Ці трэба баяцца Цыпраса?

У Еўропе хапае прыхільнікаў таго, што грэчаская леварадыкальная партыя «Syriza» — прайдзісветы, апартуністы і нават тайныя агенты сусветнага капіталу.



syriza1.jpg

Шматлікія дэмакратычныя медыя СНД адрэагавалі на навіны з Грэцыі, дзе па выніках выбараў 25 студзеня да ўлады прыйшлі левыя радыкалы, мінорнымі загалоўкамі. Але гэта кантрастуе з артыкуламі заходніх СМІ. Там больш скептычна ставяцца да антыкапіталістычных лозунгаў, якія гучаць на мітынгах партыі Алексіса Цыпраса. Напрыклад, «Financial Times» (рупар інтарэсаў буйнога бізнесу) ацэньвае праграму «Syriza»  як вельмі рэфармісцкую. 

Больш крытычна ацэньваюць Цыпраса левыя СМІ і палітыкі. У інтэрв’ю нямецкаму выданню «Unsere Zeit» адзін з лідараў грэчаскай Кампартыі характарызуе чальцоў «Syriza» як купку дэмагогаў, якія гуляюць на антаеўрапейскіх тэмах: «Палярызацыю ў Грэцыі адносна ЕС нельга чакаць, паколькі дзве асноўныя партыі, якія змагаюцца за фармаванне новага ўрада («Новая дэмакратыя» і «Syriza»), з’яўляюцца прыхільнікамі Еўрасаюзу. Напрыклад, Алексіс Цыпрас заявіў наступнае: «Наша краіна належыць да Захаду, ЕС і NАТО. Мы не ставім гэта пад сумнеў».

Іншае левае нямецкае выданне «Jungle World» апублікавала цікавую падборку выказванняў Цыпраса па вельмі актуальнаму ў Грэцыі царкоўнаму пытанню (праваслаўная царква ў Грэцыі мае шмат падатковых ільготаў, з’яўляецца буйным землеўласнікам). 

Раней, калі «Syriza» была маленькай левай партыяй, якая імкнулася пераадолець трохпрацэнтны бар’ер і жадала атрымаць галасы левага электарату, Цыпрас пазіцыянаваў сябе як атэіст. Аднак, каб атрымаць галасы вернікаў, Алексіс у сярэдзіне жніўня здзейсніў трохдзённае паломніцтва ў міні-дзяржаву праваслаўных манахаў на Святой гары Афон. Асноўныя тэмы гутарак з манахамі шырока асвятляліся ў прэсе: «Манахі падзякавалі спадару Цыпрасу за абяцанне падтрымаць іх патрабаванні па спрашчэнні падаткаабкладання». Іншыя тэмы, такія, як падзел царквы і дзяржавы ці скандал вакол участкаў дзяржаўнай землі, якую манастыры часта захопліваюць, не абмяркоўваліся.

Прыліў лаяльнасці да царквы лідар «Syriza» растлумачыў вельмі арыгінальна. На яго думку, манахі Афону, якія, дарэчы, валодаюць каласальнымі сумамі грошай і нерухомасцю па ўсёй Грэцыі, падобныя на сапатыстаў (рух паўстанцаў-індзейцаў у Мексіцы). Маўляў, да такога арыгінальнага параўнання ён прыйшоў, пасля знаёмства з іконай Божай маці, якая лічыцца ахоўніцай Афону. Перад ёй Алексіс правёў у адзіноце дзесяць хвілін.

Пасля наведвання святой гары Цыпрас знайшоў час для размовы з Рымскім Папам Францыскам. Пасля сустрэчы леварадыкальны палітык заявіў, што пазіцыі левых вельмі блізкія да пазіцый каталіцкай царквы. Паводле афіцыйных прэс-рэлізаў, суразмоўцы пры сустрэчы абмеркавалі такія тэмы, як бедната, эміграцыя, эканамічны крызіс, блізкаўсходні канфлікт і ў выніку дамовіліся пра агульныя кампаніі супраць усіх гэтых формаў зла.

Існуе шмат плётак і пра кантакты «Syriza»  з буйным капіталам. Напрыклад, ёсць спекуляцыі наконт таго, што партыя Алексіса дапамагла захаваць адзін з буйных партоў у руках алігарха, які ў сваю чаргу дапамог партыі на мясцовых выбарах мінулай вясной. Напярэдадні тых жа выбараў Цыпрас таемна сустракаўся з вядучым медыя-магнатам Грэцыі. Змест перамоў так і застаў таямніцай для шараговых актывістаў партыі, што прымусіла некаторых з іх апублікаваць адкрыты ліст пратэсту ў левай газеце «Unfollow».

Цыпрас праігнараваў ліст. Затое ад медыйнай вайны супраць «Syriza» не засталося і следу. На працягу кампаніі ў вядучых прыватных СМІ не было матэрыялаў з сур’ёзнай крытыкай праграмы і кандыдатаў ад партыі леварадыкалаў.

Падазрэнні яшчэ больш узмацніла кааліцыя «Syriza» з правай партыяй «Незалежныя грэкі» (ANEL). Нагадаем, што без блоку з ANEL у Цыпраса не было патрэбнай колькасці мандатаў для фармавання ўраду. 

Партыя Панаса Каменаса «Незалежныя грэкі» была створана напачатку 2012 года як чарговы адкол ад кансерватараў з-за нязгоды наконт пакету дапамогі Грэцыі з боку ЕС-МВФ.

Менавіта крытыкай з боку ANEL згаданых фінансавых устаноў «Syriza» тлумачыць свой выбар. «Незалежныя грэкі» таксама патрабуюць спісання большай часткі грэчаскага доўгу і скарачэння падаткаў для прыцягнення інвестыцый, стварэння працоўных месцаў і фінансавання дробных кампаній.

Аднак адначасова ANEL ішла на выбары з рэзка антыімігранцкімі прапановамі. Партыйная праграма ўключала пункт пра тое, што прадстаўнікоў нетытульнай нацыі ў краіне мае быць не больш за 2,5% ад усяго насельніцтва. Партыя выступала за турмы «максімальнай бяспекі» ў аддаленых і ізаляваных мясцовасцях, масавую дэпартацыю ўсіх нелегальных імігрантаў і нават іерархію «пераваг» у іміграцыі — пускаць у краіну толькі мігрантаў з Захаду і Лацінскай Амерыкі. Панас Каменас таксама праславіўся сваімі скандальнымі тырадамі накшталт таго, што трэба «прымусіць яўрэяў плаціць падаткі».

«Жаданне кіраваць і руліць прымушае ўсіх палітыканаў — ці то яны правыя, ці то левыя — хутка забываць пра свае прынцыпы і абяцанкі. Такі кошт прыходу да палітычнай улады, які патрабуе ад палітыкаў пачвара дзяржавы», — канстатуе адно з анархісцкіх грэчаскіх выданняў. Французскае выданне «Le Monde Libertaire» увогуле лічыць, што Цыпрас з яго ўмеранай праграмай — новыя Франсуа Аланд, чыя асцярожная палітыка дыскрэдытавала французскую левую ідэю.

Але давайце не будзем спяшацца. Па-першае, левыя партыі і палітыкі, як і іх правыя візаві, знаходзяцца ў стане канкурэнцыі і ахвотна паліваюць адзін аднаго брудам. Па-другое, трэба пачакаць канкрэтных крокаў новага кабінету. Дарэчы, пачала «Syriza» вельмі жвава. Вось спіс справаў ураду Алексіса Цыпраса за 27 студзеня (першы дзень знаходжання ва ўладзе): прадстаўленне грамадзянства ўсім дзецям імігрантаў, якія нарадзіліся ў Грэцыі, замарожванне прыватызацыі порта Пірэй кітайскай кампаніяй, аднаўленне ў ВНУ студэнтаў, якія з-за таго, што працуюць паралельна вучобе, не паспелі здаць апошнюю сесію.