Чаму на Шры-Ланцы ёсць міністэрства моваў

Таварыства беларускай мовы распрацавала законапраект «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы», які прадугледжвае стварэнне дзяржаўнага дэпартамента беларускай мовы.



trochmounaja_shyljda_centra_vyvucennia_tamiljskaj_movy_palicejskaj_akademii.jpg

Трохмоўная шыльда цэнтра вывучэння тамільскай мовы паліцэйскай акадэміі

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў адмовіўся ўключыць праект у план падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 год. 

А вось на Шры-Ланцы існуе нават Міністэрства нацыянальных моваў і сацыяльнай інтэграцыі.

Для большасці ланкійцаў першай мовай з’яўляецца сінгальская ці тамільская. 87% (ад амаль 17 мільёнаў ва ўзросце ад 10 гадоў) можа размаўляць па-сінгальску, 28,5% — па-тамільску, 24% — па-англійску. Сінгальская мова распаўсюджана пераважна на Шры-Ланцы, але большасць людзей, для якіх родная тамільская (70 мільёнаў), жыве ў суседняй Індыі.

Сярод таміламоўных на Шры-Ланцы вылучаюць ланкійскіх тамілаў, індыйскіх тамілаў і ланкійскіх маўраў-мусульман.

Цэйлон (з 1972 года — Шры-Ланка) стаў незалежным ад Брытаніі ў 1948 годзе. Перад тым і сінгалы, і тамілы ўдзельнічалі ў руху за замену англійскай у якасці афіцыйнай мовы Цэйлона сінгальскай і тамільскай мовамі. Але было прапанавана замяніць англійскую толькі сінгальскай (а тамільскую зрабіць афіцыйнай у таміламоўных правінцыях). Маўляў, наданне тамільскай роўнага з сінгальскай статусу можа прывесці ажно да поўнай страты апошняй, бо тамільская мова больш распаўсюджаная ў свеце.

zoni_raspa_sjudu_s_ngal_skaj_tam_l_skaj_movi.jpg

Зоны распаўсюду сінгальскай і тамільскай мовы

Колькасць ланкійскіх тамілаў у англамоўнай дзяржадміністрацыі была большай, чым іх працэнт у насельніцтве (у значна большай ступені гэта было ўласціва нешматлікім нашчадкам еўрапейска-цэйлонскіх шлюбаў і еўрапейцам). Сінгалы ж складалі там меншы працэнт. Шэраг аўтараў называе гэта праявай каланіяльнай палітыкі «падзяляй і валадар». Частка сінгалаў лічыла, што пры брытанцах ланкійскія тамілы былі ў прывілеяваным становішчы. Ёсць меркаванне, што сітуацыя, у якой дзяржаўныя пасады былі прэстыжнымі і эканамічна прывабнымі, была галоўнай прычынай прасінгальскіх заклікаў у моўнай сферы.

У пачатку 1950-х гадоў усе асноўныя партыі выступалі за раўнапраўе моваў (толькі тамільскай тады валодала 21,6% насельніцтва, 10% — ёй і сінгальскай, 2% — ёй і англійскай). Але праз некалькі гадоў ідэя адной афіцыйнай мовы ў краіне набрала моц. У 1956 годзе прэм’ерам стаў Саламон Бандаранаіке, які абяцаў выбарцам зрабіць сінгальскую адзінай афіцыйнай мовай (і выкарыстанне тамільскай «у разумных межах»). Раней гэты палітык і яго партыя выступалі за роўнасць моваў, і такі паварот тлумачаць эксплуатацыяй настрояў сінгальскага электарату дзеля яго галасоў. Партыя папярэдняга прэм’ера зрабіла такі ж разварот па моўным пытанні. За сінгальскую ў якасці адзінай афіцыйнай мовы краіны выступілі ў тым ліку многія будыйскія манахі (большасць сінгалаў — будысты, тамілаў — індуісты), хаця некаторыя манахі заклікалі да прымірэнчага рашэння. Гучаў і тэзіс, што адну дзяржаўную мову мець танней.

У 1956 годзе быў прыняты Закон аб афіцыйнай мове, абвясціўшы адзінай афіцыйнай мовай сінгальскую. Спроба прэм’ера замацаваць у законе і правы таміламоўных правалілася праз супраціў сінгальскіх экстрэмістаў. Удзельнікі сядзячага пратэсту супраць закона былі атакаваныя натоўпам сінгалаў. Тамілаў у сталіцы збівалі і рабавалі іх крамы.

Сярод іншых фактараў, што пагаршалі міжэтнічныя адносіны, было, напрыклад, засяленне ўрадам нядаўна ірыгаваных земляў на ўсходзе і поўначы краіны. Многія пасяленцы былі сінгаламі, і рэзалюцыя Федэральнай партыі, асноўнай тамільскай партыі краіны, назвала мэтай перасялення зрабіць таміламоўных меншасцю ў іх нацыянальных раёнах.

У адказ на прыняцце закона Федэральная партыя запатрабавала ў тым ліку тамільскай аўтаноміі і роўнасці тамільскай і сінгальскай моваў, партыя і прэм’ер-міністр дасягнулі кампраміснага пагаднення, якое прадугледжвала і афіцыйнае выкарыстанне тамільскай у таміламоўных правінцыях.

У 1958 годзе пад ціскам крытыкі і пратэсту з сінгальскага боку, Бандаранаіке ануляваў пагадненне. У адказ Федэральная партыя арганізавала негвалтоўныя пратэсты на поўначы і ўсходзе. Сінгальскія экстрэмісты атакавалі цягнікі, што маглі везці дэлегатаў на партыйны з’езд. Паднялася хваля гвалту супраць тамілаў. Пацярпелі і сінгалы. Многія з іх давалі прытулак тамілам, і падазраваныя ў гэтым станавіліся ахвярамі. У сваю чаргу, частка тамілаў скіравала гвалт супраць сінгалаў. З 1956 года і да грамадзянскай вайны адбыліся і іншыя антытамільскія пагромы; у ліку ахвяр былі і сінгалы.

У 1958 годзе ўсё ж быў прыняты Закон аб тамільскай мове, які гарантаваў тамілам права вучыцца на сваёй мове, здаваць на ёй экзамены на дзяржаўную пасаду (пры ўмове (а)валодання афіцыйнай мовай), перапісвацца са службоўцамі. У пераважна таміламоўных Паўночнай і Усходняй правінцыі тамільская магла выкарыстоўвацца з адміністратыўнымі мэтамі. Але тамілы патрабавалі шырэйшага ўжытку мовы, напрыклад, права перапіскі на ёй між мясцовымі і цэнтральнымі службоўцамі. Пастанова, на падставе якой павінен быў рэалізоўвацца закон, была зацверджана парламентам толькі ў 1966 годзе і не была выканана напоўніцу.

На поўначы і ўсходзе краіны ўступленне ў моц Закона аб афіцыйнай мове ў 1961 годзе было сустрэта кампаніяй пратэсту. У ёй прынялі ўдзел і сінгалы. Шматтыднёвую сядзячую забастоўку, што блакавала ўваход у адміністратыўны будынак, урэшце брутальна разагналі войскі.

udzel_n_ci_s_dzjachaj_zabasto_k_perad_adm_n_strati_nim_budinkam_u_g_dzhafna_1961_.jpg

Удзельніцы забастоўкі перад адміністратыўным будынкам у г. Джафна (1961)

У 1970 годзе быў забаронены экспарт таміламоўнай літаратуры і фільмаў з Індыі, спыненыя паездкі ў Індыю тамільскіх студэнтаў. Некалькі год дзейнічалі такія правілы прыёму ў ВНУ, што тым, хто здаваў уступныя экзамены на тамільскай, для паступлення трэба было набіраць вышэйшыя балы, чым сінгаламоўным. У 1970-я актывізаваліся тамільскія баевікі.

Канстытуцыя 1978 года і папраўкі да яе канца 1980-х паднялі статус тамільскай мовы. Сёння афіцыйнай мовай з’яўляецца сінгальская, тамільская «таксама з’яўляецца афіцыйнай мовай». Многіх, праўда, гэта «таксама» не задаволіла. Англійская мае статус мовы-пасярэдніка. Абедзве афіцыйныя мовы абазначаны як мовы адміністрацыі і судаводства па ўсёй краіне (з пазнакай, што тамільская выкарыстоўваецца гэтак на поўначы і ўсходзе). Замацавана права афіцыйна карыстацца тамільскай у сінгаламоўных раёнах і наадварот. Законы прымаюцца ці публікуюцца на абедзвюх мовах.

У 1983 годзе міжэтнічны канфлікт выліўся ў грамадзянскую вайну, у ходзе якой тамільскія сепаратысты імкнуліся стварыць незалежную тамільскую дзяржаву. Асноўнай узброенай групай сепаратыстаў (што пацярпелі паразу) сталі «Тыгры вызвалення Таміл-Ілама», прызнаныя ЕС і шэрагам іншых краін тэрарыстычнай арганізацыяй. Розныя бакі канфлікту абвінавачваюцца ў ваенных злачынствах. Вайна цягнулася па 2009 год. Па ацэнках ААН, ахвярамі вайны сталі ад 80 да 100 тысяч чалавек.

На кантраляванай «Тыграмі» тэрыторыі ажыццяўляўся моўны пурызм, афіцыйныя ўстановы адхілялі заявы не на чыстай тамільскай мове.

Прэса апошніх гадоў сведчыць, што моўная праблема яшчэ не вырашана. Напрыклад, у сталіцы цяжка знайсці добрую працу, калі не валодаеш сінгальскай, тамілам там звычайна даюць падпісваць паліцэйскія пратаколы на сінгальскай, хаця тамілы і маўры складаюць у Каломба большасць. Большасць паліцэйскіх на поўначы краіны не валодае тамільскай і г.д.

Аднак у 2010 годзе было створана міністэрства нацыянальных моваў і сацыяльнай інтэграцыі. Яго місія — фармаванне адзінага ланкійскага грамадства праз дыялог між этнічнымі групамі. Для яе рэалізацыі ўстанова ставіць перад сабой у тым ліку наступныя мэты: забеспячэнне білінгвізму ў сферы дзяржаўнага кіравання; распаўсюд шматмоўнасці; зацікаўленне этнічных супольнасцяў культурай суседзяў; заахвочванне грамадзян падаваць у адпаведную камісію скаргі аб парушэннях іх моўных правоў; распаўсюд валодання англійскай мовай; распрацоўка моўнай палітыкі.

Сродкам распаўсюду білінгвізму з’яўляюцца моўныя таварыствы, якія праводзяць навучанне сінгальскай і тамільскай мовам. Таварыствы таксама збіраюць інфармацыю па выкананні моўнай палітыкі ў пэўным раёне. Яны служаць пасярэднікамі ў канфліктах паміж прадстаўнікамі розных этнасаў і арганізуюць міжэтнічныя спартовыя і культурныя мерапрыемствы.

Міністэрству падпарадкаваны шэраг арганізацый, напрыклад, Камісія па афіцыйных мовах, што дае рэкамендацыі ў галіне моўнай палітыкі і ладзіць маніторынг выканання моўнага раздзела канстытуцыі, разглядае скаргі грамадзянаў і праводзіць моўны аўдыт. Камісія прапагандуе дзяржаўную моўную палітыку, у тым ліку праз грамадскія круглыя сталы.

Дэпартамент афіцыйных моваў у тым ліку забяспечвае афіцыйны пераклад у дзяржустановах, праводзіць атэстацыю валодання мовай і курсы мовы для службоўцаў.

З ланкійскага досведу можна зрабіць высновы. Перш за ўсё, бачна, наколькі сур’ёзная рэч моўная палітыка, да якіх страшных і руйнавальных для краіны наступстваў могуць весці пэўныя рашэнні ў гэтай галіне.

Варта было б і нам патрабаваць ад уладаў агучыць палітыку адносна развіцця беларускай мовы: з мэтамі, датамі і адказнымі асобамі.

Можна заснаваць інстытут перакладчыкаў для перакладу замежнай літаратуры і распаўсюду нашай культуры ў свеце, а таксама курсы ўдасканалення мовы для службоўцаў.