак, калі Уладзіміра Гундара пераводзяць у карцар. На 10 дзён ён быў адпраўлены туды 25 чэрвеня за адмову прызнаць сябе экстрэмістам. Тады вязень абвясціў галадоўку (спачатку сухую). Дачка Уладзіміра Гундара вельмі непакоілася, што тата застаўся без лекаў, «а без таблетак у яго зноў можа здарыцца гіпертанічны крыз, які ён ужо перанёс у СІЗА КДБ, а таксама ўзнікае пагроза пазбавіцца другой нагі».
Баранавіцкага краязнаўцу і актывіста Уладзіміра Гундара 20 траўня 2021 года асудзілі на 3 гады калоніі за гвалт ці пагрозу ўжывання гвалту да службовай асобы. Апроч таго, ён — фігурант справы Мікалая Аўтуховіча аб «тэрарызме», суду па якой яшчэ не было.


Уладзімір Гундар інвалід 2 групы, некалькі гадоў таму перанёс складаную аперацыю. Яму ампутавалі нагу, акрамя таго, ён мае гіпертанію і судзіннае захворванне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але падчас затрымання сілавікі прымусілі яго зняць.