Ці існуе казацкая нацыя?
Частка казакоў Усевялікага Войска Данскога перадала петыцыю Уладзіміру Пуціну, у якой патрабуе прызнаць іх як народ і даць афіцыйнае права на нацыянальнасць «казак». Гэта выклікала шырокую грамадскую дыскусію.
Сваю ініцыятыву адзін з атаманаў Павел Серыкаў тлумачыць вельмі проста: людзі стаміліся ад шырокага брэнда «казацтва», які вабірае разнастайныя, і часам надзвычай эксцэнтрычныя з’явы. Напрыклад, у інтэрнэце можна натыкнуцца на інфармацыю пра тое, што ўсурыйскія казакі арганізавалі конкурс малюнку на асфальце, або пра тое, што казакам дазволена насіць званне «сябра пажарнага». Яшчэ адно шырокае поле для падобнай дзейнасці ўзнікала пасля партыйнай рэформы ў Расіі. Толькі за год на палітычнай сцэне ўзніклі чатыры казацкія партыі або аргкамітэты: Усерасійская палітычная партыя «Казацкая палітычная партыя», Палітычная партыя «Казацкая партыя», Палітычная партыя «Казакі Расіі», Палітычная партыя «Сусветнае братэрства казацкага і афіцэрскага спецназу».
Павел Серыкаў лічыць, што пазбавіць рускае грамадства ад псеўдаказакоў можа толькі адно — прызнанне казакоў нацыяй. Па ягоных словах, пасля гэтага казацкі рух набудзе логіку і атрымае правы.
Пакуль Міністэрства юстыцыі РФ рэгулярна адмаўляе ў рэгістрацыі рэгіянальным казацкім нацыянальна-культурным аўтаноміям (НКА) ці спрабуе іх ліквідаваць, калі казакам усё ж удаецца падобныя аўтаноміі
зарэгістраваць. Мінюст матывуе гэта тым, што стварэнне НКА не ўпісваецца ў дзяржаўную палітыку ў дачыненні да казацтва і што нібы такога народа, як казакі, не існуе.
Яшчэ падчас кіравання Ельцына быў прыняты шэраг дакументаў па рэабілітацыі казакоў, аднак сваёй аўтаноміі яны не атрымалі. Лічыцца, што казакі — гэта саслоўе, аднак якія правы мае саслоўе ў
Расіі, нікому не зразумела.
На інтэрнэт-форумах Растоўскай вобласці можна сустрэць такую ацэнку дзейнасці сучасных казакоў: «Асабіста ў мяне адна асацыяцыя сучаснага казацтва — гэта п’яныя людзі ў
форме, якія хістаюцца на набажэнстве ў царкве на Вялікдзень... усё! Хай спачатку пытанне з алкагалізмам вырашаць, а потым, можа, здолеюць вырашаць і іншыя пытанні».
Магчыма, крызіс мадэлі казацкага руху паўплываў на колькасць ахвочых называць сябе казакамі. Паводле перапісу 2002 года, казакамі назвалі сябе каля 140 тысяч чалавек, а паводле перапісу 2010 года да
казакоў сябе прылічылі ўдвая менш — 67 573 грамадзяніна Расіі. З іх у Растоўскай вобласці пражывае 29 687 чалавек, у Валгаградскай вобласці — 18 452, у Краснадарскім краі —
5 261. Іншыя раскіданыя паміж рэспублікамі і краямі Паўночнага Каўказу. Пры гэтым нават афіцыйныя крыніцы ў Крамлі лічаць, што казакоў у Расіі некалькі мільёнаў.
Аднак не ўсе казакі згодныя на формулу вырашэння праблемы праз атрыманне статусу «нацыя». Гэта звязана з тым, што казацкі рух разглядае сябе часткай агульнага руху рускіх
нацыяналістаў. Ідэолагі гэтага руху бачаць у казацкім сепаратызме вушы сусветнай антыславянскай змовы.
Сайт «Русский форум» піша: «Калі прызнаць казакоў асобным народам — абывацель зразумее гэта так: «Казакі — не
рускія». Пры гэтым некаторыя тэарэтыкі казацкага народа гэтага і не хаваюць, сцвярджаючы: мы не можам быць рускімі, паколькі казакі фармаваліся з запарожцаў, з горскіх народаў, калмыкаў і
г.д. Што будзе азначаць прызнанне казакоў асобным народам? Ланцужковую рэакцыю — з рускай нацыі пачнуць вылучацца спачатку сібіракі, паморы і ўсякія інгерманландцы, а затым мы пойдзем
дзяліцца, баюся, на ўслякіх крывічоў, радзімічаў, палян і драўлян. Іншымі словамі, назад — у сляпую і глухую архаіку. Калі даць волю ўсім гэтым ідыётам, яны канчаткова знішчаць Рускую
цывілізацыю. Самі ж рускія (частка іх) у дадзеным выпадку дапамагаюць англасаксонскім цэнтрам!»
Такога кшталту падазрэнні яшчэ больш узмацніў канфлікт Серыкава з уладамі, якія даюць зразумець, што не ў захапленні ад яго ініцыятываў. Так, мітынг у абарону петыцыі да Пуціна мэрыя
Новачаркаска дазволіла праводзіць толькі ў прамзоне.
У гэтым канфлікце антыпуцінскія лібералы адназначна падтрымалі прыхільнікаў канцэпцыі казацкай нацыі. Адзін з блогераў нехта Polina піша: «Папросту звычайных казакоў улада баіцца. Калі
“ряженые, кшталту Вадалацкага (адзін з лідараў праўладных казакоў), якіх можна прыгнаць на пуцінскія мітынгі і прымусіць галасаваць за антынародных дэпутатаў — гэта добрыя для ўлады
казакі. А калі яны вырашылі самі на мітынг выйсці, іх адразу — у няблізкі свет».
Дарэчы, сярод саміх казакоў паступова ўсё больш папулярнай робіцца думка, што крамлёўская адміністрацыя сапраўды баіцца адраджэння казакоў па ідэйных меркаваннях. Таксама, як, дарэчы, у царскія часы.
І тады, і цяпер, як піша сайт «Казацкая нацыя», Маскву палохала «захаванае на ўзроўні менталітэту пачуццё народаўладдзя і вольнага народа — «усвядомленыя
ўсімі казакамі патрэба і здольнасць арганізоўваць сваю вайсковую ваенна-грамадзянскую ўладу і грамадскае жыццё на прынцыпах казацкага народаўладдзя».
Праўда, тыя ж казакі часта спісваюць адсутнасць кансенсусу з цэнтрам на каўказскае лобі. «Нельга цалкам выключыць версію, што за гэтым зацятым нежаданнем (прызнаць казацкі этнас) стаіць
адміністрацыйны рэсурс нацыянальных рэспублік Паўночнага Каўказа, а таксама фінансавы патэнцыял Паўночна-каўказскіх дыяспар у Маскве. У гэтым сэнсе Крэмль дзейнічае, магчыма, па засвоеным яшчэ з 1917
года шаблоне: вырашаць праблему забеспячэння палітычнай лаяльнасці народаў Каўказа ў тым ліку і генацыдам казацкага насельніцтва (казакі ішлі ў авангардзе царскай каланізацыі Паўночнага
Каўказа)», — піша «Казацкая нацыя».
Атаманы пужаюць Крэмль, што вынікам цяперашняй палітыкі на адрас казацтва стане «страта Расіяй ужо ў сярэднетэрміновай перспектыве ўсяго рэгіёна Каўказа пры больш-менш сур’ёзным
унутраным крызісе ці пры больш-менш адчувальным штуршку звонку».
Аднак ці не наблізіць такую катастрофу прызнанне казакоў нацыяй? Гаворка не пра тое, што такая рэформа ажывіць сепаратысцкія рухі іншых этнасаў. Хутчэй, у Крамлі баяцца
з’яўлення новых кропак міжэтнічных канфліктаў на Кубані і Доне.
Ідэолагі казацкай нацыі бачаць свой праект выключна праз прызму мінулага: «Аднаўленне рэальнага этнасацыяльнага статуту казакоў немагчыма без аднаўлення самабытнай казацкай палітычнай
культуры на карэнных казацкіх землях. Толькі казацкая палітычная культура можа зноў аднавіць сапраўдны казацкі ўклад жыцця, а з ім і здольнасць сучасных казакоў да эфектыўнага вядзення хутарскіх
гаспадарак дый ваеннай мабілізацыі таксама».
Аднак як можа існаваць самабытная казацкая культура без прававых і палітычных забабонаў часоў Вялікага Войска Данскога, а дакладней, без сацыялізацыі зямлі (яна належала казацкаму кругу), права
казакоў на нашэнне зброі, абмежавання ў правах неказацкага насельніцтва, вяртання ў склад казацкай вобласці тэрыторый, якія пасля яе ліквідацыі адышлі да суседніх рэгіёнаў. Пытанняў, як бачым,
шмат.
Аднак галоўнае, што выклікае скепсіс у гэтым праекце, — рэтраспектыва апошніх спробаў казакоў дасягнуць большай аўтаноміі. Падчас параду суверэнітэтаў і распаду СССР сярод іншых казацкіх
дзяржаўных адзінак у кастрычніку 1991 года было абвешчана аднаўленне ў якасці суб’екта РСФСР Данской Казацкай Рэспублікі са сталіцай у Новачаркаску. Стварэнне казацкай рэспублікі падтрымаў
II Вялікі Круг Саюзу казакоў, які прайшоў 7–10 лістапада 1991 года ў Стаўрапалі на фоне абсалютнай слабасці цэнтральнай улады. Аднак у выніку нічога не атрымалася. Калі ўжо
тады, у часы масавага энтузіязму і мабілізацыйнай гатоўнасці насельніцтва, не ўдалося рэалізаваць казацкі праект, то наколькі рэальна вярнуць да яго шырокі інтарэс цяпер, тым больш, калі само
казацкае асяроддзе неаднароднае?
Адказ на гэты пытанне, магчыма, мы атрымаем пасля таго, як пачуем рэакцыю грамадства на петыцыю казакоў да Пуціна.