Бяжы, кубінец, бяжы
Колькасць кубінскіх спартсменаў, якія бягуць у ЗША, расце ў геаметрычнай прагрэсіі. У Гаване рыхтуюць рэформу спартовай сістэмы.
Колькасць кубінскіх спартсменаў, якія бягуць у ЗША, расце ў геаметрычнай прагрэсіі. У Гаване рыхтуюць рэформу спартовай сістэмы.
Лічыцца, што традыцыю шукаць спартовага шчасця за кардонам паклаў пітчэр (так называюць аднаго з гульцоў у бейсболе) Рэне Ароха. У 1991 годзе ён збег з Кубы і змог уладкавацца ў адну з бейсбольных
каманд у Штатах. Прыклад аказаўся заразным. Толькі ў мінулым годзе краіну пакінулі 35 спартсменаў. З таго часу Куба штогод губляе маладыя таленты, на падрыхтоўку якіх пашлі гады і дзяржаўныя сродкі.
І не толькі таленты, аднак таксама імідж.
Самы вялікі канфуз у гэтай галіне адбыўся ў 2008 годзе, калі на бейсбольным турніры ў ЗША пасля першага матчу з каманды збегла палова гульцоў. На другую гульню супраць Гандураса ледзь набралася
патрэбная колькасць людзей, якія па правілах гульні мелі прысутнічаць на поле.
Апошнім вядомым уцекачом, які «прамяняў радзіму на звонкую манету» аказаўся бейсбаліст Ясіель Балак’ер. На днях пасля доўгай адысеі ён дабраўся да Фларыды, дзе цяпер
спрабуе ўладкавацца гульцом у амерыканскую прафесійную лігу MLB. Дагэтуль яму давялося амаль месяц правесці ў Мексіцы, хаваючыся ад агентаў кубінскіх спецслужб. Яны, па мясцовых законах, мелі права
затрымаць спартсмена і вывезці яго на востраў Свабоды. Бежанцу давялося тайна прабірацца на поўнач на мяжу з ЗША, дзе кубінскія грамадзяне, у адрозненні ад усіх грамадзян іншых краін Лацінскай
Амерыкі, аўтаматычна атрымліваюць палітычны прытулак.
Інфармацыя пра ўчынак Балак’ера стала трагедыяй для кубінскага бейсболу. Нягледзячы на свой 17-гадовы ўзрост, юнак быў ужо сапраўднай спартовай зоркай. Аднак цяпер яго талент будзе працаваць
на MLB. Сам ён не шкадуе. «Пакінуць сваю сям’ю і перажыць момант разлукі я нікому не пажадаў бы. Але, ведаеце, гэта таго каштавала. Цяпер перада мною адчыніўся абсалютна новы свет,
— цытуе хлопца «Miami Herald». — Мяне натхняе тое, што ўсё ў маіх руках і я маю магчымасць гуляць у лепшай у свеце бейсбольнай лізе. На Кубе я ўвесь час бы марыў
пра гэта».
Прычым, па словах Балак’ера, землякі ведаюць норавы прафесійнага спорту. Шмат хто з кубінскіх спартсменаў, якія збеглі ў Штаты раней, не здолелі адаптавацца да новых умоў, размянялі свой
зоркавы статус на Кубе на месца вядомага выключна спартовым каментатарам запаснога.
Тых, каму сапраўды ўдалося замацавацца ў складзе вядучых багатых клубаў, няшмат. Гэта прыкладна 20 бейсбалістаў, восем гульцоў у валейбол і чатыры футбаліста. Такія лічбы прыводзіць нямецкі
«Jungle World».
Аднак усе гэтыя сумныя гісторыі, якія ахвотна распавядае кубінская прапаганда, перакрывае поспех Джаэля Іглесіаса і Наэля Аргуэлеса. У 2008-м яны — гульцы нацыянальнай кубінскай юнацкай
зборнай па бейсболу па прыбыцці на адзін з турніраў у Канаду збеглі з гатэлю, дзе спынілася іх каманда. Праз нейкі час абодва падпісалі мільённыя кантракты. Думка пра тое, што можна паўтарыць такі
шлях, акрыляе маладых спартсменаў на Кубе.
А што на Кубе? Феномен спартовых перабежчыкаў доўгі час спрабавалі разумець як пракол у асабістай выхавальнай працы. Вядучыя на ТБ крытыкавалі імперыялістычную прапаганду і Ley de Ajuste Cubano
— амерыканскі закон, які дае эмігрантам з Кубы шырокія сацыяльныя правы ў Штатах (перш за ўсё, права на легальную працу).
Аднак цяпер кубінскія камуністы шукаюць новыя падыходы. У лістападзе ў газеце «Trabajadores», якая фармальна лічыцца органам прафсаюзаў, з’явіўся сенсацыйны артыкул Віктара
Мезы — легендарнага бейсбаліста, а пасля трэнера. Ён прапанаваў уладам задумацца наконт стварэння сістэмы, якая б дазваляла маладым спартсменам заключаць кантракты з прафесійнымі клубамі, не
губляючы пры гэтым кубінскі пашпарт.
«Іншыя краіны робяць падобным чынам. Чаму мы не можам паступаць так? Я думаю, што мы можам увесці патрабаванне. Праз 8 год гульні ў кубінскай нацыянальнай лізе гулец атрымлівае права
падпісваць кантракт з замежным клубам. Прычым пад кантролем дзяржаўных органаў», — лічыць Віктар.
Ходзяць чуткі, што ў кастрычніку падчас турніру міжкантынентальнага кубку на Тайвані адбылася тайная нарада Кубінскай Бейсбольнай Федэрацыі, на якой яе прэзідэнт Антоніа Кастра агучыў ідэю такой
рэформы. Больш таго, ідэю быццам падтрымалі як Фідэль, так і Рауль Кастра.
Вось яе базавыя прынцыпы: для аматараў пагуляць у замежжы ўстанаўліваюцца жорсткія падатковыя патрабаванні — 40 працэнтаў прыбытку ад кантрактаў ідуць у кубінскі бюджэт. Гуляць яны змогуць у
абмежаванай колькасці краін, з якімі ў Кубы добрыя стасункі: Тайвань, Японія, Паўднёвая Карэя, Мексіка, Італія. У ЗША, на думку афіцыйная Гаваны, кубінцам гуляць некарэктна з-за складаных
дыпламатычных адносін. Нарэшце, плануецца ўвесці квоту на колькасць гульцоў, якія маюць права стаць легіянерамі.
Усе каментатары згодныя ў прагнозах — рэформа праваліцца. Не пра Італію, або Мексіку, а выключна пра MLB мараць маладыя кубінцы.
Так ці інакш, рэформа вяртае на Кубу элементы прафесійнага спорту, які быў забаронены ў 1959 годзе. Цяперашні статус кубінскіх спартсменаў падобны на статус савецкіх. Яны прыпісаныя да нейкага
прадпрыемства, аднак там з-за напружанага графіка трэніровак і выступаў не працуюць. Акрамя заробка бонусам за добрыя спартовыя паказчыкі ім служаць не ганарары, прапісаныя ў кантракце, а падарункі
ўраду — машына або новы дом. Гэта ўсё вельмі сціпла ў параўнанні з тым, што маюць за тыя ж фізічныя высілкі атлеты ў ЗША. Смешна нават параўнаць 20–30-доларавыя заробкі кубінцаў з
замежнымі.
Тое, што зараз спрабуе рабіць Гавана, да смешнага нагадвае спробы савецкіх спартовых функцыянераў вырашыць напрыканцы 1980-х гадоў тую ж самую праблему. Таксама былі ўведзеныя жорсткія патрабаванні
для легіянераў: адпаведны ўзрост, высокі падатак з сумы кантракту і г.д. Сістэма ў выніку не спрацавала. Кантракты заключаліся ў абыход правілаў. Той жа Сяргей Алейнікаў з мінскага
«Дынама» спакойна пераехаў у Турын гуляць за «Ювентус». У выніку ўсе паступова перайшлі на заходнія схемы афармлення кантрактаў.
У гэтым плане мае рацыю нямецкі спартовы аглядальнік Ёрн Шульц. Яго прагноз: «прафесіяналізацыя кубінскага спорту і пераход на рэнтабельнасць будзе значыць развал усёй спартовай
інфраструктуры. Лепшыя кадры адразу збягуць за мяжу, аматарскі спорт без дзяржаўнай падтрымкі папросту ляснецца. Прыпыніць адток спартсменаў можа толькі радыкальнае паляпшэнне сацыяльна-эканамічных
стандартаў на Кубе».