Чарльз Мэнсан: Я не шкадую і не маю сораму

40 гадоў таму адбылося самае жудаснае забойства ў гісторыі ЗША.



754dda4b1ba34c6fa89716b85d68532b.jpg

40 гадоў таму адбылося самае жудаснае забойства ў гісторыі ЗША.
Першым забілі васемнаццацігадовага хлопца, які выпадкова пад’ехаў да варот вілы. Затым надышла чарга тых, хто знаходзіўся ў пакоях. Забойцы выкарыстоўвалі халодную і агнястрэльную зброю. У адной з ахвяраў знайшлі некалькі дзесяткаў агнястрэльных раненняў у спіну, трынаццаць праломаў у чэрапе і пяцьдзесят адну нажавую рану. Жанчына, якая была на восьмым месяцы цяжарнасці, маліла захаваць жыццё яе дзіцяці, на што забойца адказала: «Мне няма да цябе справы, і мне няма справы да таго, што ты цяжарная. Лепш рыхтуйся. Ты памрэш, і мне гэта папросту абыякава». Пасля забойца прызнавалася, што думала пра тое, каб выразаць дзіця і прынесці яго Чарлі: «Як бы Чарлі ўзрадаваўся, калі б я прынесла яму дзіця, выразанае з улоння», — казала яна.
Чарлі — гэта Чарльз Мэнсан. У яго не вельмі шчаслівая біяграфія. Чарльз Мэнсан нарадзіўся ў 1934 годзе. Яго маці было толькі 16 гадоў, і яна ўжо паспела стаць алкагалічкай. Пазней Мэнсан згадваў, што яна нават хацела прадаць яго ўладальніку рэстарана за пляшку піва. Калі Чарлі было 6 гадоў, маці пасадзілі за ўзброены напад. Чарльз вымушаны быў жыць у родзічаў, якія былі не менш дзіўнымі за маці асобамі. Калі маці выйшла з-за кратаў, Чарльзу не стала лепш: яна аддала яго ў інтэрнат. Адтуль малады Чарльз неаднаразова збягаў. Падчас аднаго з такіх уцёкаў ён скраў аўтамабіль. Злодзея злавілі і адправілі на тры гады ў турму для падлеткаў.
У 1955-м Чарльз заключыў шлюб з 17-гадовай Разалі Жан Уіліс. Пара адправілася ў Каліфорнію, дзе Чарльза праз тры месяцы арыштавалі за чарговы ўгон машыны. Дзякуючы таму, што Разалі была ўжо цяжарная, яе муж атрымаў толькі ўмоўны тэрмін. Пасля нараджэння дзіцяці Разалі кінула мужа. Між тым, Чарлі падаўся ў бізнес, звязаны з нелегальнай прастытуцыяй. Хутка ён трапіў у турму за падробку чэкаў. Гэта мела для яго фатальны характар. У камеры ён зацікавіўся саенталогіяй  акультнымі навукамі. Пасля выхаду Мэнсан стаў сябрам субкультуры хіпі. Назваў сябе гуру і пачаў прапагандаваць усходнюю філасофію.
У той жа час ён пазнаёміўся з Мэры Бранер і прапанаваў ёй стаць першым сябрам ягонай камуны. Хутка групоўка атрымала назву «Сям’я Мэнсана». «Сям’я» вандравала па Каліфорніі, збіраючы ўсіх маргіналаў. Звычайна камуна займала які-небудзь пусты дом, дзе жыла нейкі час. Фонам іх жыцця былі групавы секс, наркотыкі. З часам «Сям’я» стала займацца рэкетам.
Увечары 8 жніўня 1969 года Мэнсан загадаў сябрам групы адправіцца на вілу музыкальнага прадзюсера Тэры Мэлчэла і забіць усіх, каго яны там сустрэнуць. У пакоях яны знайшлі двух мужчын і дзвюх жанчын, якіх жорстка забілі. Пасля забойцы танцавалі голымі і пілі алкаголь. Зранку з навінаў яны даведаліся, што сярод іх ахвяраў была славутая Шэран Тэйт — актрыса, жонка рэжысёра Рамана Паланскі. Яна была на восьмым месяцы цяжарнасці. На наступны дзень 9 жніўня банда ўчыніла падобную расправу над сям’ёй камерсантаў. На жываце ахвяр былі выразана слова «Вайна».
16 жніўня на ранча, дзе жыла «Сям’я Мэнсана», прыехала паліцыя. За ноч да гэтага Мэнсан забіў аднаго з сяброў «Сям’і», якога падазраваў у кантактах з паліцыяй (яго цела было рассечана на шматлікія кавалкі). Сябры «Сям’і» хуценька выдалі паліцыю праўду пра забойства на віле. Пачаўся суд, які праходзіў на фоне скандалаў і ператварыў Мэнсана ў мегазорку.
У жніўні 1970 прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан заявіў, што Мэнсан вінаваты. Ніводнае з абвінавачванняў яшчэ на той момант не было даказана, і гэта заява ледзь не прывяла да парушэння судовага працэсу. Мэнсан пракаментаваў гэту сітуацыю наступным чынам: «Вось чалавек, якога вінавацяць у забойстве сотняў тысяч чалавек у В’етнаме, і ён абвінавачвае мяне ў тым, што я здзейсніў восем забойстваў». У выніку Мэнсан апынуўся на вокладках часопісаў «Life» і «Rolling Stone». Такім чынам, гэта справа атрымала яшчэ і палітычны аспект. Праз нейкі час гісторыя «Сям’і Мэнсана» для многіх стала знакам непахіснага жадання знішчыць тагачасны палітычны рэжым.
Між тым, адвакат Мэнсана быў знойдзены забітым (яго рассечанае цела адшукалі толькі праз пяць месяцаў). Лічыцца, што за забойствам стаялі былыя сябры «Сям’і». Падчас працэсу ўсе абвінавачаныя выразалі сабе на лбу крыжы — знак таго, што яны пакінулі свет істэблішменту.
Суд, які цягнуўся два гады, закончыўся тым, што забойцам вынеслі смяротны вердыкт. Аднак у 1972 годзе Вярхоўны суд Мэнсану і кампаніі даў пажыццёвы тэрмін.
У 1975 годзе Лінэт Фром — адна з актывістак «Сям’і» — спрабавала забіць прэзідэнта Форда, за што атрымала пазней 30 гадоў. Другая фракцыя «Сям’і» падалася ў радыкальныя эколагі. Яны пасылалі карпарацыям лісты з пагрозамі.
Сам Мэнсан знаходзіцца ў турме. Яго трымаюць у адзіночнай камеры. За амаль сорак гадоў турмы ён двойчы быў аб’ектам нападу іншых вязняў. Адзін раз яго спрабаваў забіць фашыст, другі — крышнаіт. Прычым апошні абліў яго растваральнікам і падпаліў, у выніку чаго больш за палову скуры Мэнсана атрымала апёкі 2-й і 3-й ступені. Сам Мэнсан рэгулярна просіць адпаведныя структуры даць яму амністыю (апошні раз год таму).
Як ні парадаксальна, але Мэнсан кажа, што на забойства яго падштурхнулі песні «The Beatles», а менавіта песня з так званага «Белага альбому» «Helter Skelter». Чамусьці ён трактаваў яе як пасланне пра будучую вайну паміж чорнай і белай расай. У той час Мэнсан быў не адзіным, хто верыў у гэта: у шматлікіх раёнах ЗША адбываліся чорныя бунты, экстрэмісцкі рух «Чорныя Пантэры» дамагаўся ўлады чорных: «Але гэта (вайна) не пашкодзіць нікому з нас, таму што мы будзем жыць у выдатнай краіне, і толькі мы ведаем, як выжыць у гэтай катастрофе». Забойства Мэнсан разглядаў як падрыхтоўку да «Helter Skelter», як пачатак Суднага дня, які наблізіць ягоны трыумф.